Ці ёсьць беларускія вайскоўцы ва Ўкраіне?
1 сакавіка ўкраінскія СМІ са спасылкай на вайсковае кіраўніцтва паведамілі пра тое, што часткі Міністэрства абароны Беларусі зайшлі на тэрыторыю Чарнігаўскай вобласьці.
«І чаму гэтая вайна павінна быць?» Гутарка з маці палоннага расейскага салдата
Свабода пагутарыла з маці расейскага салдата 27-гадовага Рамана Буханцова зь Белгарадзкай вобласьці. Ён быў на вучэньнях у Беларусі і ўвайшоў у складзе акупацыйных войскаў ва Ўкраіну, дзе трапіў у палон.
Маці плача і кажа: «У кожнага ёсьць сваякі ва Ўкраіне. І чаму гэтая вайна павінна быць? Ня ведаю. Я хачу, каб гэта хутчэй скончылася і каб маё дзіця было дома. Больш нічога не хачу».
Міністэрства абароны Расеі папярэдзіла аб ударах па аб’ектах у Кіеве
У ведамстве назвалі такімі аб’ектамі СБУ і 72-і галоўны цэнтар інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў у Кіеве.
«Заклікаем украінскіх грамадзян, якія прыцягваюцца ўкраінскімі нацыяналістамі для ажыцьцяўленьня правакацыяў супраць Расеі, а таксама жыхароў Кіева, якія жывуць побач з рэтрансьляцыйнымі вузламі, пакінуць свае дамы», — заявілі ў расейскім вайсковым ведамстве.
Гэта першае паведамленьне Расеі аб ударах па ўкраінскай сталіцы, якія працягваюцца з 24 лютага.
Больш за 100 беларусаў асудзілі за пратэст супраць вайны Расеі ва Ўкраіне, якую падтрымаў Лукашэнка
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, судзьдзі пасьпелі разглядзець ужо мінімум 100 адміністрацыйных справаў. На гэты момант больш за 91 беларусаў пасьпелі адправіць на «суткі». Пры гэтым вядомыя толькі чатыры выпадкі, калі судзьдзі замест арышту прызначылі штраф.
У Калінаўцы Кіеўскай вобласьці бомба цалкам зьнішчыла жылы дом
На месцы знойдзеныя парэшткі цела гаспадыні, працягваюць шукаць мужчыну.
Мапа баявых дзеяньняў у вайне Расеі супраць Украіны ад Financial Times
Уладзімір Зяленскі і сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук заклікалі эўрадэпутатаў падтрымаць заяўку Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Эўрапарлямэнту 1 сакавіка. Пасьля яго выступіў сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук.
Зяленскі заклікаў Эўрапейскі парлямэнт даказаць, што Эўропа выступае на баку Ўкраіны.
«Ніхто нас не зламае. Мы моцныя, мы — украінцы. Учора загінулі 16 дзяцей. І зноў Пуцін скажа, што яны абстрэльваюць толькі вайсковую інфраструктуру. Дзе гэтыя нашы дзеці працуюць? На якіх вайсковых заводах?» — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ўкраінскі народ вельмі матываваны.
«Мы змагаемся за нашыя правы, за свабоду, за жыцьцё, а цяпер і за выжываньне. І гэта галоўная наша матывацыя, але мы змагаемся і за тое, каб быць раўнапраўнымі чальцамі Эўропы. Я лічу, што сёньня мы ўсім паказваем, што мы такія і ёсьць. З намі Эўрапейскі Зьвяз будзе дакладна мацнейшым, а бяз вас Украіна будзе ў адзіноце. Мы даказалі сваёй сілай, як мінімум, што мы такія, як вы. Дакажыце, што вы разам з намі. Дакажыце, што вы нас не адпускаеце. Дакажыце, што вы сапраўды эўрапейцы. І тады жыцьцё пераможа сьмерць, а сьвятло цемру. Слава Ўкраіне!», — заявіў Зяленскі.
Эўрапарлямэнт вітаў Зяленскага воплескамі, стоячы. У зале шмат украінскіх сьцягоў.
Працягваюцца абстрэлы Харкава. ВІДЭА
З Харкаву паведамляюць пра абстрэл заводу пад’ёмна-транспартнага абсталяваньня. Сьведкі кажуць, што ўдар нанесла расейская авіяцыя. Гараць таксама суседнія будынкі.
Таксама ў Харкаве абстралялі жылы будынак у раёне Паўночная Салтаўка.
Уначы на Кіеўшчыне зьнішчылі калёну расейскай вайсковай тэхнікі
Калёну зьнішчылі ў горадзе Барадзянка.
Зяленскі выступае перад Эўрапарлямэнтам. ВІДЭА
Лукашэнка павялічыць колькасьць батальённых тактычных групаў на паўднёвай мяжы з 5 да 10
Пра гэта непрызнаны кіраўнік Беларусі заявіў 1 сакавіка ў Менску на паседжаньні Савету бясьпекі. Ён перасьцярог кіраўніцтва Генэральнага штабу ад «украінскіх дывэрсійных групаў», якія, паводле яго, «маюць на мэце пранікненьне ў Беларусь».
ByPol заявіў аб праведзеных дывэрсіях на Беларускай чыгунцы, каб сарваць перасоўваньне расейскіх войскаў у Беларусі
Акцыі скіраваныя на блякаваньне руху на чыгуначных шляхах.
«Зьнішчаны шляхам падпалу дзьве шафы ўпраўленьня СЦБ (прылада сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня) на ўчастках абслугоўваньня Баранавіцкага і Гомельскага аддзяленьняў БЧ, чым была парушана работа сьвятлафораў і стрэлачных пераводаў і заблякаваны рух на гэтых участках чыгункі. Таксама на ўчастку абслугоўваньня Магілёўскага аддзяленьня БЧ праведзена заварочваньне рэйкавых ланцугоў», — паведамляе ByPol.
Паводле ByPol, у выніку гэтых і папярэдніх акцый расейскія эшэлоны не перасоўваюцца па беларускай чыгунцы ўначы.
«У выніку гэтых і папярэдніх пасьпяхова праведзеных акцый „РосЖД“ забараніла перасоўваньне сваіх рухомых саставаў, у тым ліку вайсковых эшалёнаў, па тэрыторыі Беларусі ў начны час. А беларускія машыністы масава адмаўляюцца ад кіраваньня лякаматывамі і выезду на перагоны», — піша ByPol.
У расейскім Новасібірску зьявіліся плякаты супраць вайны ва Ўкраіне
Разбор завалаў у Харкаве пасьля абстрэлу гораду. Фота, відэа
У Харкаве разьбіраюць завалы пасьля моцнага абстрэлу гораду. Увага, на відэа жорсткія кадры.
Раніцай 1 сакавіка на цэнтар Харкава абрынуліся расейскія ракеты. Шмат цывільных ахвяраў і разбурэньняў жылых дамоў і гарадзкой інфраструктуры. 10 чалавек загінулі, больш як 20 траўмаваныя, паведамілі ў Харкаўскай адміністрацыі.
Зяленскі ўзмацніў кіраўніцтва Кіева: разам з мэрам Клічко будзе працаваць генэрал
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прызначыў генэрала Міколу Жарнова кіраўніком Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі для ўзмацненьня абароны сталіцы.
Раней украінскі прэзыдэнт падпісаў указ аб стварэньні вайсковых адміністрацый на базе дзейных абласных і раённых адміністрацыяй. Гэта першае кадравае прызначэньне пасьля ўказу.
«Віталь Клічко застаецца мэрам Кіева, у яго будзе свая сфэра адказнасьці і цяпер гэта будзе супольная праца – мэра і вайсковай адміністрацыі. Пасьля вайны вернем усё на месца», – паведаміў Зяленскі.
Ва Ўкраіне разблякавалі сацыяльную сетку «ВКонтакте», каб даць інфармацыю расейцам
Дарадца Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Вадзім Дзенісенка заявіў, што сацыяльную сетку разблякавалі з мэтай інфармаваць расейцаў аб вайне ва Ўкраіне.
«ВКонтакте» цяпер разблякавалі знарок для таго, каб усе ўкраінцы маглі зарэгістравацца і публікаваць максымальна відэа і фота дакумэнтаў тых расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў палоне, і фота таго, што адбываецца ў Харкаве. Гэта дэмаралізуе», — паведаміў Вадзім Дзенісенка ў эфіры тэлеканалу «Рада».
Украіна запускае аплікацыю для смартфонаў «паветраная трывога»
Украіна запускае праграму «паветраная трывога», якая будзе папярэджваць аб небясьпецы ў пэўным рэгіёне.
Яе можна спампаваць з Google Play Market і AppStore.
«Не патрабуе рэгістрацыі, не зьбірае пэрсанальных або геалякацыйных зьвестак. Адпраўляе самыя гучныя крытычныя абвесткі аб паветраных, хімічных, тэхнагенных або іншых відах сыгналізацыі цывільнай абароны нават у бясшумным або сьпячым рэжыме смартфона», — гаворыцца ў паведамленьні.
Каб атрымліваць апавяшчэньні, трэба:
- Усталяваць праграму праз Google Play Market або AppStore. Даць ёй дазвол адпраўляць апавяшчэньні і важныя папярэджаньні.
- Выбраць вобласьць, пра якую трэба атрымліваць апавяшчэньні.
- Сачыць за пачаткам і канцом паветраных сыгналаў.
Зяленскі пракамэнтаваў бамбаваньне Харкава
«Пасьля нападу на плошчу Свабоды ў Харкаве Расея стала тэрарыстычнай дзяржавай». Пра гэта ў сваім звароце сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. «Ніхто не даруе. Ніхто не забудзе», — дадаў ён.
«Харкаў. Крылатая ракета нанесла ўдар па найбольшай плошчы ў Эўропе. Плошча Свабоды. Дзясяткі ахвяраў. Гэта цана свабоды. Гэта раніца», — сказаў прэзыдэнт.
Зяленскі заявіў, што «гэта тэрор супраць гораду, тэрор супраць Харкава, тэрор супраць Украіны». «На плошчы не было ніводнай ваеннай мэты, як і ў тых жылых раёнах Харкава, па якіх б’юць з рэактыўнай артылерыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Раніцай расейская ракета ўдарыла па цэнтральнай плошчы Харкава, істотна пашкодзіўшы будынкі на ёй. Пад заваламі знаходзяць целы людзей. Расея бамбіць Харкаў ужо некалькі дзён.
Украінцы сьцьвярджаюць, што ўзялі ў палон каля 200 расейскіх байцоў
Сярод палонных, чые допыты даступныя, падпалкоўнік расейскай Нацгвардыі, а таксама салдаты тэрміновай службы бранятанкавых частак, у тым ліку элітнай Кантэміраўскай дывізіі.
Зь сёньняшняга дня ў Расею пачынаюць прыбываць першыя загінулыя і параненыя
Першыя целы загінулых ва Ўкраіне вайскоўцаў пачынаюць прыбываць у Расею, паведаміў 1 сакавіка дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.
«Вядома, праз сем дзён рэвалюцыі ня будзе, ня трэба цешыцца ілюзіямі, што людзі выйдуць на вуліцу. Але пра гэта пачнуць гаварыць на кухнях і іх дух зламаецца. Для нас гэта вельмі важна, бо магчыма, што Пуцін захоча зрабіць новую мабілізацыю. І нам трэба сарваць гэтую новую мабілізацыю і падарваць маральны дух расейцаў», – сказаў дарадца міністра.