Спыталіся ў беларускага вэтэрынара, стваральніка тэлеграм-каналу ВетИнфо Антона Шаменкава, як вывезьці жывёл за мяжу, зьменшыць стрэс і дапамагчы ім у зоне баявых дзеяньняў.
Вэтэрынар Антон Шаменкаў разам з жонкай Ганнай стварылі валянтэрскі праект, каб дапамагаць гадаванцам беларусаў за мяжой. Цяпер пара кансультуе беларусаў і расейскамоўных эмігрантаў па ўсім сьвеце, а таксама ўкраінцаў, якія цяпер са сваімі жывёламі апынуліся ў зонах баявых дзеяньняў.
Што зрабіць, каб вывезьці жывёлу за мяжу?
У тэлеграм-канале ВетИнфо цяпер шмат інфармацыі, як вывезьці сваіх гадаванцаў у розныя краіны. Антон апавядае, што неабходна, каб выехаць зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу.
«Усё ня так складана, як падаецца. Спачатку трэба купіць пашпарт, лепш за ўсё гэта зрабіць у дзяржаўнай вэтэрынарнай станцыі. Пасьля паставіць чып — гэта капсула, у якой утрымліваецца інфармацыя пра жывёлу, стан яе здароўя. На мяжы счытаюць інфармацыю і занясуць у міжнародную базу, каб іншыя краіны маглі бачыць, якая жывёла да іх заяжджае. Далей трэба зрабіць вакцыну ад шаленства, якую абавязкова патрабуюць краіны Эўразьвязу. Пасьля вакцынацыі неабходна будзе пачакаць 21 дзень карантыну, бо калі паехаць раней, вас проста ня пусьцяць за мяжу».
Наступны крок — сэртыфікат.
«За дзень да выезду за мяжу вам трэба зноў пайсьці ў дзяржаўную вэтэрынарную станцыю і ўзяць спэцыяльны сэртыфікат, у якім будзе паказаны бягучы стан здароўя гадаванца. Ён дзейнічае толькі суткі. Узялі гэтую паперу і паехалі, нічога складанага няма. Адзіны момант: Эўразьвяз патрабуе адну вакцыну ад шаленства, але калі чалавек плянуе вярнуцца ў Беларусь, то беларускія памежнікі ўжо спытаюць астатнія вакцыны, якія павінны быць у пашпарце. Часьцей за ўсё гэта вакцыны ад чумы, панлейкапэніі, адэнавіруснага грыпу — карацей, вірусных хвароб. У Эўропе іх не патрабуюць, а вось Беларусь — так. Гэта ўсе правілы».
Любая зьмена месца жыхарства, пераезд у транспарце — вялікі стрэс для жывёлы, адзначае Антон.
«Ёсьць спосабы зьменшыць гэты стрэс. Часьцей за ўсё — гэта прымяненьне заспакаяльных лекавых сродкаў. Загадзя трэба схадзіць у вэтэрынарную аптэку, сказаць фармацэўту, што вы зьбіраецеся пераяжджаць, і вам выдадуць адмысловыя лекі. Лепш пачаць прыём за пару дзён да выезду, каб жывёла трохі прызвычаілася, супакоілася. Вядома, трэба яшчэ максымальна блізка быць з самім гадаванцам, старацца трымаць яго на руках, размаўляць зь ім. Трэба, каб была знаёмая пераноска, у якой ён пастаянна знаходзіцца, калі кудысьці едзе з гаспадаром, нейкія коўдры, пледы, — усё павінна быць знаёмае, нічога новага. Гэта стандартныя правілы, якія дазволяць зьменшыць стрэс. Але яны не заўсёды дапамагаюць».
Таксама шмат людзей турбуюцца за сваіх гадаванцаў у выпадку пералётаў на самалёце, бо іх могуць адправіць у багажны аддзел.
«Гэта правілы, якія абыйсьці ніяк нельга. У гэтым выпадку можна зноў-такі выкарыстоўваць заспакаяльныя прэпараты, каб жывёла магла перанесьці гэтую паездку. Але перадусім удакладніце ў той авіякампаніі, якой паляціце, правілы праезду гадаванцаў, бо ва ўсіх яны розныя. І дзесьці 8 кіляграмаў — гэта дапушчальная вага, каб узяць на борт самалёта, а дзесьці трэба меншая. Варта ўдакладняць, каб не было нечаканасьцяў».
«Сабачка ці коцік павінны адчуваць абарону»
Гэта базавыя рэчы, якія можна зрабіць у ідэальным варыянце, калі ёсьць магчымасьць падрыхтавацца і спакойна пераехаць, кажа Антон. Але ва Ўкраіне цяпер вайна, людзі ў наймацнейшым стрэсе, адпаведна, цярпяць і іх гадаванцы.
«Жывёлы абсалютна ўсё пераймаюць ад гаспадароў. Ім пастаянна даводзіцца спускацца ў прытулак ад бамбёжак, гэта моцна ўплывае. Наш канал акурат займаецца дапамогай у такіх выпадках. Людзі зьвяртаюцца, кажуць, напрыклад, сабака 3–4 дні ня еў, толькі п’е, вельмі млявы. Чалавек кажа нам пра нейкія сымптомы, мы разумеем, што нічога страшнага не адбываецца, гэта не хвароба, гэта стрэс, таму супакойваем. І калі чалавек перастане перажываць, то і жывёла таксама супакоіцца».
Цяпер ва Ўкраіне амаль немагчыма купіць лекі для жывёл, бо вэтэрынарныя аптэкі не працуюць. Але і тут Антон і Ганна часам могуць дапамагчы.
«Ва Ўкраіне цяпер гуманітарная катастрофа. Вэтэрынарныя аптэкі зачыненыя, заакрамы нейкія яшчэ працуюць, але там не заўсёды можна знайсьці нешта заспакаяльнае. Таму мы стараемся працаваць з тым, што ёсьць. Раім даць гадаванцу нейкія прэпараты, якія людзі выкарыстоўваюць, разьлічваем дазіроўку».
Таксама праз пастаянны стрэс жывёла можа быць узбуджанай ці, наадварот, млявай.
«Сабачка ці коцік павінны адчуваць абарону. Так, нешта адбываецца навокал, але вы трымаеце яго на руках, і ён адчувае, што вы можаце яго абараніць. Гэта ў іх на ўзроўні інстынкту, гадаванец павінен супакоіцца. Цяжка сказаць, як будзе сябе паводзіць гадаванец, калі кожны дзень трэба несьціся на злом галавы ў бамбасховішча. Там і людзі не вытрымліваюць. Але калі нічога няма заспакаяльнага, то трэба хаця б быць зь ім, ня кідаць, трымаць на руках».
Калі вы змаглі выехаць з зоны баявых дзеяньняў і ў вашага гадаванца няма ніякіх пашкоджаньняў, то ўсё адно ён будзе адчуваць вялікі стрэс. Жывёла можа адмаўляцца ад корму, быць у прыгнечаным ці ўзбуджаным стане, кажа Антон.
«Тут дапаможа толькі час. Але вось рэкамэндацыя. Людзі пераяжджаюць з гадаванцамі з зоны баявых дзеяньняў і, часьцей за ўсё, мяняюць ім корм. Гэтага лепш не рабіць, бо гэта дадатковы стрэс. Варта ўзяць з сабой нейкую колькасьць ежы, якая для гадаванца звыклая. Калі ніякіх пашкоджаньняў няма, то патрэбны проста час. Гаспадар супакоіцца, тады і жывёла супакоіцца. Важна: звыклы корм, пастаянныя зносіны, шпацыр, размовы, і ўсё прыйдзе ў норму. У нейкіх экстраных выпадках адкрыецца нейкая хвароба на фоне стрэсу, тады можна зьвярнуцца да вэтэрынара. Калі ж чалавека трэба зарыентаваць, перш чым ісьці да лекара, то можна зьвяртацца да нас».
Калі вы падабралі жывёлу з вуліцы
Без адмысловай адукацыі будзе цяжка вызначыць, хворая жывёла ці не.
«Мы раім зьвярнуцца да вэтэрынара. Гэта можна зрабіць па месцы жыхарства, можна напісаць нам, і мы зарыентуем. Чалавек раскажа пра гадаванца, і доктар ужо параіць, што трэба рабіць, а што не, дасьць нейкія элемэнтарныя рэкамэндацыі, кшталту — купіць шампунь ад блох і памыць сабаку, прыбраць паразытаў, купіць прэпараты ад глістоў. Часьцей за ўсё гэта трэба будзе рабіць, калі сабака дваровы».
«Штодзень нам піша каля паўсотні чалавек»
З пачатку вайны зваротаў да Антона і Ганны стала ў некалькі разоў больш, вырасла аўдыторыя каналу.
«Штодзень нам піша каля паўсотні чалавек. Мы працуем нон-стоп. Я ўвесь у тэлефоне, пастаянна адказваю. Зьвяртаюцца часьцей за ўсё з аднымі і тымі ж пытаньнямі: якія дакумэнты трэба мець пры сабе на жывёлу, каб выехаць у Польшчу. У нас на канале ёсьць інфармацыя пра розныя краіны. Наконт стану жывёлы таксама ўсё, у прынцыпе, стандартна: на фоне стрэсу ідзе адмова ад корму, адкрываюцца хранічныя хваробы, кроў з носу ідзе ў сабакі, напрыклад, бо пры стрэсе павышаецца ціск. Людзі пытаюцца ў нас, што рабіць. Таксама даём парады тым, хто пераехаў, калі сабачка ці коцік ня п’е, ня есьць».
Антон і Ганна кансультуюць людзей бясплатна, але іх можна падтрымаць тут
«У нас на канале пазначаны рэквізыты, калі нехта захоча нас фінансава падтрымаць, бо часта даводзіцца ахвяраваць асноўнай працай на карысьць вядзеньня канала, дапамогі людзям. Таксама можна пакінуць ахвяраваньне на корм жывёлам. У нас ёсьць інфармацыя на канале ў замацаваных паведамленьнях. Калі зьбіраецца нейкая сума, мы набываем корм і адпраўляем ва Ўкраіну».