Адносна затрыманага жыхара Асіповічаў МУС паведамляе, што ў пачатку 2022 году «індывідуальны прадпрымальнік увайшоў у склад экстрэмісцкага фармаваньня ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для ўчыненьня супрацьпраўных дзеяньняў у Беларусі».
«Высьветлена, што 1 сакавіка мужчына атрымаў указаньні па блякаваньні чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстаньні „кактэйляў Молатава“. 2 сакавіка пры сілавой падтрымцы Бабруйскага АМАПу падазраванага затрымалі», — удакладняецца ў рэлізе.
У затрыманага канфіскавалі кампутарную тэхніку, вадкасьць для распальваньня, растваральнік, адпрацаваны алей, упакоўку гермэтыку і хімічнае рэчыва, паведамілі ў МУС.
У дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні з мэтай учыненьня злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».
На youtube-канале ведамства таксама разьмешчана відэа з затрыманым.
3 сакавіка Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай) на падставе матэрыялаў Следчага камітэту «аб злачынствах супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту».
Паводле зьвестак МУС, 28 лютага і 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Менскай абласьцей «зафіксаваны тры факты зьнішчэньня сыгнальнага абсталяваньня, блякаваньня чыгуначных шляхоў». Ня менш як тры чалавекі затрымалі ў Стоўпцах і Жодзіне Менскай вобласьці.
Таксама сёньня ГУБАЗіК паведаміў, што затрымаў 49-гадовага жыхара Віцебску «за падрыхтоўку тэракту».
Паводле ГУБАЗіК віцяблянін рыхтаваўся да «учынення грамадзка-небясьпечных дзеяньняў, накіраваных на дэзарганізацыю работы чыгуначнага транспарту» - плянаваў вывядзеньне са строю сыстэмаў бясьпекі чыгуначнага руху. Да адпаведнага абсталяваньня ён меў доступ, бо працаваў у арганізацыі, якая ўваходзіць у структуру Беларускай чыгункі.
Прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі супольнасьці «Кіберпартызаны» і ByPol раней заявілі аб пашкоджаньнях чыгуначнай інфраструктуры, нанесеных дзякуючы кібератакам і фізычнаму пранікненьню. Паводле іх інфармацыі, з-за гэтых дзеяньняў адбыліся значныя збоі.
Заклікі да блякаваньня чыгуначных пуцей у сацсетках сталі ўзьнікаць у сувязі з выкарыстаньнем чыгуначнай інфраструктуры Беларусі для перавозкі расійскіх узбраеньняў, якія прымяняюцца ў вайне з Украінай.