Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цывільныя людзі пераходзяць праз раку побач з разбураным расейскім авіяўдарам мостам. Горад Ірпень Кіеўскай вобласці, 5 сакавіка 2022
Цывільныя людзі пераходзяць праз раку побач з разбураным расейскім авіяўдарам мостам. Горад Ірпень Кіеўскай вобласці, 5 сакавіка 2022

Абстрэлы дамоў у Мікалаеве, вызваленьне Чугуева, новая спроба эвакуацыі з аточаных гарадоў. 12-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне

абноўлена

У Расеі праз вайну згортваюць бізнэс міжнародныя кампаніі, дастаецца і Беларусі. У шэрагу гарадоў Украіны гуманітарны крызіс, пры абстрэлах гіне мірнае насельніцтва.

  • Расея працягвае бамбіць украінскія гарады, жылую забудову і сацыяльную інфраструктуру. Мэр Чарнігава заяўляе пра генацыд.
  • Раніцай 7 сакавіка адбылося бамбаваньне Мікалаева.
  • Кіеў: Марыюпаль і шэраг гарадоў у Сумскай вобласьці на мяжы гуманітарнай катастрофы.
  • Падчас эвакуацыі з Ірпяня войскі РФ адкрылі агонь па цывільных, ёсьць ахвяры.
  • У Харкаве і вобласьці пасьля расейскіх абстрэлаў загінулі 194 чалавекі.
  • За 9 дзён вайны Ўкраіну пакінулі 1,45 мільёна чалавек.
  • Украінскія войскі ўначы 7 сакавіка вызвалілі Чугуеў.
  • Кіеўскі Цэнтар абаронных стратэгій заявіў, што расейцы страцілі ўжо траціну баяздольнага войска
  • Начныя абстрэлы Харкава, Марыюпалю. Паўтара мільёна ўцекачоў. 11-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
07:22 7.3.2022

Зяленскі: «Замест прабачэньня настане судны дзень для расейскіх акупантаў і іх кіраўніцтва!»

На заканчэньне Даравальнай нядзелі да грамадзян зьвярнуўся прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён заявіў, што, на жаль, цяпер украінцы ня маюць ані часу, ані маральнага права дараваць.

«Мы ня зможам дараваць расстраляных дамоў. Мы не прабачым той ракеты, якую наша супрацьпаветраная абарона зьбіла сёньня над Ахматдытам, і больш за 500 такіх ракет, якія трапілі ў нашу зямлю, Украіну, наш народ. Мы не даруем расстрэлу бяззбройных людзей, разбурэньня нашай інфраструктуры. Мы не даруем соцень, соцень ахвяр, тысяч і тысяч пакут. І Бог не даруе. Ні сёньня. Ні заўтра. Ніколі. І замест прабачэньня настане судны дзень для расейскіх акупантаў і іх кіраўніцтва!»

07:54 7.3.2022

Расейскія вайскоўцы абстралялі машыну прэсы

У аўтамабілі перасоўваўся швайцарскі журналіст Гіём Брыке. Абстрэл адбыўся каля вёскі Вадзяна-Лорына Мікалаеўскай вобласьці, паведаміла кіраўніца абласной вайсковай адміністрацыі Марыя Чорная, інфармуе «Суспільне».

Некалькі куль трапілі ў шкло, параніўшы мужчыну, таксама журналіст атрымаў траўмы твару і перадплечча. Кажа, што пасьля абстрэлу выйшаў на ўзбочыну. Да яго падышлі расейскія вайскоўцы, назваліся і абшукалі. Канфіскавалі пашпарт, 3000 эўра гатоўкай, асабістыя рэчы, шлем, запіс з камэры і ноўтбук. Пасьля гэтага адпусьцілі. Цяпер рэпартэр у лякарні.

08:03 7.3.2022

У Мікалаеве пасьля абстрэлу гарыць дом. ВІДЭА

08:09 7.3.2022

У Луганску гарыць нафтабаза. ВІДЭА

Гараць рэзэрвуары з палівам. Расейскі бок вінаваціць у абстрэлах украінскі. На гэты момант Луганск усё яшчэ знаходзіцца пад кантролем сэпаратыстаў так званай «ЛНР» і расейскіх войскаў, што іх падтрымліваюць. На месца прыехалі пажарныя.

08:34 7.3.2022

Прэзыдэнт Польшчы: «У расейцаў няма энтузіязму штурмаваць Кіеў»

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда паведаміў пра размову з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

«Прэзыдэнт Зяленскі сказаў мне, што пад Кіевам пастаянна гуртуюцца расейскія войскі і танкі. Але ні энтузіязму, ні гатоўнасьці да штурму не назіраецца. Абаронцы сталіцы, наадварот, гатовыя да барацьбы і маюць вялікую матывацыю для адпору ворагу. Любая падтрымка мае значэньне!»

09:11 7.3.2022

Украінскі Цэнтар абаронных стратэгій пра страты расейцаў

За 11 дзён супраціву Ўзброеным сілам Украіны ўдалося абясшкодзіць да 46 тысяч захопнікаў.

09:25 7.3.2022

Украінскія сілы вярнулі Чугуеў

У ноч на 7 сакавіка пасьля баёў украінскія сілы вярнулі кантроль над Чугуевым Харкаўскай вобласьці. У папярэднія дні ў горадзе назіраліся праблемы з падвозам прадуктаў, ёсьць разбурэньні, аднак расейцы цалкам так і не ўсталявалі кантроль над ім.

Як паведамілі ва ўкраінскім Генштабе, падчас вызваленьня 30-тысячнага горада забіты камандзір 61-й асобнай брыгады марской пяхоты Ўзброеных Сіл Расеі падпалкоўнік Дзьмітрый Сафронаў і намесьнік камандзіра 11-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады падпалкоўнік Дзяніс Глебаў.

09:28 7.3.2022

Расея зноў аб'явіла рэжым цішыні з 10:00 для эвакуацыі мірных жыхароў з аточаных гарадоў

Расейскія акупацыйныя войскі ва Ўкраіне абяцаюць адкрыць гуманітарныя калідоры з Кіева, Марыюпаля, Харкава і Сумаў.

Пра гэта Пуціна папрасіў Макрон, заявілі ў Мінабароны Расеі. У папярэднія дні расейскія войскі абстрэламі зрывалі эвакуацыю мірнага насельніцтва.

Сярод гэтых гарадоў найбольш цярпіць Марыюпаль, як застаецца ўжо каля тыдня ў расейскай аблозе, безь сьвятла і цяпла.

09:35 7.3.2022

Кіеў: Расейскія войскі працягваюць выкарыстоўваць беларускія аэрадромы для авіяўдараў па Ўкраіне

«З пачатку дня расейскі акупант працягваў наносіць ракетна-бомбавыя і артылерыйскія ўдары па населеных пунктах Украіны. Захопнікі працягваюць выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь для нанясеньня авіяўдараў па Ўкраіне», — гаворыцца ​ў паведамленьні.

Камандаваньне адзначае, што расейскія войскі працягваюць абстрэлы мірных жыхароў, у тым ліку эвакуацыйных калідораў, і ствараюць гуманітарны крызіс у населеных пунктах, якія яны займаюць.

09:41 7.3.2022

Яшчэ адно пахаваньне расейскага салдата, які загінуў у вайне супраць Украіны

Бурація, 6 сакавіка
Бурація, 6 сакавіка

09:43 7.3.2022

Ва Ўкраіну прыбылі першыя брытанскія добраахвотнікі

Ва Ўкраіну пачалі прыбываць брытанскія добраахвотнікі, якія будуць абараняць краіну ад нападу Расеі. Гэта былыя вайскоўцы.

Яны адгукнуліся на заклік Украіны аб фармаваньні інтэрнацыянальнай брыгады.

Прычыны іх рашэньня розныя. На гэтым відэа адзін з добраахвотнікаў кажа, што прыехаў, каб бараніць жанчын ад згвалтаваньняў.

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба 4 сакавіка сказаў, што расейскія салдаты ўчынялі згвалтаваньні ва ўкраінскіх гарадах. Аднак Кулеба не падаў ніякіх доказаў. Ройтэрз і іншыя міжнародныя агенцтвы ня маюць магчымасьці праверыць гэтыя цьверджаньні.

Раней Зяленскі заявіў, што Ўкраіну едуць абараняць 16 тысяч іншаземцаў з розных краін.

09:46 7.3.2022

Мікалаеў пасьля абстрэлу расейскімі ракетнымі ўстаноўкамі залпавага агню

09:49 7.3.2022

Рэзэрва расейскіх войскаў на мяжы з Украінай складае менш за 9 тысяч чалавек, – Пэнтагон

На тэрыторыю Ўкраіны ўвайшлі каля 95% расейскіх вайскоўцаў, дысьлякаваных паблізу ўкраінскай мяжы ў Расеі і Беларусі, паведамляе ўначы 7 сакавіка выданьне Washington Examiner са спасылкай на актуальны брыфінг амэрыканскага абароннага ведамства.

З прыкладна 170 000 вайскоўцаў, дысьлякаваных уздоўж украінскай мяжы ў Расеі і Беларусі, «прыблізна 95%» цяпер знаходзяцца ў межах краіны, паведаміў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік абароны ЗША. Гэта азначае, што ў рэзэрве расейскай групоўкі застаецца менш за 9 тысяч чалавек, якія яшчэ ня ўведзеныя ва Ўкраіну. Яшчэ 4 сакавіка Пэнтагон ацэньваў колькасьць уведзеных Расеяй сілаў у 92 працэнты.

На працягу папярэдніх сутак Пэнтагон «назіраў за абмежаванымі зьменамі на месцах», расейскія войскі «працягваюць намаганьні ў прасоўваньні і ізаляцыі Кіева, Харкава і Чарнігава на поўначы і ўсходзе, сустракаюць моцнае супраціўленьне Ўкраіны».

Расейскія войскі атрымалі посьпех у паўднёвай частцы краіны, часткова дзякуючы наяўнай на акупаваным паўвостраве інфраструктуры, створанай пасьля ўварваньня і анэксіі Крыму ў 2014 годзе. Расейскія войскі ў паўднёвай палове Ўкраіны таксама маюць меншую адлегласьць для папаўненьня сваіх запасаў.

10:20 7.3.2022

Загінуў кіраўнік Гастомелю

Кіраўнік пасёлку Гастомель Юры Прыліпка загінуў, раздаючы ежу жыхарам. Яго расстралялі расейскія захопнікі. Разам з Прыліпкам расстралялі двух ягоных паплечнікаў. Таксама паранілі мэра Бучы.

У Ірпяні, Бучы і Гастомелі няма сьвятла, газу, вады і сувязі. Гэтыя гарады пад Кіевам знаходзяцца пад пастаянным абстрэлам расейскіх войскаў.

10:29 7.3.2022

Вайсковыя грузы заўважылі на чыгунцы ў Гомлі

10:30 7.3.2022

У Запароскай вобласці кадыраўцы на танку раздушылі аўто Укрпошты з двума супрацоўнікамі

Як паведаміў кіраўнік Запароскай абласной ваеннай адміністрацыі, Аляксандар Старух, яшчэ ў суботу 5 сакавіка, у Запароскай вобласьці расейскія вайскоўцы-«кадыраўцы» (чачэнскае падразьдзяленьне расейскіх захопнікаў, якое падначальваецца Рамзану Кадыраву) на танку абстралялі аўто «Укрпошты» і пераехалі яго. Супрацоўнікі, мужчына і жанчына, развозілі пэнсіі і пошту. Абое загінулі.

10:31 7.3.2022

Міністар абароны Ўкраіны: інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў зьнізілася, але Расея рыхтуе новыя атакі

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што расейскія войскі спрабуюць сканцэнтраваць сілы для новых атак на Кіеў, Харкаў, Чарнігаў і Мікалаеў.

«Расейскія войскі паўсюль атрымаюць жорсткі адпор. «Рускі мір» спрабуе задушыць горад-герой Марыюпаль гуманітарным крызісам. Кіраўніцтва дзяржавы робіць усё магчымае і немагчымае, каб забясьпечыць гуманітарныя калідоры», – заявіў міністар.

Паводле яго, ва Ўкраіну вярнуліся 140 тысяч украінцаў, каб стаць на абарону краіны. Яшчэ 20 тысяч замежнікаў заявілі аб намеры ўступіць у замежны легіён.

«Ня буду камэнтаваць пастаўкі зброі і боепрыпасаў – гэта далікатны момант. Няхай ворага чакае сюрпрыз. Ведайце: ёсьць істотны прагрэс», – запэўніў Аляксей Рэзьнікаў.

10:38 7.3.2022

Расея плянуе вывозіць мірных жыхароў з акупаваных гарадоў у Беларусь

Расейскія акупацыйныя войскі ва Ўкраіне абяцаюць з 10:00 адкрыць гуманітарныя калідоры з Кіева, Марыюпаля, Харкава і Сумаў. Пра гэта Пуціна папрасіў Макрон, заявілі ў Мінабароны Расеі.

Расейцы заплянавалі выезд мірнага насельніцтва, у тым ліку на тэрыторыю Беларусі (з Кіева) і Расеі (з Марыюпаля – у Растоў-на-Доне, з Харкава і Сумаў – у Белгарад).

10:42 7.3.2022

Расейцы стралялі па школах і садках Чарнігаўшчыны

Як паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус, «вораг цэлую ноч страляў па дзіцячых садках і школах», у выніку рэгіёну прынесеныя новыя велізарныя разбурэньні.

10:44 7.3.2022

Ва Ўкраіне назвалі папярэднюю колькасьць пацярпелых ад начных абстрэлаў Харкава і Жытоміра

У Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў як мінімум 8 грамадзян загінулі і 200 пацярпелі — іх ратавальнікі даставалі з-пад завалаў жылых будынкаў.

Як паведаміла Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях Украіны, канчатковая інфармаця аб загінулых і пацярпелых удакладняецца.

У Жытомірскай вобласьці зь вечара 6 сакавіка пад аіяўдары трапілі Корасьцень, Оўруч і Малын.

У вынку абстрэлаў 1 асоба загінула і яшчэ 5 пацярпелі. Паводле ратавальнікаў, ва ўсіх гэтых населеных пунктах разбураныя некалькі жылых будынкаў і зьнішчаныя тры аўтамабілі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG