«У нас сытуацыя стабільна напружаная. Нашыя вайскоўцы трымаюць абарону і наносяць удары ў адказ. Вораг ужо абстрэльвае і Севераданецк, і Лісічанск (падкантрольныя Ўкраіне. — РС). Сёньня таксама прыляцела ўжо ў цывільныя раёны. Ёсьць параненыя, але, дзякаваць Богу, няма забітых», — заявіў Сяргей Гайдай у звароце да мясцовых жыхароў.
Паводле яго, Горскую грамаду ў Севераданецкім раёне расстрэльваюць з усёй зброі.
«Там засталося, магчыма, 20-30% дамоў. Там вельмі цяжкая сытуацыя, і мы нават ня можам прывезьці гуманітарную дапамогу».
Сяргей Гайдай разьмясьціў на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook відэазапіс, на якім відаць, як выйшлі супраць расейскай вайсковай тэхнікі жыхары Старабельску. Жыхары выйшлі зь дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі, сьпяваючы гімн Украіны, а калі расейскіх танкісты адкрылі агонь з аўтаматаў, пачалі выгукваць па-расейску: «Акупанты! Забойцы!».