Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: РФ будзе разглядаць спробы іншых краін устанавіць беспалётную зону над Украінай як удзел у ваенных дзеяньнях


Уладзімір Пуцін. 3 сакавіка 2022 году
Уладзімір Пуцін. 3 сакавіка 2022 году

Расея не дапусьціць закрыцьця неба над Украінай і будзе разглядаць спробы ўстанаўленьня беспалётнай зоны іншымі краінамі як удзел ва ўзброеным канфлікце. Аб гэтым Уладзімір Пуцін заявіў 5 сакавіка падчас сустрэчы з супрацоўніцамі «Аэрофлота».

«Цяпер мы чуем, што трэба зрабіць беспалётную зону над тэрыторыяй Украіны, — заявіў Пуцін. — Зрабіць гэта можна толькі з тэрыторыі суседніх дзяржаваў. Але ўсякі рух у гэтым кірунку будзе намі разглядацца як удзел ва ўзброеным канфлікце той краіны, з боку якой будуць стварацца пагрозы для нашых вайскоўцаў. Мы ў гэтую ж сэкунду будзем рэагаваць».

Выступаючы перад супрацоўніцамі «Аэрофлота», Пуцін таксама выказаўся пра хаду «ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне. Так, паводле яго, у баявых дзеяньнях з боку Расеі ўдзельнічаюць толькі афіцэры і кантрактнікі, а «прызыўнікоў няма ніводнага». Прызываць для ўдзелу ў «канфлікце» рэзэрвістаў таксама не плянуецца, як і ўводзіць у краіне ваеннае становішча.

З боку Ўкраіны, сьцьвярджае Пуцін, ваююць «нэанацысты», якія не выпускаюць сваіх грамадзян з зоны баявых дзеяньняў і прыкрываюцца імі як жывым шчытом, а таксама выкарыстоўваюць «джыхад-мабілі» з выбухоўкай. Сьцьвярджэньне аб тым, што цывільных не выпускаюць з зоны баявых дзеяньняў, раней 5 сакавіка зьняпраўдзілі ў гарадзкой адміністрацыі захопленага расейскімі войскамі Марыюпалю: там расказалі, што з 10-й раніцы бакі дамовіліся забясьпечыць гуманітарны калідор для вываду людзей, але расейскія вайскоўцы парушылі дамоўленасьць і працягнулі абстрэлы гораду і яго навакольляў.

Санкцыі, якія ўводзіць міжнародная супольнасьць супраць Расеі з прычыны яе ўварваньня ва Ўкраіну, Пуцін параўнаў з абвяшчэньнем вайны.

Урэшце расейскі прэзыдэнт заявіў, што ў Расеі жыхарам можна пратэставаць супраць «цяжкага» рашэньня ўладаў аб правядзеньні «апэрацыі», а ва Ўкраіне людзей, якія спрабуюць нешта казаць наконт Расеі, «пачалі расстрэльваць проста, без суду і сьледзтва».

У Расеі за некалькі дзён пратэстаў супраць вайны затрымалі больш за 8 тысяч чалавек. 5 сакавіка Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб крымінальным пакараньні за распаўсюджваньне «фэйкаў» аб ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне, адпаведна якомурасейцам пагражаюць кары ў выглядзе штрафаў і пазбаўленьня волі да 15 гадоў. Таксама ўвялі адміністрацыйную адказнасьць за «публічную дыскрэдытацыю арміі» і «заклікі не прымяняць узброеныя сілы».

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў 5 сакавіка заявіў, што пратэставаць супраць таго, што адбываецца, грамадзяне могуць «у рамках закону». Пры гэтым маскоўская мэрыя адмовілася ўзгадніць антываенны марш 12 сакавіка, спаслаўшыся на абмежаваньні, зьвязаныя з каранавірусам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG