Расейцы выходзяць на антываенныя акцыі ў розных гарадах
Вядома пра сама меней 82 затрыманых у 19 гарадах Расеі, паведамляе расейская праваабарончая ініцыятыва «ОВД-инфо».
За 9 дзён вайны Ўкраіну пакінулі 1,45 мільёна чалавек
1,45 мільёна чалавек пакінулі Ўкраіну за 9 дзён вайны. Лічбы 5 сакавіка апублікавала Міжнародная арганізацыя міграцыі. Большасьць зь іх — 922,4 тысячы — прыехалі ў Польшчу, паведамляе польская Памежная служба. Прычым, падкрэсьліваюць у ведамстве, толькі за 5 сакавіка ў краіну ўехалі 129 тысяч чалавек. А на 7 гадзін раніцы 6 сакавіка — амаль 40 тысяч.
Міграцыя з Украіны стала самым масавым рухам эўрапейцаў з часоў Другой сусьветнай вайны, гаворыцца ў заяве Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Акрамя Польшчы бежанцы выбіраюць Вугоршчыну, Румынію, Славакію і Малдову.
Беларуская IT-кампанія Gurtam прыпыняе продаж сваіх прадуктаў у Расеі
«Сёньня мы прынялі няпростае рашэньне прыпыніць продажы Wialon і flespi на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Мы верым, што гэтае рашэньне наблізіць той дзень, калі адновіцца мір і мы зможам зноў гаварыць аб партнэрстве і разьвіцьці», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведамляе пра гібель больш як 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны
Удакладняецца, што размова ідзе аб прыблізных зьвестках, з прычыны высокай інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў. Таксама ў паведамленьні гаворыцца аб «высокай інтэнсіўнасьці» баявых дзеяньняў у Луганскай вобласьці, дзе ў адзін са шпіталяў «зь перадавых пазыцый дастаўлена звыш 650 параненых прадстаўнікоў расейскіх акупацыйных войскаў».
Мінабароны Расеі публікавала дадзеныя аб сваіх стратах апошні раз 2 сакавіка, паведаміўшы аб гібелі 498 вайскоўцаў і 1597 параненых. Па сьцьвярджэньні расейскага ведамства, страты Ўкраіны складаюць 2 870 чалавек, каля 3 700 чалавек параненыя.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Затрыманых у Расеі ўжо амаль 1500 чалавек
На антываенных акцыях у Расеі працягваюцца затрыманьні. Цяпер лічба затрыманых перасягнула тысячу чалавек, піша Idel.Realii.
Уладзімір Зяленскі заявіў пра сотні расейскіх вайскоўцаў, якіх Украіна ўзяла ў палон, у тым ліку дэсантнікаў, якія бамбілі ўкраінскія гарады
Са словаў прэзыдэнта Ўкраіны, палонныя паказалі дакумэнты, мапы, пляны, «ня ўчорашняга дня, гэта не імправізацыя».
Зяленскі дадаў, што расейскія войскі рыхтуюцца бамбаваць Адэсу.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы абодвух бакоў, пакуль немагчымая.
У сталіцы Альбаніі зьявіцца вуліца Вольнай Украіны
У Тыране назавуць вуліцу ў гонар Вольнай Украіны. Як піша Reuters, гэта вуліца, на якой месьцяцца ўкраінская і расейская амбасады.
Дарадца Зяленскага: беларускія войскі ня ўдзельнічаюць у вайсковых дзеяньнях ва Ўкраіне
Пра гэта паведаміў дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч у інтэрвію тэлеканалу «1+1».
Аднак з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі запускалі ракеты па тэрыторыі Ўкраіны, з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну заяжджала расейская вайсковая тэхніка.
«Лукашэнка трымае народ у сваіх закладніках», — дадаў Арастовіч.
Кампанія «Укрзалізниця» паведаміла, што адклікае свае вагоны-рэфрыжэратары для целаў вайскоўцаў РФ, бо расейскі бок адмовіўся іх забіраць
Як паведаміў кіраўнік «Укрзалізниця» Аляксандар Камышын, «вагоны прастаялі на ўказаных станцыях трое сутак, але трупы расейскіх салдатаў у іх так і не пачалі грузіць».
Ён падкрэсьліў, што «Укрзалізниця» гатовая паставіць вагоны-рэфрыжэратары зноў, як толькі Расея будзе гатова забраць целы сваіх салдат і вярнуць іх сем’ям.
Раней «Укрзалізниця» накіравала 20 вагонаў-рэфрыжэратараў на станцыі Фастаў, Адэса-Застава, Падольск, Мерэфа і Запарожжа.
Расейскі бок афіцыйна не адказаў на прапанову вывезьці целы вайскоўцаў па чыгунцы.
Зяленскі заявіў, што расейскія войскі плянуюць бамбіць Адэсу
Расейскія войскі могуць пачаць бамбіць Адэсу, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў ранішнім звароце 6 сакавіка.
«Яны рыхтуюцца бамбіць Адэсу. Адэсу! Расейцы заўсёды прыяжджалі ў Адэсу, заўсёды адчувалі ў Адэсе толькі цеплыню, толькі шчырасьць. А цяпер што? Бомбы супраць Адэсы? Артылерыя супраць Адэсы? Ракеты супраць Адэсы? Гэта будзе ваеннае злачынства. Гэта будзе гістарычнае злачынства», – сказаў прэзыдэнт Украіны.
Зяленскі паведаміў пра ракетны абстрэл аэрапорту ў Віньніцы
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што Расея выпусьціла па Віньніцы 8 ракет. Аэрапорт у горадзе цалкам зруйнаваны.
Ён зноў заклікаў Захад стварыць над Украінай беспалётную зону.
Ва Ўкраіне праз абстрэлы спынілі працу 34 лякарні
У выніку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне за 11 дзён перасталі працаваць 34 лякарні, паведаміў падчас тэлемаратону міністар аховы здароўя Віктар Ляшко.
«На сёньняшні дзень у нашай краіне вораг спыніў працу 34 лякарняў: недзе разбураныя будынкі, дзесьці зламаныя камунікацыі, няма вады, электрычнасьці; некаторыя ўвогуле ня змогуць працаваць», — сказаў ён.
Міністар падкрэсьліў, што гэта яшчэ адно парушэньне Жэнэўскай канвэнцыі, бо мэдыцынскія работнікі і ўстановы аховы здароўя ня могуць быць уцягнуты ў ваенныя канфлікты.
Узброеныя сілы Ўкраіны перайшлі ў контранаступ на Марыюпальскім кірунку
У Штабе аб’яднаных сіл паведамілі, што ў выніку контранаступу 6 сакавіка на Марыюпальскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі 3 расейскія танкі, 4 БМП, 2 «Тыгры» (бронемашыны. — рэд.) і каля 30 расейскіх вайскоўцаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
МЗС Украіны: да нас накіроўваюцца каля 20 тысяч добраахвотнікаў з 52 краін сьвету
Яны рыхтуюцца ўступіць у інтэрнацыянальны легіён і ваяваць на баку Украіны, заявіў на брыфінгу кіраўнік украінскага МЗС Дзьмітро Кулеба. Пра гэта паведамляе Unian.
«Мы іх не наймалі, мы іх не стымулюем нічым. Гэта іх добраахвотная гатоўнасьць ваяваць на баку дабра», – сказаў Кулеба.
У Маскве перакуліўся аўтазак, у якім былі людзі, затрыманыя на акцыі супраць вайны з Украінай
Людзі выбраліся з аўтазака праз люк у даху. Паведамляецца, што аўтазак сутыкнуўся зь легкавым аўтамабілем і ўрэзаўся ў слуп.
Пацярпелі мінімум трое чалавек, яны шпіталізаваныя.
У Расеі ў нядзелю, 6 сакавіка, праходзяць акцыі супраць узброенага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны. На іх, паводле апошніх зьвестак, затрымалі больш за паўтары тысячы чалавек.
Сэрвісы Apple Pay і Google Pay для картак Visa і Mastercard, выпушчаных расейскімі банкамі, неўзабавае стануць недаступныя праз санкцыйныя абмежаваньні
Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на паведамленьне «Банку Расеі».
І на Чарнобыльскай, і на Запароскай АЭС да гэтага часу расейскія войскі. Украінскі бок кажа, што там тэрарызуюць пэрсанал
Пра гэта заявіў Пятро Коцін, кіраўнік кампаніі «Энергаатам».
«Акупанты цяпер на Запароскай станцыі маюць 500 сваіх вайскоўцаў. На Чарнобыльскую станцыю, па нашай інфармацыі, прыбыла яшчэ тысяча. Яны адтуль ня сыдуць. Яны пра гэта прама кажуць нашаму пэрсаналу: „Рабіце тое, што мы кажам вам. Інакш апыняцеся ў трунах“. Так яны тэрарызуюць наш пэрсанал. Увесь мэнэджмэнт станцыі працуе пад камандаваньнем вайсковага камандзіра РФ, які дае ім загады».
Ад пачатку расейскага нападу больш як 140 тысяч украінцаў вярнуліся ва Ўкраіну
Ад пачатку расейскай агрэсіі толькі заходні ўчастак дзяржаўнай мяжы Ўкраіны перасеклі больш за 1 млн 50 тысяч чалавек, паведамляе МУС Украіны
Зь іх на выезд з краіны накіраваліся больш за 900 тысяч чалавек — амаль 764 тысячы грамадзян Украіны і каля 137 тысяч іншаземцаў.
У той жа час ва Ўкраіну вярнуліся 143 тысячы чалавек, 80% зь іх — мужчыны.
Таксама Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны забясьпечыла пропуск 2 450 аўтамабіляў з гуманітарнай дапамогай, накіраванай з-за мяжы.
Лідэр гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук далучыўся да тэрытарыяльнай абароны Львоўшчыны
Пра гэта паведаміў дэпутат Львоўскай абласной рады Аляксандар Цішчанка.«Афіцэр запасу, ганаровы грамадзянін горада Львова, музыкант, лідэр гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук папоўніў шэрагі абаронцаў Украіны! З сёньняшняга дня ў складзе тэрытарыяльнай абароны Львоўскай вобласьці ён пачынае выконваць свой вайсковы абавязак», – напісаў у фэйсбуку Цішчанка.
Найбуйнейшы вытворца графічных працэсараў Nvidia заявіў аб спыненьні продажаў усіх прадуктаў кампаніі ў Расеі
Прадстаўнік Nvidia удакладніў, што забарона распаўсюджваецца на ўсе прадукты кампаніі. Ці патрапяць пад яе графічныя працэсары Nvidia вытворчасьці іншых пастаўшчыкоў, такіх як Gigabyte, MSI і Asus – пакуль невядома.