Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Украіна кажа, што беларускія войскі рухаюцца да мяжы. Хроніка расейскай агрэсіі 28 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • 28 лютага Кіеў і Масква правялі перамовы на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Бакі «вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў» і дамовіліся правесьці другі раўнд перамоваў
  • Расея працягвае ракетныя абстрэлы Кіева, Харкава, Чарнігава ды іншых гарадоў, скінула вакуўмныя бомбы на Ахтырку. Абстрэлы вядуцца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Падчас расейскіх абстрэлаў у Марыюпалі загінула 6-гадовая дзяўчынка.
  • За чатыры дні расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1 684 атрымалі раненьні.
  • ЭЗ перадасьць Украіне летальную зброю на 450 млн эўра
  • Паводле ААН, ужо больш за 368 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • 27 лютага больш за 700 беларусаў затрымалі падчас стыхійных пратэстаў пад антываеннымі лёзунгамі.
  • Эўразьвяз пашырыў санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў яшчэ двума дзясяткамі прозьвішчаў
  • Эўразьвяз закрые паветраную прастору для расейскіх самалётаў, а авіякампаніі адмяняюць рэйсы ў Расею.
  • Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Хроніка вайны 27 лютага
13:46 28.2.2022

Трансьляцыю БелТА з рэзыдэнцыі, дзе чакаюцца перамовы, на патрабаваньне расейцаў адключылі

У эфір БелТА ўмяшалася прадстаўніца расейскай дэлегацыі.

13:45 28.2.2022

Washington Post: Улады ЗША мяркуюць, што Беларусь пашле свае войскі ва Ўкраіну ў панядзелак, 28 лютага

Амэрыканская газэта Washington Post піша, што, на думку ўладаў ЗША, Менск цяпер пазбавіўся ўсякай самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў.

Беларусь рыхтуецца адправіць салдатаў ва Ўкраіну для падтрымкі расейскага ўварваньня ўжо ў панядзелак, заявіў прадстаўнік ЗША. Гэта, на думку амэрыканскіх уладаў, узмоцніць напружанасьць.

«Зусім зразумела, што Менск цяпер ёсьць працягам Крамля», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі ЗША, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, абмяркоўваючы такую адчувальную падзею ў галіне бясьпекі.

13:26 28.2.2022

СБУ Украіны паказала, як палонныя расейскія салдаты звоняць сваякам у Расею

Яны здаліся пасьля таго, як іхную калёну разграмілі пад Запарожжам.

Пад запіс СБУ салдаты тэлефануюць сваім бацькам у РФ і расказваюць, што тут усё ж такі вайна, а не спэцапэрацыя на Данбасе, як гэта падаецца ў расейскіх навінах. Фонам — заклапочаны голас маці і сьлёзы.

13:20 28.2.2022

Перамовы ў рэзыдэнцыі на Прыпяці пачынаюцца. Відэтрансьляцыя

13:04 28.2.2022

Пустыя паліцы ў харчовых крамах Кіева

12:00 28.2.2022

Зяленскі: Украіна зьвярнулася аб далучэньні да Эўразьвязу паводле спэцпрацэдуры

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб звароце да Эўрапейскага Зьвязу аб далучэньні да яго на падставе новай спэцыяльнай працэдуры:

«Мы ўдзячныя партнэрам за тое, што яны побач з намі, але наша мэта – быць разам з усімі эўрапейцамі Галоўнае – быць на роўных. Я ўпэўнены, што гэта справядліва. Я ўпэўнены, што мы гэтага заслужылі. Я ўпэўнены, што гэта магчыма», – заявіў Зяленскі ў сваім звароце да ўкраінцаў.

12:00 28.2.2022

Запароская АЭС знаходзіцца пад кантролем Украіны

Дзяржаўнае прадпрыемства «Енергоатом», якое зьяўляецца апэратарам усіх дзейных атамных электрастанцый ва Ўкраіне, афіцыйна заявіла, што інфармацыя аб страце кантролю над Запароскай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці.

11:47 28.2.2022

Прыбыцьцё ўкраінскай дэлегацыі ў рэзыдэнцыю на Прыпяць

11:44 28.2.2022

Расейскую дэлегацыю ўзначальвае памочнік Пуціна

Дэлегацыя Расеі на перамовах на Прыпяці знаходзіцца там зь вечара 27 лютага.

У склад расейскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства абароны, Адміністрацыі прэзыдэнта і іншых ведамстваў. Узначаліў яе памочнік Пуціна Ўладзімір Мядзінскі, паведамляе ТАСС.

Старт перамоваў чакаецца апоўдні беларускага часу.

11:40 28.2.2022

Украінская дэлегацыя прыбыла на беларуска-ўкраінскую мяжу для перамоў

Перамовы чакаюцца ў адной з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі на беларускім беразе Прыпяці ў вёсцы Ляскавіч Петрыкаўскага раёну.

Украінская дэлегацыя прыбыла на перамовы
Украінская дэлегацыя прыбыла на перамовы

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны паведаміў аб складзе дэлегацыі, накіраванай на мяжу для перамоў:

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў, дарадца Офісу прэзыдэнта Міхайла Падаляк, першы намесьнік кіраўніка дэлегацыі ў ТКГ Андрэй Косьцін, народны дэпутат Рустэм Умераў і намесьнік міністра замежных спраў Мікола Тачыцкі.


«Ключавое пытаньне перамоў – тэрміновае спыненьне агню і вывад расейскіх войскаў з Украіны».

11:28 28.2.2022

ЗША заклікалі сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Расею

Дзярждэпартамэнт адзначыў, што выезд з краіны ўскладняецца з прычыны адмены рэйсаў і закрыцьця шэрагам краін паветранай прасторы.

Грамадзянам ЗША варта разгледзець магчымасьць неадкладнага выезду з Расеі камэрцыйнымі рэйсамі, заявіў у нядзелю Дзярждэпартамэнт. Ведамства ўказала на ўсё большую колькасьць авіякампаній, якія адмяняюць палёты, і краінаў, якія закрываюць паветраную прастору для Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.

Амбасада ЗША ў Маскве папрасіла амэрыканцаў прадумаць «плян дзеяньняў, які не прадугледжвае дапамогі ўраду ЗША».

10:00 28.2.2022

Расейскія войскі акупавалі Бярдзянскі раён Запароскай вобласьці

Пра гэта паведамляе раённая дзяржадміністрацыя. Падчас захопу гораду загінуў адзін чалавек. Бярдзянскі РАУС расфармаваны, а гарадзкія ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва з акупантамі.

09:24 28.2.2022

Людзі нясуць кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску

Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім выйшаў да людзей, якія прынесьлі кветкі да агароджы пасольства на знак салідарнасьці з Украінай.

Менск, 28 лютага
Менск, 28 лютага

Амбасадар Украіны Ігар Кізім і часова павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Менск, 28 лютага

27 лютага ў Беларусі прайшлі антываенныя акцыі супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Праваабаронцам вядома пра больш як 500 затрыманых па ўсёй краіне.

09:21 28.2.2022

Расейскія снарады трапілі ў Чарнігаве ў жылы дом, краму і дзіцячы садок

28 лютага, пачынаючы з 02:00, у выніку абстрэлу Чарнігава пацярпеў падмурак пяціпавярховага жылога дома па вул. Рэмісныча, 55, што выклікала пажар у дзьвюх кватэрах на першым і другім паверсе, паведаміла МУС Украіны.

Пажар ліквідаваны, ахвяраў няма. Пад абстрэл таксама падпалі крама на цэнтральным рынку гораду і дзіцячы садок па вул. Рэмісныча.

08:55 28.2.2022

МЗС Беларусі: пляцоўку да перамоваў падрыхтавалі

Рэзыдэнцыя ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёну, дзе пройдуць перамовы
Рэзыдэнцыя ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёну, дзе пройдуць перамовы


«Пляцоўка для перагавораў Расеі і Ўкраіны ў Беларусі падрыхтаваная, чакаецца прыбыцьцё дэлегацый», – паведаміў МЗС Беларусі.

Зал для перамоваў
Зал для перамоваў

Перамовы павінны прайсьці на мяжы Беларусі і Ўкраіны на рацэ Прыпяць.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз паведаміў:

«Беларускі бок гатовы арганізаваць працэс у любую хвіліну. Перамовы пачнуцца, як толькі ўсе дэлегацыі прыбудуць да месца сустрэчы».

08:50 28.2.2022

Сям’я з Дніпра зьвярнулася да свайго сваяка –​ памочніка міністра абароны Беларусі, просіць спыніць вайну

«Як ты будзеш глядзець нам у вочы?», — пытаецца брат у беларускага генэрала з нагоды ўдзелу беларускай дзяржавы ў ваенным нападзе ва Ўкраіну.

Алег Воінаў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Днепрапятроўску (Дніпры) ва Ўкраіне. У 1984 годзе паступіў у Новасібірскую вышэйшую Вайскова-палітычную агульнавайсковую вучэльню. Службу праходзіў у Беларускай вайсковай акрузе. У 2015 годзе яму прысвоілі званьне генэрал-маёра.

08:33 28.2.2022

Пэнтагон аб пагрозе Пуціна ядзернай зброяй: «Мы здольныя абараніць сябе і сваіх саюзьнікаў»

«Мы па-ранейшаму перакананыя ў нашай здольнасьці абараніць сябе, нашых саюзьнікаў і партнэраў, і гэта ўключае ў сябе стратэгічнае стрымліваньне», — піша Мінабароны ЗША са спасылкай на сайт Пэнтагону.

У паведамленьні адзначаецца, што «афіцыйныя асобы ЗША не сумняюцца ў паведамленьнях аб тым, што Пуцін прывёў расейскія сілы ядзернага стрымліваньня ў павышаную баявую гатоўнасьць». У ведамстве таксама кажуць, што такі крок Пуціна не патрэбен, бо NATO ніколі не было пагрозай для Расеі, і пагатоў з боку Украіны.

08:29 28.2.2022

Нягледзячы на заявы Лукашэнкі, зь Беларусі працягваюць ляцець ва Ўкраіну ракеты


З тэрыторыі Беларусі паляцела яшчэ адна ракета. Гэта адбылося ў 02:31 менскага часу. Пуск адбыўся з Мазыра Гомельскай вобласьці, паведаміў прадстаўнік МУС Украіны Антон Герашчанка.

Учора Лукашэнка ў тэлефоннай размове абяцаў прэзыдэнту Ўкраіны Зяленскаму, што ніводная ракета ня вылеціць на час перамоваў з Расеяй, якія ён прапанаваў арганізаваць на рацэ Прыпяць на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

08:19 28.2.2022

Мінабароны ЗША: Расея задзейнічала ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне каля 100 тысяч вайскоўцаў

Высокапастаўлены прадстаўнік Мінабароны ЗША паведаміў журналістам аб ацэнках ЗША колькасьці расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Паводле яго, Расея задзейнічала ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне дзьве траціны свайго наступальнага кантынгенту, або каля 100 тысяч вайскоўцаў, паведамляе ўкраінская служба BBC. Гэта азначае, што ў рэзэрве застаецца каля 50 тысяч чалавек, які Пэнтагон называе «значным».

08:03 28.2.2022

Хунта М'янмы падтрымала Пуціна

«Прэзыдэнт, урад і народ Расеі абавязаныя былі рэагаваць на існую геапалітычную сытуацыю ў сьвеце, дзе Ўкраіна была толькі адным са зьвёнаў. Хачу таксама падкрэсьліць, што дзеяньні кіраўніцтва Расеі накіраваныя на абарону нацыянальных інтарэсаў і дэманструюць адзінства народа гэтай краіны», — сказаў у інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» прадстаўнік вайсковай хунты Мʼянмы генэрал Зо Мін Тун.

На яго думку, ЗША «падбіраюцца да межаў Расеі, каб падарваць яе сувэрэнітэт».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG