Расейцы нанесьлі ўдар па марскім порце Ольвія
Пацярпелых няма, паведаміла Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны. Тэрыторыя, па якой нанесены ўдар, належыць на правах канцэсіі катарскай кампаніі «QTerminals Olvia».
Кіраўнікі гарадоў і рэгіёнаў Расеі паведамляюць пра гібель вайскоўцаў ва Ўкраіне
У Бураціі прайшло пахаваньне першага вайскоўца, чыё імя пасьля гібелі ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне ўлады публічна пацьвердзілі.
У бурацкім Гусінаазёрску 5 сакавіка пахавалі 27-гадовага Ільлю Сямёнава — паведамляе Сибирь. Реалии. Як перадаюць мясцовыя СМІ, на цырымонію разьвітаньня да будынку мясцовай адміністрацыі прыйшлі некалькі соцень чалавек. Старшы лейтэнант Ільля Сямёнаў загінуў у першы дзень так званай «спэцыяльнай апэрацыі» ва Ўкраіне — 24 лютага.
Упершыню з пачатку вайны Расеі з Украінай анансавалі сустрэчу кіраўнікоў МЗС дзьвюх краін
Чакаецца, што сустрэча кіраўнікоў МЗС Расеі і Ўкраіны Сяргея Лаўрова і Дзьмітрыя Кулебы адбудзецца 10 сакавіка ў турэцкай Антальі.
Пра меркаваную сустрэчу заявіў кіраўнік турэцкай дыпляматыі Мэўлют Чавушаглу.
У МЗС Расеі пацьвердзілі, што заплянаваны «кантакт» Лаўрова і Кулебы адбудзецца з удзелам кіраўніка МЗС Турэччыны. Што менавіта будуць абмяркоўваць міністры — пакуль не паведамляецца.
З Украіны ад агрэсіі Расеі выехалі больш як 1,7 мільёна ўкраінцаў
У Польшчу выехалі звыш 1 мільёна ўкраінцаў.
Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў паведаміла, што ад пачатку расейскай агрэсіі з Украіны зьехалі больш за 1,7 мільёна грамадзян.
У прыватнасьці, больш як адзін мільён — у Польшчу, 180 тысяч — у Вугоршчыну, 128 тысяч — у Славаччыну, 83 тысячы — у Малдову і 79 тысяч — у Румынію.
Яшчэ 183 тысячы грамадзян выехалі ў іншыя краіны. Як паведаміла Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны, цягам 6 сакавіка заходнюю мяжу перасеклі 134 тысячы грамадзян і больш за 16 тысяч аўтамабіляў.
Дэлегацыі Ўкраіны і Расеі прыбылі на трэці раўнд перамоваў у Беларусі
Трэці раўнд перамоваў паміж дэлегацыямі Ўкраіны і Расеі павінен пачацца ў 16:00 7 сакавіка, паведаміў дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
«Перамовы з РФ. Трэці раўнд. Пачатак у 16:00 па кіеўскім часе. Дэлегацыя — бязь зьменаў», — напісаў ён у твітэры.
Раней адразу некалькі беларускіх і расейскіх СМІ паведамілі пра тое, што дэлегацыя Расеі ўжо накіроўваецца ў Берасьце для правядзеньня чарговага раўнду кансультацый з Украінай.
Добраахвотнікі тэрытарыяльнай абароны ўзялі шлюб на адным з блёкпастоў
У Кіеўскай вобласьці добраахвотнікі з тэрытарыяльнай абароны Леся і Валерый пажаніліся проста на блёкпасту.
У Менску зьявілася антываеннае графіці
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: «Паміж Харкавам і Сумамі мы раздушылі вялікую апэратыўную расейскую групоўку»
Расея ўсё яшчэ шукае шляхі для нападу на Кіеў, заявіў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.
Дарадца паведаміў, што Расея канцэнтравала сілы паміж Харкавам і Сумамі, каб накіравацца на Кіеў.
«Раздушылі паміж Харкавам і Сумамі вялікую апэратыўную групоўку. Цяпер яе няма. Часткова забітая, часткова перайшла пад Харкаў і там ужо спыненая, часткова адышлі і залізваюць раны», — дадаў Аляксей Арастовіч.
Арастовіч таксама заявіў аб узмацненьні інфармацыйна-прапагандысцкага складніка з боку Расеі ў вайне з Украінай.
