Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы хлопцы гатовыя кроўю адкупіць тую няславу, якая цяпер ліецца на беларусаў». Як беларускія добраахвотнікі едуць ва Ўкраіну


Беларускія добраахвотнікі ў Кіеве. Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага
Беларускія добраахвотнікі ў Кіеве. Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага

Зь першых дзён вайны ва Ўкраіне ў Варшаве працуе Мабілізацыйны цэнтар беларускіх добраахвотнікаў. Свабода паразмаўляла зь ягоным кіраўніком Паўлам Кухтам.

Цэнтар разьмясьціўся ў Беларускім доме ў Варшаве. Гэтую вілу ў сталічным раёне Саска Кэмпа на патрэбы беларусаў Варшавы перадаў летась польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі. Беларусы, якія жадаюць ваяваць на баку Ўкраіны, атрымліваюць у цэнтры ўсё, што ім спатрэбіцца на фронце: форму, абутак, мэдычныя рэчы і г. д.

«Адзін хлопец прынёс усе свае зьберажэньні на рыштунак для добраахвотнікаў»

Мабілізацыйны цэнтар супрацоўнічае з афіцыйным Кіевам, а гэта дае гарантыю, што беларусы, якія хочуць абараняць Украіну, без праблемаў трапяць на ўкраінскую тэрыторыю і атрымаюць зброю. Такіх ужо сотні, кажа Павал Кухта.

«Людзей вельмі шмат, дакладную лічбу я называць ня буду. Гэта розныя людзі: у адных ёсьць ужо досьвед, нехта быў у гарачых пунктах, ёсьць проста студэнты. Прыходзіў адзін цудоўны хлопец, які аддаў усе свае зьберажэньні на рыштунак для добраахвотнікаў. Ён сказаў, што ў яго ўжо больш нічога не засталося, але ён хоча памагчы тым, хто на фронце», — расказвае Павал.

У цэнтры зьбіраюць ня толькі рэчы на фронт, але і грошы, напрыклад, на набыцьцё аўтамабіляў, каб даехаць да Кіева. Адна з сур’ёзных задач — сабраць шмат ежы, каб у беларускіх добраахвотнікаў быў стратэгічны запас прадуктаў.

«Калі нехта ў Варшаве хоча нам дапамагчы, то мы заклікаем прыносіць рэчы ў Беларускі дом. Тут заўсёды нехта ёсьць. Калі ў кагосьці няма магчымасьці прыехаць у Варшаву, то ёсьць мой тэлеграм — @vivatlnmn. Мне можна напісаць, я адказваю. Магчыма, не адразу, але абавязкова адкажу, бо атрымліваю вельмі шмат паведамленьняў», — кажа Кухта.

У кожнага, хто хоча ехаць ваяваць на баку Ўкраіны, Павал шмат разоў пытаецца, ці разумее ён, што едзе на вайну, ці разумее рызыкі, зьвязаныя з гэтым. Матывацыя ў добраахвотнікаў розная.

«Магчыма, да гэтага нападу нехта не да канца разумеў, што такое Расея, што гэта за кіраўніцтва. Але калі пачалася вайна, то ўсе зразумелі, дзе насамрэч вораг. І людзі, якія да нас прыходзяць, кажуць, што сёньня свабода Ўкраіны — гэта ня толькі іх свабода, гэта таксама свабода ўсяго цывілізаванага сьвету. Людзі едуць адстойваць ня толькі дэмакратыю ва Ўкраіне, але ва ўсім сьвеце. Нехта прыходзіць і кажа, што гатовы кроўю адкупіць тую няславу, якая цяпер ліецца на беларусаў з розных бакоў. Ня ўсе людзі разумеюць, што беларускі народ — гэта насамрэч братэрскі ўкраінцам народ. Тое, што робяць Лукашэнка з Пуціным, да беларусаў ня мае дачыненьня», — кажа Павал.

«Беларусы павінны зразумець, што ехаць ва Ўкраіну трэба арганізавана»

Сам ён родны брат Мікіты Крыўцова, удзельніка пратэстаў 2020 году ў Беларусі, якога знайшлі павешаным у Менску непадалёк ад пастарунку міліцыі. Афіцыйна было заяўлена, што гэта суіцыд, аднак сям’я Крыўцова ў гэта ня верыць. Павал тлумачыць, што яго ўласная матывацыя займацца мабілізацыяй на дапамогу Ўкраіне ня мае нічога супольнага з помстай.

«У мяне няма асабістых прэтэнзій ці помсты, якую я хачу ўчыніць. Я дапамагаю людзям, якіх я вельмі добра ведаю, якіх я лічу братамі і якія цяпер ва Ўкраіне. У мяне няма асабістых прэтэнзій да службоўцаў, якіх нават могуць накіраваць ва Ўкраіну. Я разумею, што яго туды адправілі. Я кажу ўсім знаёмым, у тым ліку і тым, хто ў арміі, што калі вы трапіце на зямлю Ўкраіны, то адразу здавайцеся ў палон. Я не зьбіраюся з кроўю ў вачах даказваць, што зь ім трэба там нешта зрабіць», — кажа Павал Кухта.

Большасьць беларускіх добраахвотнікаў, паводле яго, цяпер у Кіеве. Яшчэ сотні хочуць бліжэйшым часам трапіць ва Ўкраіну. Сярод іх ёсьць нават дзейныя беларускія вайскоўцы. Але калі нехта спрабуе трапіць туды самастойна, то ўзьнікае праблема з уездам, бо афіцыйна Рэспубліка Беларусь — суагрэсар.

«Была вялікая колькасьць выпадкаў, калі беларусы ехалі на мяжу і спрабавалі трапіць ва Ўкраіну, а іх проста разварочвалі. І гэта ў лепшым выпадку. Некаторых некалькі дзён трымалі ў турме. Але з боку Ўкраіны гэта правільныя рэчы, да іх няма ніякіх пытаньняў. Яны добра робяць сваю справу. Беларусы павінны зразумець, што ехаць ва Ўкраіну трэба арганізавана. Калі нехта едзе сам, то яго не прапусьцяць. Калі нехта хоча трапіць ва Ўкраіну, то лепш зьвяртайцеся да нас», — тлумачыць Павал.

На дадзены момант вядома пра аднаго забітага беларускага добраахвотніка. Гэта Ільля «Ліцьвін» Хрэнаў. Двое беларусаў параненыя, раненьні былі цяжкія, але жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG