Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці з прытулку ў Запароскай вобласьці чакаюць аўтобуса для эвакуацыі ў Польшчу. Львоў, 5 лютага
Дзеці з прытулку ў Запароскай вобласьці чакаюць аўтобуса для эвакуацыі ў Польшчу. Львоў, 5 лютага

Начныя абстрэлы Харкава, Марыюпалю. Паўтара мільёна ўцекачоў. 11-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

У 10-ы дзень вайны праз абстрэлы і баі сарваўся гуманітарны калідор з Марыюпалю і Валнавахі. У Маскве заявілі пра аднаўленьне наступу, у Кіеве гавораць пра контранаступ на Слабажаншчыне.

  • Расея працягвае бамбіць украінскія гарады, жылую забудову і сацыяльную інфраструктуру. Мэр Чарнігава заяўляе пра генацыд.
  • Кіеў: Марыюпаль і шэраг гарадоў у Сумскай вобласьці на мяжы гуманітарнай катастрофы.
  • Падчас эвакуацыі з Ірпеня войскі РФ адкрылі агонь па цывільных, ёсьць ахвяры.
  • У Харкаве і вобласьці пасьля расейскіх абстрэлаў загінулі 194 чалавекі.
  • За 9 дзён вайны Ўкраіну пакінулі 1,45 мільёна чалавек.
  • Гештаб Мінабароны Ўкраіны заяўляе пра «канцэнтрацыю падразьдзяленьняў» УС Беларусі у Маларыцкім раёне .
  • Украінскія спэцслужбы затрымалі арганізатараў сеткі па стварэньні «Фэдэратыўнай рэспублікі Ўкраіна».
  • Ва Ўкраіне 58 000 дамоў застаюцца бяз газу, большасьць — у Харкаўскай вобласьці.
  • Ізраіль адкрые палявы шпіталь каля Львову
  • Расейцы абяцалі гуманітарны калідор для эвакуацыі жыхароў Марыюпалю і Валнавахі, але не далі. Дзясяты дзень вайны Расеі супраць Украіны​.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
18:50 6.3.2022

Мінабароны Расеі заявіла, што будзе наносіць удары па вайсковых прадпрыемствах ва Ўкраіне

Паведамляецца, што ўдары будуць наносіцца высокадакладнай зброяй.

18:57 6.3.2022

У Краматорску на Данбасе абстралялі жылы дом

Паводле папярэдняй вэрсіі, гэта была расейская крылатая ракета. Загінулі два чалавекі, паведамляе Донбасс.Реалии

19:05 6.3.2022

Украіна зьвярнулася да краін G7 з просьбай спыніць сяброўства Расеі і Беларусі ў МВФ і арганізацыях Сусьветнага банку

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль.

«Гэтыя дзьве краіны парушылі свае абавязаньні і накіравалі сваю палітыку на вайну», – адзначыў Шмыгаль.

19:16 6.3.2022

У Харкаве расейская армія абстраляла з «Градаў» навуковы цэнтар зь ядзернай устаноўкай — СБУ

6 сакавіка расейская армія абстраляла з рэактыўных сыстэм залпавага агню «Град» Харкаўскі фізыка-тэхнічны інстытут (ХФТІ), дзе знаходзіцца ядзерны навукова-дасьледчы комплекс, паведамляе Служба бясьпекі Ўкраіны Харкаўскай вобласьці.

37 ядзерных паліўных элемэнтаў загружаныя ў ядро дасьледчай базы, удакладняюць у СБУ.

«Зьнішчэньне ядзернай устаноўкі і сховішчаў ядзерных матэрыялаў можа прывесьці да маштабнай экалягічнай катастрофы», — адзначылі ў СБУ.

19:31 6.3.2022

За дні вайны загінулі ўжо мінімум 364 мірныя жыхары Ўкраіны, а 759 чалавек атрымалі раненьні

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай у нядзелю зводцы ААН.

Такім чынам, за суткі, якія прайшлі з публікацыі папярэдняй зводкі апарата Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, у сьпіс дадаліся 13 загінуўшых і 52 параненых.

19:39 6.3.2022

У небе над Харкавам зьбіты расійскі самалёт

Паводле кіраўніка Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі Алега Сінягубава, каля 18.15 падразьдзяленьне Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны зьбіла з зэнітна-ракетнага комплексу зьнішчальнік Су-25 у раёне ХТЗ.

Пілот не пасьпеў катапультавацца і загінуў на месцы.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

19:51 6.3.2022

Блінкен: Краіны NATO маюць ад ЗША «зялёнае сьвятло» на пастаўкі самалётаў-зьнішчальнікаў ва Ўкраіну

Пра гэта паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

20:33 6.3.2022

Людзі з усяго сьвету дапамагаюць украінцам праз Airbnb

Жыхары розных краін сьвету ў апошнія тры дні далучыліся да акцыі дапамогі ўкраінцам праз сетку Airbnb. Яны браніруюць кватэры на онлайн-пляцоўцы кампаніі, аплочваюць іх, але не засяляюцца.

Такім чынам у арандаванай кватэры бясплатна можа жыць любы грамадзянін Украіны, які мае ў гэтым патрэбу.

Заснавальнік Airbnb, амэрыканец Браян Чэскі 4 сакавіка паведаміў, што за двое сутак людзі ў межах гэтай ініцыятывы даслалі ўкраінцам ужо амаль 2 млн даляраў.

20:50 6.3.2022

У размове з Джонсанам Зяленскі дамовіўся аб «наступных супольных кроках» у процідзеяньні расейскай агрэсіі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам далейшае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і наступныя супольныя крокі.

«Працягнуў дыялёг з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Борысам Джонсанам. Паінфармаваў аб супрацьдзеяньні агрэсару. Асудзілі ядзерны тэрарызм і ваенныя злачынствы РФ. Абмеркавалі далейшае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і дамовіліся аб наступных супольных кроках», — напісаў Зяленскі ў Твітэры 6 сакавіка.

21:06 6.3.2022

У Харкаве нанесьлі авіяўдар па тэлевышцы

Пасьля ўдару расейскай авіяцыі па тэлевізійнай вышцы сёньня ўвечары ў горадзе перастала працаваць тэлебачаньне, піша «Українська правда».

Некалькі дзён таму падчас удару па тэлевышцы ў Кіеве, паводле зьвестак украінскіх уладаў, загінулі 5 чалавек.

21:32 6.3.2022

American Express прыпыніла працу ў РФ і Беларусі

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслугаў на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Як падкрэсьліваецца ў дакумэнце, у сувязі з падзеямі вакол Украіны American Express прыпыняе «усе апэрацыі ў Расеі». «Выдадзеныя ва ўсім сьвеце карты American Express больш ня будуць працаваць у банках і банкаматах у Расеі», — тлумачыцца ў заяве. «Мы таксама спыняем усе дзелавыя апэрацыі ў Беларусі», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

21:45 6.3.2022

TikTok прыпыняе працу ў Расеі з прычыны новых паправак у расейскае заканадаўства аб «фэйкавых навінах»

«Бясьпека нашых супрацоўнікаў і карыстальнікаў застаецца нашым галоўным прыярытэтам. У сьвятле новага расейскага закону аб “фэйкавых навінах” у нас няма іншага выбару, акрамя як прыпыніць прамую трансьляцыю і новы кантэнт для нашага відэасэрвісу, пакуль мы разглядаем наступствы гэтага закону для бясьпекі. Наша служба абмену паведамленьнямі ў аплікацыі ня будзе закранутая», — гаворыцца ў заяве прэс-службы сэрвісу TikTok.

4 сакавіка Дзяржаўная дума Расеі прыняла законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сілаў ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.

22:00 6.3.2022

У Беларусі і Расеі закрыюць крамы Tommy Hilfiger і Calvin Klein

Кампанія PVH Corp., якая валодае сярод іншага брэндамі моднага адзеньня Tommy Hilfiger і Calvin Klein, абвясьціла, што з 7 сакавіка часова закрывае ўсе свае крамы ў Расеі і Беларусі.

23:32 6.3.2022

Дэлегацыя Ўкраіны: згода немагчымая толькі аб тэрыторыях

Удзельнік украінскай дэлегацыі на перамовах з Расеяй, кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія, заявіў, што «адзіныя пытаньні, па якіх практычна немагчымая згода» з расейскім бокам — гэта «прызнаньне [расейскай прыналежнасьці] Крыму» і незалежнасьці так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

Гаворачы аб іншых патрабаваньнях Расеі — у прыватнасьці, аб нэўтральным вайсковым статусе Ўкраіны — Арахамія сказаў, што NATO не гатовая абмяркоўваць уступленьне яго краіны ў свае шэрагі ў бліжэйшыя 5-10 гадоў, а сама Ўкраіна «ня будзе змагацца за заяўку на ўступленьне».

00:02 7.3.2022

Харкаў, Чарнігаў, Марыюпаль, Херсон, Гастомель і Валнаваха атрымаюць званні «горад-герой»

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце.

Ганаровае званьне ўводзіцца «з мэтай адзначэньня подзьвігу, масавага гераізму і стойкасьці грамадзянаў, што праявіліся ў абароне сваіх гарадоў падчас адпору ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны».

XS
SM
MD
LG