Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін як Юстыніян, Лукашэнка як Франка. Ці ацэніць сьвет тое, што беларусы не ваююць ва Ўкраіне


Харкаў, Украіна
Харкаў, Украіна

Беларусам мо і даруюць, калі Лукашэнка ўсё ж утрымаецца ад непасрэднага ўдзелу ў вайну, калі не пашле беларусаў забіваць украінцаў, калі возьме гістарычны прыклад з Франка, а не з Мусаліні.

Легіёны імпэратара Бізантыі Юстыніяна вярнулі імпэрыі афрыканскія тэрыторыі, Італію, нават кавалак цяперашняй Гішпаніі. Магчыма, тады жыхары таго, што назвалася Рымскай імпэрыяй, лічылі, што імпэрыя адрадзілася, што імпэратар вярнуў ранейшы абшар панаваньня.

Насамрэч гэта была хіба што апошняя канвульсія імпэрыі. Пасьля Юстыніяна распад імпэрыі працягваўся, і гэта было няўмольным гістарычным трэндам.

Цяпер Пуцін захацеў павярнуць хаду гісторыі ў адваротны бок, стаць сучасным Юстыніянам. Пакуль нават гэта атрымліваецца ў яго кепска. Але калі і атрымаецца, хутчэй за ўсё, лёс ягоных заваёваў (а Ўкраіну, відавочна, яму трэба заваёўваць) будзе такім жа, як і ў ягонага бізантыйскага папярэдніка.

Ён прэтэндуе на месца ў гісторыі, як у Кацярыны ІІ. Але цяпер іншая эпоха.

Пуціну зрабіць нешта падобнае не дадуць найперш украінцы. І астатні сьвет. Нават калі ён здолее ўзяць пад вайсковы кантроль частку Ўкраіны ці ўсю краіну, што ён будзе зь ёй рабіць?

Санкцыі будуць раздушваць расейскую эканоміку, украінцы будуць супраціўляцца расейскаму кантролю — непасрэднаму ці празь марыянэтак. Бамбаваньне Кіева, Харкава, іншых гарадоў Украіны Крамлю, ды і Расеі, украінцы прынамсі доўга не забудуць і не даруюць.

Беларусам мо і даруюць, калі Лукашэнка ўсё ж утрымаецца ад непасрэднага ўдзелу ў вайну, калі не пашле беларусаў забіваць украінцаў, калі возьме гістарычны прыклад з Франка, а не з Мусаліні.

Лукашэнка, праўда, ужо не зусім Франка. Франка не дазволіў вэрмахту прайсьці праз Гішпанію для захопу Гібралтара — у нацы такі праект быў. Ён не дазволіў, а яны махнулі рукой.

Лукашэнка расейскім войскам дазволіў тварыць з тэрыторыі Беларусі ўсё, што ім хочацца. Паўночны кірунак нападу на Ўкраіну — адзін з галоўных, калі не галоўны — на Кіеў.

У гэтым сэнсе Лукашэнка ўжо ня Франка. Але... Мо сьвет ацэніць тое, што беларусы не ваююць ва Ўкраіне.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG