Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цывільныя людзі пераходзяць праз раку побач з разбураным расейскім авіяўдарам мостам. Горад Ірпень Кіеўскай вобласці, 5 сакавіка 2022
Цывільныя людзі пераходзяць праз раку побач з разбураным расейскім авіяўдарам мостам. Горад Ірпень Кіеўскай вобласці, 5 сакавіка 2022

Абстрэлы дамоў у Мікалаеве, вызваленьне Чугуева, новая спроба эвакуацыі з аточаных гарадоў. 12-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне

абноўлена

У Расеі праз вайну згортваюць бізнэс міжнародныя кампаніі, дастаецца і Беларусі. У шэрагу гарадоў Украіны гуманітарны крызіс, пры абстрэлах гіне мірнае насельніцтва.

  • Расея працягвае бамбіць украінскія гарады, жылую забудову і сацыяльную інфраструктуру. Мэр Чарнігава заяўляе пра генацыд.
  • Раніцай 7 сакавіка адбылося бамбаваньне Мікалаева.
  • Кіеў: Марыюпаль і шэраг гарадоў у Сумскай вобласьці на мяжы гуманітарнай катастрофы.
  • Падчас эвакуацыі з Ірпяня войскі РФ адкрылі агонь па цывільных, ёсьць ахвяры.
  • У Харкаве і вобласьці пасьля расейскіх абстрэлаў загінулі 194 чалавекі.
  • За 9 дзён вайны Ўкраіну пакінулі 1,45 мільёна чалавек.
  • Украінскія войскі ўначы 7 сакавіка вызвалілі Чугуеў.
  • Кіеўскі Цэнтар абаронных стратэгій заявіў, што расейцы страцілі ўжо траціну баяздольнага войска
  • Начныя абстрэлы Харкава, Марыюпалю. Паўтара мільёна ўцекачоў. 11-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
15:34 7.3.2022

Упершыню з пачатку вайны Расеі з Украінай анансавалі сустрэчу кіраўнікоў МЗС дзьвюх краін

Чакаецца, што сустрэча кіраўнікоў МЗС Расеі і Ўкраіны Сяргея Лаўрова і Дзьмітрыя Кулебы адбудзецца 10 сакавіка ў турэцкай Антальі.

Пра меркаваную сустрэчу заявіў кіраўнік турэцкай дыпляматыі Мэўлют Чавушаглу.

У МЗС Расеі пацьвердзілі, што заплянаваны «кантакт» Лаўрова і Кулебы адбудзецца з удзелам кіраўніка МЗС Турэччыны. Што менавіта будуць абмяркоўваць міністры — пакуль не паведамляецца.

15:35 7.3.2022

Кіраўнікі гарадоў і рэгіёнаў Расеі паведамляюць пра гібель вайскоўцаў ва Ўкраіне

У Бураціі прайшло пахаваньне першага вайскоўца, чыё імя пасьля гібелі ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне ўлады публічна пацьвердзілі.

У бурацкім Гусінаазёрску 5 сакавіка пахавалі 27-гадовага Ільлю Сямёнава — паведамляе Сибирь. Реалии. Як перадаюць мясцовыя СМІ, на цырымонію разьвітаньня да будынку мясцовай адміністрацыі прыйшлі некалькі соцень чалавек. Старшы лейтэнант Ільля Сямёнаў загінуў у першы дзень так званай «спэцыяльнай апэрацыі» ва Ўкраіне — 24 лютага.

16:21 7.3.2022

Расейцы нанесьлі ўдар па марскім порце Ольвія

Пацярпелых няма, паведаміла Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны. Тэрыторыя, па якой нанесены ўдар, належыць на правах канцэсіі катарскай кампаніі «QTerminals Olvia».

17:16 7.3.2022

Зяленскі на час вайны ініцыяваў падатковыя льготы для малога і сярэдняга бізнэсу

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што грамадзяне Ўкраіны атрымаюць падатковыя льготы ў часе вайсковай агрэсіі Расеі.

Паводле яго, дзьве групы індывідуальных прадпрымальнікаў цалкам будуць вызваленыя ад сплаты адзінага сацыяльнага падатку, яшчэ адна група — ад сплаты падаткаў за нанятых супрацоўнікаў, якіх прызвалі ў шэрагі Ўзброеных сіл Украіны і тэрытарыяльнай абароны.

Апроч таго, улады паабяцалі скасаваць сплату падаткаў і арэндную плату за зямлю дзяржаўнай і камунальнай уласнасьці на тэрыторыях, дзе адбываюцца вайсковыя дзеяньні.

«Усё гэта — на час ваеннага становішча і яшчэ мінімум на год пасьля яго скасаваньня», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

17:48 7.3.2022

«Я ня здамся бяз бою». Музыкі зь Беларусі, Украіны, Чэхіі і Расеі зрабілі супольны праект у падтрымку Ўкраіны

Трое беларускіх музыкаў — Раман Забелаў, Аляксандар Ясінскі і Мікіта Крэйн — далучыліся да супольнага з чэскімі, украінскімі і расейскімі музыкамі праекту ў падтрымку Ўкраіны.

Музыкі стварылі відэакліп з кавэрам на песьню «Я ня здамся бяз бою» вядомага ўкраінскага гурту «Океан Ельзи».

18:09 7.3.2022

Макрон абвінаваціў Пуціна ў недапушчальным цынізьме

Прычынай такога выказваньня Макрона стала заява Масквы пра адкрыцьцё гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірных жыхароў зь некалькіх украінскіх гарадоў выключна ў Расею ці ў Беларусь.

«Гэта ўсё несур‘ёзна, гэта маральны і палітычны цынізм, які я лічу недапушчальным», — сказаў Макрон у інтэрвію францускаму тэлеканалу LCI 7 сакавіка.

18:32 7.3.2022

Нямеччына ня будзе ўводзіць эмбарга на пастаўкі нафты і газу з Расеі

Таксама ад увядзеньня эмбарга адмовілася Вугоршчына.

«Нямеччына вітае ўсе міжнародныя намаганьні, накіраваныя на тое, каб адрэагаваць на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну мэтанакіраванымі санкцыямі. Санкцыі супраць расейскіх фінансавых устаноў, Цэнтральнага банку і больш як 500 чалавек гавораць самі за сябе. Тое ж самае тычыцца і абмежаваньняў на экспарт важных тавараў. Аднак у цяперашні час няма іншага спосабу забясьпечыць Эўропу энэргіяй для ацяпленьня, транспарту, электразабесьпячэньня і прамысловасьці», — цытуе словы Шольца нямецкае выданьне Der Tagesspiegel.

Міністар фінансаў Вугоршчыны Міхай Варга таксама заявіў, што яго краіна не падтрымае забарону на набыцьцё расейскіх нафты і газу ў якасьці адной з санкцый адносна Масквы з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

У відэазвароце ў фэйсбуку Варга адзначыў, што ахвярай эўрапейскіх санкцый ужо стаў вугорскі форынт. За апошні месяц яго курс упаў з 314 да 360 форынтаў за даляр ЗША.

18:57 7.3.2022

Канада ўводзіць санкцыі адносна яшчэ 10 фізычных асобаў з Расеі

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо. Паводле яго слоў, у сьпіс увайшлі былыя і дзейныя высокапастаўленыя чыноўнікі, алігархі і прыхільнікі ўлады. Трудо паведаміў, што імёны ўзятыя са сьпісу, складзенага лідэрам расейскай апазыцыі Аляксеем Навальным.

19:27 7.3.2022

Украіна абвесьціць расейскага сьпявака Баскава ў міжнародны вышук

Расейскаму сьпеваку Мікалаю Баскаву паведамілі аб падазрэньні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны. Генэральны пракурор Ірына Вэнэдыктава паведаміла, што атрымала дазвол на арышт сьпевака.

Яна апублікавала фота пастановы з перакрэсьленымі асабістымі дадзенымі, патлумачыўшы, што суд завочна арыштаваў Баскава на патрабаваньне пракуратуры.

Мера засьцярогі — утрыманьне пад вартай, без вызначэньня памеру закладу.

19:38 7.3.2022

Беларусы Адэсы арганізавалі добраахвотніцкі атрад імя Ільлі «Ліцьвіна», які загінуў за Ўкраіну

19:43 7.3.2022

У Польшчы забаранілі вяшчаньне беларускага канала «Беларусь 24» і расейскага «Первого канала»

Праграмы выдаленыя з рэестру дазволеных з прычыны «кантэнту, які пагражае бясьпецы і абароне Польшчы», сказаў старшыня Нацыянальнай рады тэлерадыёвяшчаньня Польшчы Вітальд Каладзейскі.

19:52 7.3.2022

АБСЭ эвакуавала з Украіны амаль 500 супрацоўнікаў-замежнікаў

Пра гэта ў панядзелак далажыла паслам краін-сябраў АБСЭ генеральны сакратар арганізацыі Хельга Шмід. Паводле слоў Шмід, у суботу каманда АБСЭ эвакуавалася з захопленага расіянамі Хэрсона і зараз знаходзіцца ў Сочы, а затым кіраўніцтва і місій ва Украіне выехала ў Малдову.

Цяпер, паводле слоў Шмід, АБСЭ пастараецца неяк гарантаваць бясьпеку сваіх украінскіх супрацоўнікаў, многія зь якіх працуюць у гарадах, якія апынуліся пад ударамі расейскіх войскаў.

