Украінскі Генштаб пра канцэнтрацыю войскаў у Беларусі
У сваёй зводцы за дзясяты дзень расейскай агрэсіі супраць Украіны Генэральны штаб ЗСУ паведаміў, што самалёты Су-35С, Су-34 і Су-25 з аэрадромаў Беларусі (Баранавічы, Лунінец, Ліда) удзельнічалі ў нанясеньні авіяўдараў па вайсковай і цывільнай інфраструктуры ў Кіеўскай і Жытомірскай абласьцях. Акрамя таго, бамбавальнікі Су-34 з аэрадрома Бутурлінаўка нанесьлі авіяўдары па ўкраінскай інфраструктуры ў раёне гораду Сумы.
«Выяўлена канцэнтрацыя падразьдзяленьняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у раёнах населеных пунктаў Грушка (Маларыцкі раён) і Хаціслаў».
На Слабажанскім кіірунку, згодна з дадзенымі Генштабу, група колькасьцю да 23 БТГ з 1-й танкавай арміі і 20 агульнавайсковых армій, 14-га армейскага корпусу Паўночнага флёту Ўзброеных сілаў РФ перагрупавалася з мэтай аднаўленьня наступу ў кірунку Лубнаў, Палтавы і Харкава.
Зяленскі падзякаваў Маску
У ноч на 6 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў пра размову з амэрыканскім бізнэсоўцам і заснавальнікам SpaceX Іланам Маскам.
«Я размаўляў зь Іланам Маскам. Удзячны яму за тое, што падтрымаў Украіну словам і справай. На наступным тыдні мы атрымаем чарговую партыю сыстэм Starlink для разбураных гарадоў. Абмяркоўваюцца магчымыя касьмічныя праекты. Але я раскажу пра гэта пасьля вайны», — напісаў прэзыдэнт Зяленскі ў Twitter.
Ізраіль адкрые палявы шпіталь ва Ўкраіне
Міністэрства аховы здароўя Ізраілю паведаміла, што на наступным тыдні Міністэрства замежных спраў і Міністэрства аховы здароўя краіны накіруюць ва Ўкраіну ізраільскую мэдыцынскую дэлегацыю, якая адкрые палявы шпіталь у рамках гуманітарнай дапамогі ўкраінскаму народу. Паводле некаторых зьвестак, шпіталь уладкуюць каля Львова, інфармуе ізраільскае выданьне «Детали».
Conflict Intelligence Team закрыла свой маскоўскі офіс і эвакуавала пэрсанал з Расеі
Група разьведкі канфліктаў (CIT), якая давала падрабязную інфармацыю аб падрыхтоўцы Расеі да вайны супраць Украіны, была эвакуаваная з Масквы, дзе ў яе былі некаторыя супрацоўнікі. Пра гэта ў ноч на 6 сакавіка паведаміў заснавальнік арганізацыі Руслан Лявіеў.
«Наша зводка зноў пераносіцца на раніцу, бо ў мяне тут дрэнны інтэрнэт. Дарэчы, мы закрылі офіс CIT у Маскве і эвакуавалі ўсіх супрацоўнікаў, у тым ліку і мяне. Так, увесь гэты час я быў у Маскве. Цяпер нашых прадстаўнікоў няма ў Расеі. На жаль, гэта трэба было зрабіць, каб можна было працягваць працаваць, фіксаваць кожны ход вайны — у будучыні гэта спатрэбіцца суду. І гісторыі. Я не хачу, каб у падручніках гісторыі гаварылі тое, што хоча Пуцін», — напісаў Лявіеў.
21 лютага каманда CIT заявіла аб зьмене характару перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі ля мяжы з Украінай. На іх думку, гэта сьведчыла аб магчымасьці наступу ў бліжэйшыя дні. Прагнозы аналітыкаў спраўдзіліся менш чым праз тры дні.
Радыё Свабода афіцыйна прыпыніла працу на тэрыторыі Расеі
«Гэтыя атакі Крамля на здольнасьць Радыё Свабода дзейнічаць у Расеі зьяўляюцца кульмінацыяй працяглай кампаніі перашкодаў у працы Радыё Свабода, якое падтрымлівае фізычную прысутнасьць у Расеі ад 1991 году, калі стварыла сваё маскоўскае бюро на запрашэньне тагачаснага прэзыдэнта Барыса Ельцына», — гаворыцца ў заяве ад 6 сакавіка.
Расейскія войскі ўначы абстрэльвалі Харкаў, Марыюпаль і Ахтырку
Марыюпаль, а таксама шэраг гарадоў Сумскай вобласьці знаходзяцца на мяжы гуманітарнай катастрофы.
Ва Ўкраіне бяз газу застаецца 58 тысяч дамоў
Большасьць у Харкаўскай вобласьці — амаль 37 тысяч, паведамляе сайт украінскага ўраду.
МЗС Канады рэкамэндавала сваім грамадзянам неадкладна пакінуць Расею
«Пазьбягайце любых паездак у Расею праз наступствы ўзброенага канфлікту з Украінай, у тым ліку праз абмежаваныя варыянты пералётаў і абмежаваньняў на фінансавыя апэрацыі. Калі вы цяпер знаходзіцеся ў Расеі, вы павінны неадкладна пакінуць яе, пакуль камэрцыйныя сродкі перамяшчэньня яшчэ даступныя», — гаворыцца ў заяве.
Мэр Чарнігава заяўляе пра генацыд, учынены Расеяй
Мэр Чарнігава Ўладзіслаў Атрошанка заявіў, што ў горад трэба неадкладна накіраваць пракурораў з Гаагі, каб зафіксаваць выкарыстаньне забароненай зброі, бо ў горадзе сапраўдны генацыд, сказаў ён у інтэрвію выданьню «Гордон».
Ён таксама адзначыў, што горад пастаянна атакуюць авіяўдары.
«Лётчыкі — проста бяздушныя мярзотнікі і фашысты. Яны скідалі бомбы ва ўмовах нізкай бачнасьці (удзень) з малой вышыні. Яны бачылі, куды скінулі вялізныя бомбы — на жылы мікрараён. Некалькі дамоў разбурана на вуліцы Чарнавола, тысячы кватэр», — сказаў Атрошанка.
Ён дадаў, што толькі на ягоных вачах ратавальнікі выцягнулі з-пад завалаў «каля 25-30 чалавек».
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі прадставіў плян з шасьці пунктаў для супрацьдзеяньня ўварваньню Расеі ва Ўкраіну
Плян прадугледжвае:
- Стварэньне «міжнароднай гуманітарнай кааліцыі» для дапамогі Ўкраіне;
- Дапамогу Ўкраіне ў «яе намаганьнях для забесьпячэньня ўласных абарончых магчымасьцяў»;
- Шматкроць узмоцнены эканамічны ціск на Расею;
- Міжнародная супольнасьць павінна не дапусьціць «паўзучай нармалізацыі» дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне;
- Дыпляматычныя намаганьні па заканчэньні ваенных дзеяньняў павінны прымацца толькі з поўным удзелам законнага ўраду Ўкраіны;
- Неабходна неадкладная кампанія для ўзмацненьня абараназдольнасьці сярод краін NATO.
У панядзелак Барыс Джонсан абмяркуе гэты плян з канадзкім прэмʼер-міністрам Джастынам Трудо і прэмʼер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ. А ў аўторак прыме лідэраў краін «Вышаградзкай чацьвёркі»: Чэхіі, Вугоршчыны, Польшчы і Славаччыны.
Разбурэньні ў Оўручы
Пасьля налёту расейскай авіяцыі на горад Оўруч разбурана 30 прыватных жылых будынкаў, зь іх 5 цалкам, паведамілі ўкраінскія ратавальнікі.
У Расеі стартавалі антываенныя акцыі, ёсьць затрыманьні
Як стала вядома, на акцыях у гарадах Іркуцк і Ўладзівасток міліцыянты затрымалі 64 чалавекі. Пра гэта піша «ОВД-Инфо». Выступленьні супраць вайны ва Ўкраіне заплянаваныя на нядзелю ў шэрагу расейскіх гарадоў, с мыя масавыя акцыі традыцыйна чакаюцца ў Санкт-Пецярбургу і Маскве.
Кіеў: у вайне з Украінай расейцы страцілі ўжо звыш 10 000 вайскоўцаў
Украінскі Генэральны штаб паведаміў пра страты расейскіх войскаў у вайне з Украінай. Вялікі страты, у прыватнасьці, у авіяцыі — 48 верталётаў і 44 самалёты. Таксама расейцы страцілі 285 танкаў, 109 артылерыйскіх сыстэм і шмат іншай тэхнікі. Сьвежыя лічбы сваіх стратаў украінскі бок пакуль не паведаміў.
Ва ўмовах вайны атрымаць пацьвярджэньне інфармацыі аднаго ці другога боку аб стратах немагчыма.
Зноў абяцаюць гуманітарныя калідоры з Марыюпалю і Валнавахі
У Марыюпалі з 12:00 пачынаецца эвакуацыя мірнага насельніцтва, паведамляе Марыюпальскі гарсавет. З 10.00 да 21.00 будзе ўсталяваны рэжым цішыні, з 12.00 пачнецца эвакуацыя жыхароў.
Тое, што гуманітарныя калідоры ў Марыюпалі і Валнавасе зноў будуць адкрытыя з раніцы 6 сакавіка, пацьвердзіў і прадстаўнік так званай «ДНР» Эдуард Басурын.
Міністэрства абароны Беларусі абвергла меркаваную адстаўку начальніка Генштабу Гулевіча
Напярэдадні некаторыя ўкраінскія сайты распаўсюдзілі інфармацыю, што начальнік Генштабу Беларусі Віктар Гулевіч падаў у адстаўку з прычыны нежаданьня ваяваць супраць Украіны. Афіцыйных паведамленьняў на той момант не было.
Сёньня Мінабароны Беларусі зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю. У абвяржэньні таксама падкрэсьліваецца, што «вайсковыя часткі Беларусі выконваюць задачы толькі на сваёй тэрыторыі».
Падчас эвакуацыі з Ірпяня войскі РФ адкрылі агонь па цывільных, ёсьць ахвяры, – карэспандэнт Радыё Свабода
Паводле яго зьвестак, сама меней тры чалавекі загінулі, у тым ліку двое дзяцей, яшчэ адзін чалавек паранены і знаходзіцца ў цяжкім стане.
Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, агонь, падобна, вёўся зь мінамётаў. Сярод ахвяраў могуць быць члены адной сям'і.
Пацьверджаньня гэтых дадзеных зь іншых крыніц пакуль няма.
СБУ: затрымалі двух братоў-прапагандыстаў
Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, абодва браты працавалі на дэстабілізацыю абстаноўкі і, пэўна, супрацоўнічалі са спэцслужбамі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. У СБУ заяўляюць, што маюць доказы іхнай шкоднай для ўкраінскай дзяржаўнасьці працы.
Напэўна, вядзецца пра братоў Міхаіла і Аляксандра Канановічаў, кіраўнікоў Валынскага рэгіянальнага аб’яднаньня беларусаў, зь якімі ў студзені 2022 сустракаўся пасол Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал.
Украінцы ўзялі ў палон маёра, які здрадзіў украінскай прысязе
Украінскія вайскоўцы ўзялі ў палон расейскага маёра Дзьмітрыя Шышканава, які раней служыў ва Ўзброеных сілах і здрадзіў прысязе. Паводле зьвестак камандаваньня, у 2014 годзе Шышканаў служыў у Крыме ў Перавальным, але здрадзіў прысязе на вернасьць украінскаму народу і ўступіў у расейскае войска, паведамілі Сілы спэцыяльных апэрацый СБУ.
Колькасьць затрыманых на акцыях у Расеі павялічылася да 82 чалавек
Па ўсёй Расеі праходзяць антываенныя акцыі, якія заклікаюць Пуціна вывесьці войскі з Украіны. ОВД-Инфо піша, што вядома пра ня менш за 82 затрыманых у 19 гарадах.
Колькі людзей загінула на Харкаўшчыне, лічбы
Абласная паліцыя Харкаўшчыны прывяла статыстыку гібелі людзей у выніку артабстрэлаў і баёў у Харкаўскай вобласьці: загінулі 194 чалавекі, у тым ліку 126 мірных жыхароў, зь іх 5 дзяцей.