Мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць у Менску 10 сакавіка (пачатак аб 11-й гадзіне), паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачваюць у «наўмысных дзеяньнях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў», піша «Эўрарадыё».
Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 году. Па вэрсіі Генпракуратуры, мастак «зьдзейсьніў дзеяньні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасьці беларускіх калябарацыянісцкіх арганізацый». Маецца на ўвазе зьмяшчэньне на выставе ў Горадні партрэта ўдзельніка пасьляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара.
Таксама склад злачынства сілавікі ўбачылі і ў іншых творах і акцыях мастака. Напрыклад, у пэрформансе ў Кіеве ў сакавіку 2021-га. Алесь Пушкін пасьля яго вярнуўся ў Беларусь, ужо ведаючы пра пагрозу крымінальнай справы.
Праваабаронцы Беларусі прызналі Пушкіна палітвязьнем.