«Мы не павінны на гэта рэагаваць, бо мэта праціўніка — каб мы страцілі здольнасьць да супраціву», — сказаў Арастовіч.
Чырвоны Крыж: «Эвакуацыйны шлях з Марыюпалю замінавалі»
Супрацоўнікам гуманітарнай арганізацыі не ўдалося правесьці паўнавартаснай эвакуацыі мірнага насельніцтва з Марыюпалю ня толькі з прычыны парушэньня рэжыму цішыні, але і праз наяўнасьць мінаў на дарозе.
Адэса рыхтуецца да магчымага нападу расейскіх войскаў
Мэр Кіева: ноч у сталіцы прайшла спакойна, але ў ваколіцах жорсткія баі
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ноч ва ўкраінскай сталіцы прайшла спакойна, але зацятыя баі адбываюцца ў найбліжэйшым поясе – у Бучы, Гастомелі і Ірпяні.
«З асаблівай лютасьцю вораг зьнішчае Бучу, Гастомель, Ворзель, Ірпень. Мэтанакіравана забівае мірных жыхароў», – сказаў Віталь Клічко.
Мэр Кіева выказаў спачуваньне ў сувязі з гібельлю кіраўніка Гастомельскай грамады Юрыя Прыліпкі.
«Гэта мой калега, якога я добра ведаю па Асацыяцыі гарадоў, па нашай супрацы. Сьветлая памяць Юрыю Прылепку. Ён да апошняга подыху быў з грамадой, клапаціўся пра людзей».
Прадстаўнікі Расеі не прыйшлі на першы суд у Гаазе
Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пачаў публічныя слуханьні ў справе «Ўкраіна супраць Расеі». 8 сакавіка ў Гаазе пройдзе і другое пасяджэньне. Аднак расейская дэлегацыя на суд не зьявілася. Галоўная судзьдзя Джоан Донаг’ю заявіла пра шкадаваньне ў сувязі з адмовай, інфармуе журналіст AFP Дэні Кэмп.
«Расея працягвае выкарыстоўваць аэрадромную сетку Беларусі». Становішча ад розных штабоў на дванаццаты дзень вайны
Па дадзеных Генштабу УСУ на 7 сакавіка, з пачатку ўварваньня загінулі звыш 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Зьнішчаная тэхніка:
- Самалёты — 46;
- Верталёты — 68;
- Танкі — 290;
- Бронемашыны — 999;
- Артылерыйскія сыстэмы — 117;
- Сродкі СПА — 23;
- Рэактыўныя сыстэмы залпавага агню — 50;
- Аўтацыстэрны — 60;
- Аўтатэхніка — 454;
- Караблі (катэры) — 3;
- Бесьпілётнікі — 7.
Страты Ўкраіны паводле дадзеных Мінабароны РФ
Зьнішчаная тэхніка:
- Самалёты — 97;
- Танкі і браневікі — 827;
- Рэактыўныя сыстэмы залпавага агню — 84;
- Артылерыя і мінамёты — 304;
- Вайсковая аўтатэхніка — 603;
- Бесьпілотнікі — 78.
Па дадзеных украінскіх вайскоўцаў, Расея працягвае выкарыстоўваць аэрадромную сетку Беларусі для нанясеньня авіяўдараў па Ўкраіне.
Брытанская выведка паведаміла, што за гэтыя выходныя Расея прасунулася мінімальна на тэрыторыю Ўкраіны.
«Расейскія войскі, пэўна, дасягнулі мінімальнага наземнага прасоўваньня на працягу выходных. Малаімаверна, што Расея пасьпяхова дасягнула заплянаваных мэт на сёньняшні дзень. За мінулыя суткі працягваліся інтэнсіўныя ўдары расейскай авіяцыі і артылерыі па вайсковых і цывільных аб’ектах у гарадах Украіны. Нядаўнімі цэлямі ўдараў сталі Харкаў, Нікалаеў і Чарнігаў, цяжка білі па Марыюпалі», — напісала Мінабароны Брытаніі.
Кіеў адказаў на пляны Масквы: эвакуацыя ўкраінцаў у Расею і Беларусь непрымальная
Віцэ-прэм’ер–міністар Украіны ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук паведаміла, што ўкраінскі бок у ноч на 7 сакавіка атрымаў ліст з Расеі з прапановай адкрыць гуманітарныя калідоры з Кіева, Харкава, Сумаў да беларускага Гомля з далейшай эвакуацыяй украінцаў у Расею. Пры гэтым у лісьце ўзгадвалася імя францускага прэзыдэнта Эманюэля Макрона.
«Гэта непрымальны варыянт адкрыцьця гуманітарных калідораў. Не паедуць нашы людзі з Іванкава, Дымера, Вышгарада, з-пад Кіева ў Беларусь, каб потым на самалётах ляцець у Расейскую Фэдэрацыю», – заявіла ўкраінская віцэ-прэм’ер.
Паводле яе, украінскі бок накіраваў свае прапановы аб адкрыцьці гуманітарных калідораў з гарадоў, якія трапілі ў атачэньне расейскіх войскаў, у бясьпечныя рэгіёны Ўкраіны.
Расея паведаміла аб нібыта спыненьні агню для эвакуацыі, але працягвае абстрэлы
Міністэрства абароны Расеі запэўнівае, што загадала сваім войскам спыніць агонь для арганізацыі эвакуацыі мірнага насельніцтва з Кіева, Марыюпалю, Харкава і Сумаў, але рэгіянальныя ўлады Ўкраіны пакуль не пацьвярджаюць «цішыні».
У прыватнасьці, аб адсутнасьці «зялёных» калідораў заявілі кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі і Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны. Паводле іх, раніцай расейскія войскі працягваюць наступ, адкрыўшы агонь па Мікалаеве, на поўдні Ўкраіны, які выклікаў пажары ў жылых кварталах.
У Энэргадары хаваюць палеглых ад расейскай атакі на на Запароскую АЭС
Сотні энергадарцаў з нацыянальнай сымболікай сабраліся 7 сакавіка на публічную цырымонію разьвітаньня з байцамі Нацгвардыі, якія загінулі пры абароне Запароскай АЭС ад расейцаў.
Пра гэта ў Telegram-канале паведамляе мэр горада Дзьмітрый Арлоў.
Пад Харкавам затрымалі расейскага намесьніка камандзіра авіяпалка ў Варонежы
У ноч на 7 сакавіка затрымалі расейскага пілёта зьбітага пад Харкавам самалёта, які бамбаваў жылыя масівы. Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаў, палонны мае званьне падпалкоўніка і зьяўляецца намесьнікам авіяцыйнага палка ў Варонежы.
«Гэта адзін з галоўных удзельнікаў і сьведкаў злачынстваў, якія расейскі агрэсар чыніць супраць мірнага ўкраінскага насельніцтва. Ён асабіста ажыцьцявіў тры вылеты паміж Ізюмам і Балаклеяй. Расейскі пілёт здаў сваіх каардынатараў і расказаў аб злачынных загадах», – паведаміў Алег Сінягубаў.
Суд у Гаазе пачынае разгляд справы супраць Расеі за вайну
Міжнародны суд Арганізацыі Аб'яднаных Нацый правядзе публічныя слуханьні ў справе «Ўкраіна супраць Расеі» 7 і 8 сакавіка ў Гаазе.
Ідзе разбор завалаў у аэрапорце Віньніцы: 9 загінулых
У аэрапорце Віньніцы з-пад завалаў будынкаў выратавалі 6 чалавек.
Таксама з-пад завалаў дасталі 9 целаў загінулых. У ДСНС удакладнілі, што 6 чалавек, якіх знайшлі жывымі, пацярпелі пры завалах.
Сярод загінулых — 5 мірных жыхароў і 4 вайскоўцы. Пошук яшчэ аднаго чалавека працягваецца.
На месцы працуюць 143 ратавальнікі і 23 адзінкі тэхнікі.
Генштаб Узброеных сіл Украіны: Расея на вайне ва Ўкраіне страціла 11 тысяч вайскоўцаў
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што страты расейскай арміі на вайне ва Ўкраіне складаюць ужо больш як 11 тысяч вайскоўцаў.
Паводле ўкраінскага штабу, З 24 лютага расейская армія страціла 290 танкаў, 999 баявых браняваных машын, 117 артылерыйскіх сыстэм, 50 – ракетных сыстэм залпавага агню, 23 сродкі супрацьпаветранай абароны, 46 самалётаў, 68 верталётаў, 454 аўтамабілі, 3 караблі і катэры, 60 цыстэрнаў з палівам і сем бесьпілётнікаў.