Мінабароны Расеі: Мы аднавілі наступленьне
Міністэрства абароны Расеі завіла: «У сувязі зь нежаданьнем Украіны ўзьдзейнічаць на нацыяналістаў або працягваць "рэжым цішыні" наступальныя дзеяньні з 18.00 адноўленыя».
Раней кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка паведаміў, што, нягледзячы на дамоўленасьці з Расеяй пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, расейскі бок працягваў абстрэлы, і таму эвакуацыю насельніцтва з Марыюпалю вырашылі перанесьці.
У Кіеўскай вобласьці «кадыраўцы» захапілі псыханэўралягічны інтэрнат
Чачэнскія вайскоўцы расейскага войска (таксама вядомыя як «кадыраўцы» паводле прозьвішча кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава) захапілі псыханэўралягічны інтэрнат у Барадзянцы ў Кіеўскай вобласьці, заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава са спасылкай на зьвесткі Міністэрства сацыяльнай палітыкі.
Паводле яе, ва ўстанове знаходзяцца 600 чалавек з устойлівымі інтэлектуальнымі або псыхічнымі парушэньнямі. Яны патрабуюць догляду і лячэньня.
Кітай заклікае Расею і Украіну да прамых перамоваў
Пра гэта ў тэлефоннай размове з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам заявіў міністар замежных спраў Кітаю Ван І.
Як паведамляе кітайскае англамоўнае выданьне Global Times, Ван І заявіў, што сытуацыя ва Украіне дайшла да такога стану, якога не хацеў бачыць кітайскі бок.
Арахамія: трэці раўнд украінска-расейскіх перамоваў мае адбыцца ў панядзелак
У панядзелак, 7 сакавіка, мае адбыцца трэці раўнд перамоваў Украіны і Расеі, паведаміў старшыня фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Давід Арахамія.
Прэм’ер Ізраілю Бэнэт сустрэўся з Пуціным у Маскве
Паводле Reuters, кіраўнік ізраільскага ўраду абмеркаваў з расейскім прэзыдэнтам сытуацыю ва Ўкраіне. Падрабязнасьці размовы пакуль невядомыя.
Гэта першы візыт замежнага лідэра ў Маскву пасьля пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, адзначае РБК.
У Пецярбургу і Ўладзіміры да актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў прыйшлі зь ператрусамі
У расейскіх Пецярбургу і Ўладзіміры праходзяць масавыя ператрусы ў актывістаў, муніцыпальных дэпутатаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія баранілі ў судах удзельнікаў мітынгаў.
Як паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на праваабаронцу Дынару Ідрыс, ператрусы ў Пецярбургу праводзяцца больш чым па 80 адрасах.
Уладзімірскае выданьне «Довод» і тэлеграм-канал «Резонанс» паведамляюць пра ператрусы ў пяці чалавек.
«Фонтанка» паведамляе, што масавыя ператрусы ў актывістаў і праваабаронцаў у Пецярбургу прайшлі па крымінальнай справе па артыкуле аб заведама ілжывым паведамленьні аб падрыхтоўцы выбуху на аб’екце сацыяльнай інфраструктуры. Паводле зьвестак выданьня, ператрусы ўжо адбыліся ў 40 чалавек, сярод якіх муніцыпальныя дэпутаты, праваабаронцы і актывісты.
Белтэлерадыёкампанія адмовілася трансьляваць матчы гэтага туру ангельскай Прэм’ер-лігі праз «палітычныя акцыі»
БТРК прыняла рашэньне не паказваць матчы чарговага туру АПЛ, паколькі «спорт па-за палітыкай». Раней на матчах турніру і іншых ліг Эўропы неаднаразова выказвалася падтрымка Ўкраіне з заклікамі спыніць вайну.
Зяленскі заклікаў украінцаў на акупаваных тэрыторыях пратэставаць
«Украінцы, ва ўсіх нашых гарадах, куды ўвайшоў вораг, адчуйце гэта, ідзіце ў наступ! — заявіў Зяленскі. — Данбас, цяпер самы час. Зьвяртаем да ўсіх людзей на часова акупаваных тэрыторыях: да ўсіх, хто нас чуе, каму ня сьцерлі памяць прапагандай, каму не заплюшчылі вочы страхам, каму не скалечылі душу цынізмам: Змагайцеся! Змагайцеся за свае правы, за сваю свабоду, за Ўкраіну!»
Пуцін спрасьціў уезд у Расею з Украіны і тэрыторыяў так званых «ДНР» і «ЛНР», паведамілі ў Крамлі
Паводле паведамленьня ТАСС, яны змогуць заяжджаць на тэрыторыю Расеі ня толькі бязь візы, але і з пратэрмінаванымі дакумэнтамі.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да народу Расеі
«Я ня веру, што вы хочаце крывавай, разбуральнай вайны супраць Украіны — краіны і народу, зь якім вас зьвязваюць настолькі глыбокія сямейныя, гістарычныя і культурныя сувязі», — гаворыцца ў кароткім звароце, апублікаваным у Twitter Дзярждэпартамэнту ЗША.
Ва Украіне 58000 дамоў застаюцца бяз газу, большасьць — у Харкаўскай вобласьці
Ва Ўкраіне колькасьць хатніх гаспадарак, дзе няма газу, вырасла за суткі да 58 тысяч. Больш за ўсё спажыўцоў бяз газазабесьпячэньня ў Харкаўскай вобласьці.
Паводле інфармацыі ўрадавага парталу, па стане на 20:00 5 сакавіка аднавілі газазабесьпячэньне амаль у 1500 дамах. Найбольшая колькасьць хатніх гаспадарак, у якія ўдалося вярнуць газ у Харкаўскай вобласьці — больш за 1100, яшчэ 300 — у Жытомірскай.