Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніводная АЭС у сьвеце не разьлічаная на абарону ад ракеты „Іскандэр“». Украінскі экспэрт пра рэальнасьць «новага Чарнобылю»


Чым небясьпечная захопленая расейскімі войскамі Чарнобыльская АЭС з пашкоджанай высакавольтнай лініяй электраперадач, якая забясьпечвала энэргіяй усе ядзерныя аб’екты Чарнобыльскай АЭС і зоны адчужэньня, а таксама горад Славуціч?

Выканаўчы дырэктар грамадзкай арганізацыі «Экаклюб» Андрэй Мартынюк, украінскі экспэрт з гораду Роўна, дзе таксама ёсьць АЭС, мяркуе, што самая вялікая пагроза, якая існуе ў Чарнобылі, — гэта так званыя «басэйны вытрымкі».

«Калі працуе рэактар, пастаянна адбываецца рэакцыя, і са сьвежага ядзернага паліва атрымліваецца адпрацаванае. І хоць непрафэсіяналу можа здавацца, што яно менш небясьпечнае, гэта ня так. Насамрэч адпрацаванае мае ў тысячы разоў большую небясьпеку, чым сьвежае.

Калі мы бачым часам у мульціках, як ад радыяцыі адбываецца „сьвячэньне“, — яно ад адпрацаванага ядзернага паліва, якое зьяўляецца сыравінай для вытворчасьці ядзернай зброі. І гэта адпрацаванае ядзернае паліва павінна гадамі захоўвацца ў басэйнах вытрымкі, пакуль у ім істотна ня зьнізіцца ўзровень радыяцыі ў выніку радыяактыўнага распаду. У гэтых „басэйнах вытрымкі“ пастаянна павінен падтрымлівацца пэўны ўзровень дастаткова халоднай вады, каб так званыя паліўныя зборкі, ТВЭЛы, не награваліся і не распраўляліся. Менавіта для гэтага патрэбна нармальнае энэргазабесьпячэньне».

А на Чарнобыльскай АЭС супрацоўнікі вымушаныя ўключаць аварыйныя дызэль-генэратары для падтрымкі ўсіх сыстэм бясьпекі.

«Прабачце, што не магу вас суцешыць»

Андрэй Мартынюк
Андрэй Мартынюк

Экспэрты даюць розныя ацэнкі рызыкаў у выпадку, калі спыніцца энэргазабесьпячэньне, кажа Андрэй Мартынюк. І прыводзіць прыклад: адмыслоўцы МАГАТЭ сказалі, што ня будзе ніякіх дастаткова сур’ёзных інцыдэнтаў з радыяактыўнымі выкідамі. А ягоная калега, экспэртка Вольга Кашарна з Кіева, апублікавала цытаты са справаздачы па бясьпецы гэтага сховішча ядзерных адкідаў, дзе наўпрост напісана, што ў выпадку адключэньня энэргазабесьпячэньня спачатку вада нагрэецца, потым выпарыцца, і магчымыя два вельмі небясьпечныя сцэнары.

«Прабачце, што не магу вас суцешыць, але магчымыя такія два сцэнары.

Першы: адбудзецца назапашваньне вадароду ў выніку ядзерных і хімічных рэакцый (найперш хімічных), і можа адбыцца выбух вадароду, як гэта здарылася на Фукусіме.

Другі сцэнар больш страшны. У гэтай справаздачы пазначана, што пры выпарэньні вады і расплаўленьні ядзернага паліва можа адбыцца самаадвольная ланцуговая ядзерная рэакцыя. І гэты сцэнар магчымы.

Прасьцей кажучы, нават калі вада выпарыцца і вадародны выбух не адбудзецца, то магчымы ядзерны выбух у выніку таго, што гэтае паліва расплавіцца, і такім чынам будзе сфармаваная ядзерная бомба».

«Заявы Лукашэнкі і расейскіх акупантаў праверыць цяжка»

Ва Ўкраіне ёсьць Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня, — незалежны орган, які займаецца наглядам, сярод іншага, за атамнымі станцыямі. Аднак цяпер у гэтай інспэкцыі няма дадзеных ад датчыкаў па радыяактыўных узроўнях, фоне, кажа Андрэй Мартынюк.

«Аднак калі пачалася вайна, то, паводле інфармацыі гэтай інспэкцыі, радыяактыўны фон павысіўся: магчыма, з прычыны праходжаньня цяжкой вайсковай тэхнікі. Дакладна сказаць, што адбываецца цяпер на ЧАЭС, на жаль, немагчыма. Заявы Лукашэнкі і расейскіх акупантаў пра тое, што яны нібыта аднавілі энэргазабесьпячэньне, таксама праверыць цяжка. Таму што падключэньне з боку Беларусі не пацьверджана Інспэкцыяй ядзернага рэгуляваньня і нацыянальнай кампаніяй „Укренерго“. Цяпер туды падвезьлі дызэльнае паліва, каб працягнуць аварыйнае энэргазабесьпячэньне басэйна вытрымкі. На дадзены момант аднаўленьне энэргазабесьпячэньня вядзецца пад наглядам альбо сіламі супрацоўнікаў МАГАТЭ», — паведаміў Андрэй Мартынюк.

«Ня дай божа, ракета прамажа ці яе саб’юць, і яна ўпадзе на АЭС — наступствы непрадказальныя»

Андрэй Мартынюк лічыць, што неабходныя калясальныя высілкі, каб расейцы перасталі выкарыстоўваць ядзерныя аб’екты як сродкі абароны.

«Расейскія акупанты і на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС, і на Запароскай АЭС разьмяшчаюць тэхніку і жывую сілу, магчыма, лічачы, што ў кірунку атамных станцый страляць ня будуць. Гэта, на мой погляд, ядзерны тэрарызм. Яго неабходна спыніць міжнароднымі высілкамі.

Непадалёк ад Ровенскай АЭС быў нанесены ракетны ўдар, на адлегласьці ў некалькі дзясяткаў кілямэтраў. І калі, ня дай божа, ракета прамажа ці яе саб’юць, і яна ўпадзе на АЭС, наступствы непрадказальныя, невядомыя.

Бо ніводзін украінскі блёк, ніводзін камэрцыйны атамны блёк у сьвеце не разьлічаны на абарону ад ракеты „Іскандэр“ ці якойсьці іншай», — кажа Андрэй Мартынюк.

  • Ва Ўкраіне працуюць чатыры АЭС з 15 энэргаблёкамі. Запароская АЭС з 6 энэргаблёкамі — найбуйнейшая ў Эўропе. Таксама працуюць Ровенская, Хмяльніцкая, Паўднёва-Ўкраінская АЭС. На тэрыторыі краіны знаходзіцца і Чарнобыльская АЭС.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG