Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйны будынак Запароскай АЭС пашкоджаны падчас расейскага ўварваньня ва Украіну 4 сакавіка.
Адміністрацыйны будынак Запароскай АЭС пашкоджаны падчас расейскага ўварваньня ва Украіну 4 сакавіка.

Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Расея дзявяты дзень вядзе агрэсію супраць Украіны. Ідуць баі каля Запароскай АЭС, інтэрвэнты страляюць па мірным насельніцтве. Больш за мільён жыхароў Украіны за першы тыдзень вайны вымушана пакінулі тэрыторыю дзяржавы.

  • Украіна і Расея правялі другі раўнд перамоваў. Дамовіліся аб магчымасьці часовага спыненьня агню для арганізацыі гуманітарных калідораў.
  • Кіеў: з пачатку расейскай агрэсіі загінулі больш як 2000 мірных жыхароў.
  • ААН: за тыдзень вайны Ўкраіну пакінуў мільён чалавек.
  • У Расею пайшлі першыя «пахаронкі». Маці палоннага расейскага салдата напісала Лукашэнку.
  • Беларусы робяць дывэрсіі на чыгунцы, каб не дапусьціць прыезду расейскіх вайсковых эшалёнаў ва Ўкраіну.
  • Расейскія ўлады блякуюць сайты недзяржаўных СМІ за тое, што тыя прыводзяць колькасьць ахвяр не з афіцыйных крыніц і называюць баявыя дзеяньні вайной, а не спэцапэрацыяй.
  • Увечары 3 сакавіка расейцы пачалі абстрэльваць Запароскую АЭС і выклікалі на ёй пажар, што можа прывесьці да буйной экалягічнай катастрофы. Вядома, што расейцы захапілі пляцоўку перад АЭС.
  • Падчас абароны АЭС загінулі 3 украінскія вайкоўцаў, двое параненыя, адзін зь іх у цяжкім стане. Пажар зьліквідавалі ўкраінскія ратавальнікі. Сытуацыя вакол АЭС імкліва зьмяняецца.
  • Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне
19:55 4.3.2022

BBC прыпыняе працу ў Расеі

У адказ на прыняты расейскімі ўладамі новы закон аб асьвятленьні навін у Расеі, генэральны дырэктар BBC Тым Дэйві заявіў:

«Гэты закон робіць крымінальна караным сам працэс незалежнай журналістыкі. Гэта не пакідае нам іншага выбару, акрамя як часова прыпыніць працу ў Расейскай Фэдэрацыі ўсіх журналістаў BBC News і дапаможнага пэрсаналу, пакуль мы ацэньваем усе наступствы гэтай непрывабнай падзеі».

Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў пятніцу адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сіл ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.

21:17 4.3.2022

У Расеі заблякавалі Facebook

Прэзыдэнт кампаніі Meta (якая валодае Facebook) Нік Клег заявіў: «Хутка мільёны звычайных расейцаў даведаюцца, што іх адрэзалі ад дакладнай інфармацыі, пазбавілі іх штодзённай магчымасці размаўляць зь сям’ёй і сябрамі і прымусілі маўчаць. Мы працягнем рабіць усё, каб аднавіць нашы сэрвісы, каб яны засталіся даступнымі для людзей, якія змогуць бясьпечна выказваць свае думкі і арганізоўваць свае дзеяньні».

Раней у пятніцу Дзяржаўная дума Расеі прыняла адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сілаў ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.

21:20 4.3.2022

Сэпаратысты Прыднястроўя заклікалі Малдову прызнаць іх незалежнымі. Малдова падае заяўку ў Эўразьвяз

Пасьля абвешчаньня кіраўніцтвам Малдовы аб падачы заяўкі на ўступ у Эўразьвяз улады самаабвешчанага Прыднястроўя заклікалі Малдову прызнаць незалежнасьць рэгіёну і падпісаць міждзяржаўную дамову.

Прыднястроўе — сэпаратысцкі рэгіён Малдовы, фактычна непадкантрольны Кішынёву з 1992 году. Паводле малдоўскіх законаў тэрыторыя на левым беразе Днястра з насельніцтвам каля паўмільёна чалавек мае статус «аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэньня з асаблівым праўным статусам».

Расея ўжо больш за дваццаць гадоў трымае ў Прыднястроўі каля 1700 вайскоўцаў.

21:41 4.3.2022

МАГАТЭ тэрмінова праінспэктуе ўкраінскія АЭС, паведамляе «Енергоатом»​

Старшыня МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што агенцтва плянуе прыслаць інспэкцыю ва Ўкраіну для праверкі АЭС у сувязі з абстрэлам Запароскай атамнай станцыі.

Пра гэта паведамляе ўкраінскае дзяржаўнае ведамства «Енергоатом»​. Таксама плянуюць правесьці праверку ў Чарнобыльскай зоне.

22:04 4.3.2022

Зяленскі праз Zoom зьвярнуўся да людзей на плошчах эўрапейскіх гарадоў

22:50 4.3.2022

У Расеі цалкам заблякавалі Twitter

Пра гэта паведаміла «Медиазона» з спасылкай на праект RKN Dump Check. Неўзабаве інфармацыю афіцыйна пацьвердзіў «Роскомнадзор».

Паводле сэрвісу GlobalCheck, даступнасьць сацыяльнай сеткі ў Расеі — 0%. Карэспандэнты «Медиазоны» не змаглі адкрыць Twitter без VPN.

22:56 4.3.2022

Ва Ўкраіне завочна арыштавалі расейскага рэжысэра Мікіту Міхалкова

Міхалкова падазраюць у замаху на тэрытарыяльную цэласьць Украіны за яго выказваньні у падтрымку «ваеннай спэцапэрацыі» Расеі, паведаміла генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава.

23:05 4.3.2022

Расейскія войскі занялі горад Трасьцянец у Сумской вобласьці Ўкраіны

Кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі піша, што расейцы кантралююць падстанцыю хуткай дапамогі і не дазваляюць мэдыкам выяжджаць на выклікі — толькі на экстраныя да дзяцей. Паводле яго, мэдыкаў папярэдзілі, што яны будуць расстраляныя, калі парушаць забарону. Мясцовае насельніцтва не мае магчымасьці купіць прадукты — усе крамы разрабаваныя, ідуць ператрусы, у горадзе працуюць снайпэры.

23:19 4.3.2022

У Расеі пачынаюць блякаваць Youtube

Пра гэта сьведчаць дадзеныя сэрвісу GlobalCheck

23:20 4.3.2022

Пуцін падпісаў закон пра «фэйкі»

Раней у пятніцу Дзяржаўная дума Расеі прыняла адразу ў трох чытаньнях законапраект аб крымінальнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» аб дзеяньнях расейскіх Узброеных сілаў ва Ўкраіне. Людзям можа пагражаць да 15 гадоў турмы.

XS
SM
MD
LG