Працягваюцца абстрэлы Харкава. ВІДЭА
З Харкаву паведамляюць пра абстрэл заводу пад’ёмна-транспартнага абсталяваньня. Сьведкі кажуць, што ўдар нанесла расейская авіяцыя. Гараць таксама суседнія будынкі.
Таксама ў Харкаве абстралялі жылы будынак у раёне Паўночная Салтаўка.
Уладзімір Зяленскі і сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук заклікалі эўрадэпутатаў падтрымаць заяўку Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Эўрапарлямэнту 1 сакавіка. Пасьля яго выступіў сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук.
Зяленскі заклікаў Эўрапейскі парлямэнт даказаць, што Эўропа выступае на баку Ўкраіны.
«Ніхто нас не зламае. Мы моцныя, мы — украінцы. Учора загінулі 16 дзяцей. І зноў Пуцін скажа, што яны абстрэльваюць толькі вайсковую інфраструктуру. Дзе гэтыя нашы дзеці працуюць? На якіх вайсковых заводах?» — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ўкраінскі народ вельмі матываваны.
«Мы змагаемся за нашыя правы, за свабоду, за жыцьцё, а цяпер і за выжываньне. І гэта галоўная наша матывацыя, але мы змагаемся і за тое, каб быць раўнапраўнымі чальцамі Эўропы. Я лічу, што сёньня мы ўсім паказваем, што мы такія і ёсьць. З намі Эўрапейскі Зьвяз будзе дакладна мацнейшым, а бяз вас Украіна будзе ў адзіноце. Мы даказалі сваёй сілай, як мінімум, што мы такія, як вы. Дакажыце, што вы разам з намі. Дакажыце, што вы нас не адпускаеце. Дакажыце, што вы сапраўды эўрапейцы. І тады жыцьцё пераможа сьмерць, а сьвятло цемру. Слава Ўкраіне!», — заявіў Зяленскі.
Эўрапарлямэнт вітаў Зяленскага воплескамі, стоячы. У зале шмат украінскіх сьцягоў.
Мапа баявых дзеяньняў у вайне Расеі супраць Украіны ад Financial Times
У Калінаўцы Кіеўскай вобласьці бомба цалкам зьнішчыла жылы дом
На месцы знойдзеныя парэшткі цела гаспадыні, працягваюць шукаць мужчыну.
Больш за 100 беларусаў асудзілі за пратэст супраць вайны Расеі ва Ўкраіне, якую падтрымаў Лукашэнка
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, судзьдзі пасьпелі разглядзець ужо мінімум 100 адміністрацыйных справаў. На гэты момант больш за 91 беларусаў пасьпелі адправіць на «суткі». Пры гэтым вядомыя толькі чатыры выпадкі, калі судзьдзі замест арышту прызначылі штраф.
Міністэрства абароны Расеі папярэдзіла аб ударах па аб’ектах у Кіеве
У ведамстве назвалі такімі аб’ектамі СБУ і 72-і галоўны цэнтар інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў у Кіеве.
«Заклікаем украінскіх грамадзян, якія прыцягваюцца ўкраінскімі нацыяналістамі для ажыцьцяўленьня правакацыяў супраць Расеі, а таксама жыхароў Кіева, якія жывуць побач з рэтрансьляцыйнымі вузламі, пакінуць свае дамы», — заявілі ў расейскім вайсковым ведамстве.
Гэта першае паведамленьне Расеі аб ударах па ўкраінскай сталіцы, якія працягваюцца з 24 лютага.
«І чаму гэтая вайна павінна быць?» Гутарка з маці палоннага расейскага салдата
Свабода пагутарыла з маці расейскага салдата 27-гадовага Рамана Буханцова зь Белгарадзкай вобласьці. Ён быў на вучэньнях у Беларусі і ўвайшоў у складзе акупацыйных войскаў ва Ўкраіну, дзе трапіў у палон.
Маці плача і кажа: «У кожнага ёсьць сваякі ва Ўкраіне. І чаму гэтая вайна павінна быць? Ня ведаю. Я хачу, каб гэта хутчэй скончылася і каб маё дзіця было дома. Больш нічога не хачу».
Ці ёсьць беларускія вайскоўцы ва Ўкраіне?
1 сакавіка ўкраінскія СМІ са спасылкай на вайсковае кіраўніцтва паведамілі пра тое, што часткі Міністэрства абароны Беларусі зайшлі на тэрыторыю Чарнігаўскай вобласьці.
Міністэрства абароны Беларусі: Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма і ня можа быць беларускіх вайскоўцаў
Міністэрства абароны Беларусі зьняпраўдзіла прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне.
«Міністэрства абароны неаднойчы заяўляла, што ўсе беларускія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У пунктах пастаяннай дысьлякацыі. І не бяруць удзелу ў спэцыяльнай апэрацыі на Данбасе», — сказала афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Іна Гарбачова. Яе словы цытуе БелТА.
Беларускія афіцыйныя ведамствы вайну ва Ўкраіне, падчас якой расейскія войскі заходзяць ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, працягваюць называць «спэцыяльнай апэрацыяй на Данбасе».
З раніцы 1 сакавіка пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што пад Чарнігавам заўважылі беларускую тэхніку. Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьвердзілася.
Прадстаўнікі ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі сыходзяць з выступу Лаўрова на форуме ААН аб правах чалавека
Як цяжарная ўкраінка зь Цярнопалю з трыма дзецьмі ледзь трапіла ў Польшчу. ВІДЭА
Надзея расказала, як ёй удалося праехаць да мяжы, празь месяц ёй нараджаць.
У Сумскай вобласьці адбыўся першы абмен палоннымі
Кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі паведаміў аб першым абмене палоннымі.
«Першы абмен палоннымі адбыўся на Сумшчыне. Мы абмянялі нашых пяцёх людзей з тэрытарыяльнай абароны на аднаго расейскага афіцэра вайсковай паліцыі», — напісаў ён.
Ва Ўкраіне зьявілася першая беларуская рота з добраахвотнікаў
Яна створана пры Кіеўскай тэрытарыяльнай абароне «Азов», паведамляе УНІАН.
Рада дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця рэкамэндавала забараніць фінансавую дапамогу Расеі і Беларусі
Кіраўнікі банку маюць 30 дзён, каб прагаласаваць за рэзалюцыю. Для ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі і Беларусі патрэбна 2/3 галасоў «за».
Кампанія Exxon Mobil адклікае сваіх спэцыялістаў з расейскіх нафтагазавых праектаў
Пра гэта паведамляе Reuters.
Сярод адкліканых спэцыялістаў супрацоўнікі буйнога прадпрыемства здабычы нафты і газу на востраве Сахалін на Далёкім Усходзе Расеі.
Жонка расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выступіла за спыненьне вайсковай агрэсіі Расеі на Украіну
«Пуцін — гэта не Расея! Мы не жадаем нікога бамбіць. Ні ў кога страляць. Нікога заваёўваць. Мы хочам міру. Нас дзясяткі мільёнаў. Мы ня будзем саўдзельнікамі ў ваенным злачынстве. І мы ня будзем маўчаць. Не — вайне!», — напісала Юлія ў інстаграме.
Netflix спыніў працу над расейскімі праектамі
Сярод расейскіх праектаў, якія мелі эксклюзіўна выйсьці на сэрвісе, шэраг праектаў, у тым ліку крымінальны трылер «Затое» беларускай рэжысэркі Дар’і Жук.
Польская пракуратура распачала расьсьледаваньне па факце злачынства Расеі — «агрэсіўнай вайны» супраць Украіны
Загад на гэта выдаў 28 лютага міністар юстыцыі Польшчы Зьбігнеў Зёбра.
Сёньня на прэс-канферэнцыі Зёбра паведаміў, што ў нядзелю размаўляў з генэральным пракурорам Украіны Ірынай Венядзіктавай. Паводле яго, Венядзіктава папрасіла польскую пракуратуру ўдзельнічаць у працэсе дакумэнтаваньня «злачынных дзеяньняў», якія адбываюцца ва Украіне.
«У рамках расьсьледаваньня мы задакумэнтуем усе падзеі, якія надалей стануць падставай для прыцягненьня вінаватых у гэтых злачынствах да міжнароднай крымінальнай адказнасьці», — перадае словы кіраўніка польскага Міністэрства юстыцыі PAP.
Марыюпаль пад шквалам удараў расейскай рэактыўнай артылерыі
Паранены 21 чалавек, колькасьць загінулых пакуль невядомая.
«Марыюпаль – пад шквалам расейскай рэактыўнай артылерыі. Акупанты наносяць удары па ўсіх раёнах гораду. Абстрэлы не спыняюцца… Па апэратыўнай інфармацыі, ужо вядома пра 21 параненага. Колькі загінулых, пакуль невядома», – напісаў у фэйсбуку начальнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.
Сакратар РНБА: Украіна мае магчымасьць нанесьці ўдар па тэрыторыі Беларусі, калі будзе загад Зяленскага
«Нашыя войскі сёньня займаюцца зьнішчэньнем расейскай вайсковай тэхнікі і рэсурсаў, якія ёсьць на сёньняшні дзень на тэрыторыі нашай краіны. Пры неабходнасьці, калі будзе прынята рашэньне вярхоўным галоўнакамандуючым зрабіць гэта, яно будзе прынята», — заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у эфіры тэлеканалу «Украіна 24».
На пытаньне, ці зможа нанесьці Ўкраіна ўдар па тэрыторыі Беларусі ў выпадку прыняцьця прэзыдэнтам Украіны, вярхоўным галоўнакамандуючым Уладзімірам Зяленскім рашэньня, Данілаў адказаў: «Вядома ж».