Як паведамляе тэлеграм-канал Генэральнай пракуратуры, Арастовіч «не пазьней за 17 сакавіка 2022 году запісаў і разьмясьціў у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт відэаролік з публічнымі заклікамі да ўчыненьня актаў тэрарызму і дывэрсій на аб’ектах Беларускай чыгункі, учыненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
У сваім відэазвароце Арастовіч, сярод іншага, заклікаў да «рэйкавай вайны».
Паведамляецца, што справа накіраваная ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Раней у Беларусі ўжо заводзілі крымінальныя справы на грамадзянаў іншых краінаў:
- на польскага судзьдзю Дарыюша Любоўскага, які апраўдаў Сьцяпана Пуцілу і назваў Лукашэнку псыхапатам;
- на мэра Рыгі Мартыньша Стакіса, які замяніў чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы на Чэмпіянаце сьвету па хакеі;
- на мэра ўкраінскага гораду Дніпро Барыса Філатава за тое, што ён дазволіў моладзі ў сваім горадзе таксама памяняць дзяржаўны сьцяг РБ на нацыянальны беларускі.