20:01 7.3.2022

Расея ўнесла 50 дзяржаў сьвету ў сьпіс «недружалюбных краін»

Урад Расеі склаў сьпіс недружалюбных краін, у яго ўвайшлі 50 дзяржаў сьвету. У тым ліку — краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, Канада, ЗША, Японія, Швайцарыя, Мікранэзія і Сан-Марына. У сьпіс унесены краіны, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну або падтрымалі іх.

Згодна з раней падпісаным указам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, расейскія кампаніі і грамадзяне, якія маюць абавязаньні перад замежнымі крэдыторамі зь пераліку недружалюбных краін, змогуць расплаціцца зь імі ў рублях, а не ў валюце.

20:15 7.3.2022

У акупаваным Мелітопалі расейскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль гарадзкую тэлевышку, вышкі радыётрансьляцыі і перадатчыкі мабільнай сувязі

Пра гэта паведаміў мэр гораду Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, у Мелітопалі ў выніку баёў і перастрэлак разбурана больш за 90 жылых дамоў.

20:20 7.3.2022

У Латвіі затрымалі чатырох чалавек па падазрэньні ў апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны

Затрыманыя арганізоўвалі акцыі ў падтрымку Расеі, паведамляе Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі. Справу расьсьледуюць па двух артыкулах КК: апраўданьне і гераізацыя злачынстваў супраць міру і ваенных злачынстваў, а таксама распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

20:54 7.3.2022

Трэці раўнд перамоваў паміж Украінай і Расеяй скончыўся

Трэцюю сустрэчу, як і папярэднюю, расейскі і ўкраінскі бакі правялі на тэрыторыі Белавескай пушчы. Перамовы стартавалі каля 17.45 і працягваліся амаль да 21 гадзіны. Удзельнікі перамоваў адзін раз выйшлі на перапынак, пасьля чаго працягнулі сустрэчу.

Пасьля заканчэньня перамоваў дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк расказаў пра вынікі:

«Ёсьць невялікія пазытыўныя зрухі ў паляпшэньні матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня гуманітарных калідораў... Працягваліся інтэнсіўныя кансультацыі па асноўным палітычным блёку ўрэгуляваньня разам з спыненьнем агню і гарантыямі бясьпекі».

21:06 7.3.2022

Заканадаўцы ЗША ўзгаднілі законапраект аб прыпыненьні нармальных гандлёвых адносін з Расеяй і Беларусьсю

Кіраўнікі камітэтаў Кангрэсу ЗША, адказных за фінансы і гандаль, абвясьцілі, што пагадзіліся наконт заканадаўчага прыпыненьня нармальных гандлёвых адносін з Расеяй і Беларусьсю. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters.

Раней СМІ паведамлялі, са спасылкай на сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі, што палата разглядае законапраект, накіраваны «на далейшую ізаляцыю Расеі ад сусьветнай эканомікі, у тым ліку праз забарону на ўвоз расейскіх нафтапрадуктаў і энэрганосьбітаў у ЗША».

21:31 7.3.2022

Пры спробе перасячэньня мяжы з Польшчай затрымалі дэпутата ўкраінскага парлямэнту Яўгена Шаўчэнку

Паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі СБУ даставілі яго ў Кіеў. Дэпутат Шаўчэнка неаднаразова захапляўся Лукашэнкам і часта езьдзіў да яго ў госьці, становячыся героем прапагандысцкіх сюжэтаў. У траўні летась Шаўчэнка быў выключаны з фракцыі «Слуга народу».

21:36 7.3.2022

Выведка ЗША: Расея задзейнічала амаль 100% групоўкі, якую падрыхтавала да ўварваньня ва Ўкраіну

Паводле зьвестак выведкі ЗША, Расея ўвяла ва Украіну ўжо амаль 100% той групоўкі, якую сабрала для ўварваньня. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі, спасылаючыся на тое, што 7 сакавіка сказаў журналістам прадстаўнік Пэнтагона на чарговым брыфінгу на ўмовах ананімнасьці.

Паводле слоў гэтага прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША, Пэнтагон пакуль ня бачыць прыкметаў таго, што Расея зьбіраецца адпраўляць ва Ўкраіну нейкія падмацаваньні.

22:08 7.3.2022

Байдэн гатовы ўвесьці забарону на імпарт расейскай нафты ў ЗША нават без падтрымкі саюзьнікаў у Эўропе

Для таго, каб кампэнсаваць страты пасьля адмовы ад расейскай нафты, Белы дом мае намер правесьці перамовы з Саудаўскай Арабіяй, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.У адміністрацыі ЗША не выключаюць, што прэзыдэнт Джо Байдэн адправіцца зь візытам у Эр-Рыяд, каб угаварыць саудаўскіх партнэраў нарасьціць здабычу нафты.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG