Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жанчыны сталі адказнымі за вайну, якой не пачыналі


Пратэст у Менску 27 лютага 2022
Пратэст у Менску 27 лютага 2022

«Мамы, забірайце адсюль сваіх сыноў!», «Жанчыны, не пускайце сюды сваіх мужчын!» – такія заклікі апошнімі днямі гучаць ад украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў і жыхарак. Непрыемна? Вельмі. Крыўдна? Так. Я б нават сказала, абразьліва. Але вельмі лягічна.

Сытуацыя такая, што жанчын зноў і зноў абвяшчаюць адказнымі за тое, што адбываецца. Жанчыны мусяць спыняць, не пускаць, забіраць, тлумачыць. Нібыта жанчыны распачалі вайну і адпраўляюць на яе кагосьці. І як бы гэта ні было несправядліва, як бы ні хацелася крычаць у адказ, што я ці вы асабіста нікога нікуды не адпраўлялі, трэба разумець, што гэтыя прэтэнзіі – вынік культуры, у якой мы жылі да апошняга мірнага дня.

А цяпер я заклікаю ня крыўдзіцца на гэтыя звароты, а канчаткова запомніць, што патрыярхальная культура – гэта абсалютнае зло, якое зрабіла магчымым і напад Расеі на Украіну, і наклала адказнасьць за гэты напад на жанчын.

Жанчыны ў гэтай культуры аказваюцца ў двайной пастцы: з аднаго боку, мы амаль цалкам выключаны з прыняцьця стратэгічных для дзяржавы рашэньняў, а з другога, з нас у выніку і спаганяюць. Ёсьць думка, што калі б рашэньні такога ўзроўню прымалі жанчыны, якія на ўзроўні ўласнага цела ведаюць, як шмат каштуе стварэньне новага жыцьця, ваенных агрэсій у сьвеце было б менш. І хай гэтая ідэя вельмі грубая і ня ўлічвае мільёна нюансаў, у ёй ёсьць рацыянальнае зерне.

Але ў Расеі шмат гадоў праводзілася палітыка «бабы яшчэ панараджаюць». І цяперашні напад на Ўкраіну – гэта своеасаблівая кульмінацыя такой палітыкі. Усе размовы пра «скрэпы» і традыцыйныя сем’і з традыцыйнымі каштоўнасьцямі, уся фанатычная любоў да тэмы Другой сусьветнай вайны і апрананьне дзяцей у вайсковую форму былі дзеля таго, каб у хуткім часе выкарыстаць гэтых самых дзяцей як гарматнае мяса. Іх проста прывучалі быць забойцамі і пры гэтым наўмысна не казалі, што саміх іх таксама будуць забіваць.

Штодзень я гляджу відэа з палоннымі расейскімі вайскоўцамі, якім пашанцавала ня быць забітымі. Сярод іх вельмі шмат зусім маладых хлопцаў, якім 19-20 гадоў, і яны відавочна не чакалі, што так уляпаюцца. І яны просяць мамак, каб тыя іх забралі, бо так працуе гэтая культура: мужчыны адправілі іх забіваць (і паміраць самім), а ад жанчын яны чакаюць паратунку.

І мы можам бясконца крыўдаваць і казаць, што гэта несправядліва. Але рэальнасьць такая. Нас лічаць адказнымі і ад нас чакаюць, што мы спынім гэтую вайну.

А таксама рэальнасьць такая, што, пакуль патрыярхальная культура працягне існаваць і пасьля сканчэньня вайны, дык гэта будзе ня мір, а невялікі перапынак перад новым пеклам. За якое нас зноўку прызначаць адказнымі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG