Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat: расейская ракета трапіла ў месца, дзе распраналі габрэяў перад расстрэламі ў Бабіным Яры ў Кіеве


Абстрэл тэлевежы ў Кіеве
Абстрэл тэлевежы ў Кіеве

1 сакавіка расейскія ўдары шмат разоў траплялі у аб’екты цывільнай інфраструктуры Украіны, у прыватнасьці ў Барадзянцы Кіеўскай вобласці, дзе меркаваны авіяўдар зьнішчыў цэлы пад’езд.

Аляксей Арастовіч, прадстаўнік Офісу прэзыдэнта, пацьвердзіў, што расейцы абстралялі тэрыторыю, па якой фашысты вялі габрэяў на расстрэлы.

«Пападаньне расейскай ракеты ў Бабін Яр — адна з галоўных памылак расейцаў у гэтай вайне; такія выпадкі будуць нарастаць і сустракаць асуджэньне ў сьвеце, — заявіў Аляксей Арастовіч.

Пра абстрэл цывільнай інфраструктуры выказаўся прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

«Мы шмат прабачылі адзін аднаму, мы палюбілі адзін аднаго, мы дапамагаем адзін аднаму, мы баімося адзін за аднаго. Учора на плошчы Свабоды мы ўсе былі харкавянамі, потым вораг зьнёс нас усіх ударамі па жылых будынках у Барадзянцы. Учора ўвечары нас усіх бамбілі ў Кіеве, і мы ўсе загінулі ў Бабіным Яры ад ракетнага ўдару».

Бабін Яр — месца масавых расстрэлаў цывільнага насельніцтва, пераважна габрэяў, у Кіеве нацыстамі ў Другой усясьветнай вайне.

«Гэта за мяжой чалавечнасьці. Такі ракетны ўдар сьведчыць, што для шмат якіх людзей у Расеі наш Кіеў абсалютна чужы, яны нічога ня ведаюць пра нашу сталіцу, пра нашу гісторыю, але ў іх ёсьць загад — сьцерці нашу гісторыю, краіну, нас усіх», — сказаў Зяленскі.

Пра тое, што расейская ракета пацэліла ў месца расстрэлаў габрэяў у Бабіным Яры ў Кіеве, пацьвердзілі і ў расьсьледнай групе Bellingcat.

Сусьветную грамадзкасць асабліва ўскалыхнуў ракетны ўдар па кіеўскай тэлевежы, які ня толькі забраў жыцьці пяці чалавек, сям’ю, якая «проста праходзіла побач», але ўдарыў побач з мэмарыялам ахвярам Халакосту.

Абурэньне ўжо выказаў музэй нацысцкага лягеру сьмерці Аўшвіц (Асьвенцім).

Bellingcat зрабіў геалякацыю месца трапляньня расейскага ракетнага ўдару і супаставіў яго з мапай маршруту габрэяў, якіх вялі на расстрэл з кіеўскай Лукʼянаўкі. Выявілася, што ўдар прыйшоўся туды, дзе габрэяў распраналі перад расстрэлам (у савецкі час гэтыя месцы забудоўвалі рознымі гаспадарчымі спарудамі).

Расейцы пазьней заявілі, што хацелі пацэліць у тэлевежу. Аднак гэта можна расцэньваць як першы прызнаны і мэтанакіраваны ўдар па цывільным абʼекце, заявілі расьсьледвальнікі:

«Акрамя таго, для апэрацыі, якая пазыцыянуецца як антынацысцкая, прынамсі вельмі дзіўна такое грэбаваньне памяцьцю ахвяраў нацысцкага рэжыму».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG