Байдэн склікае саюзьнікаў на новую нараду ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне
Як паведаміў CNN са спасылкай на Белы дом, у нарадзе прымуць удзел лідэры Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, суседзяў Украіны — Польшчы і Румыніі, а таксама кіраўніцтва Эўразьвязу і NATO.
Украінскія вытворцы пастаўляюць Узброеным сілам дадатковыя ракеты
Канструктарскае бюро «Луч» перадало ўкраінскім абаронцам усю прадукцыю, падрыхтаваную на экспарт.
Дзясяткі комплексаў «Скіф» і «Карсар», якія павінны былі быць пастаўлены замежным заказчыкам, ужо перададзеныя і пасьпяхова выкарыстоўваюцца абаронцамі Ўкраіны. ПТУР «Скіф» можа дзейнічаць па цэлях да 5 км. «Карсар – да 2,5 км», – паведаміла прэс-служба кампаніі ў Facebook.
Расейцы працягваюць спробы прарвацца ў Кіеў, але няўдала
У ноч на 28 лютага, на 5-ы дзень вайны, расейскія войскі працягвалі спробы прарваць абарону Кіева, але без посьпеху, сытуацыя ў сталіцы Ўкраіны была пад кантролем.
Як заявіў камандуючы Сухапутнымі войскамі Ўкраіны, які кіруе абаронай Кіева, генэрал-палкоўнік Аляксандар Сырскі, «усе спробы дасягнуць мэты расійскіх акупацыйных войскаў праваліліся. Разбураны калёны тэхнікі акупантаў. Вораг панёс вялікія страты».
Па стане на раніцу 28 лютага ў Кіеве сытуацыя знаходзіцца пад кантролем украінскіх уладаў.
Расейская валюта абясцэнілася на фоне заходніх санкцый за агрэсію
Першыя наступствы новых санкцый супраць Расеі: расейскі рубель дэвальваваўся больш чым на 30% супраць даляра і эўра поведамляе Bloomberg.
Паводле сайту Profinance, па стане на 6:55 па Менску за даляр даюць больш за 114 рублёў (падзеньне больш за 35%), за эўра – больш за 125 рублёў (падзеньне больш за 34%).
Расейскі напад на Ўкраіну і рэакцыі ў сьвеце: што адбывалася ўчора, 27 лютага:
Кіраўніца Эўракамісіі: з часам Украіна далучыцца да Эўразьвязу
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрсула фон дэр Ляен у інтэрвію Euronews заявіла пра неабходнасьць прыняць Украіну ў сваю арганізацыю:
«У рэшце Ўкраіна ўвойдзе ў Эўразьвяз, гэтая краіна адна з нас, і мы хочам бачыць яе ў эўрапейскай сям'і. У гэтай краіне падзяляюць нашы каштоўнасьці, там адстойваюць нашы прынцыпы», – сказала яна.
Зь беларускага Жлобіна ва Ўкраіну паляцелі вайсковыя самалёты
Чарговы наступ на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі заўважылі жыхары беларускага горада Жлобіна.
Пад расейскімі абстрэламі загінуў унікальны музэй
Падчас наступу расейскіх войскаў на раённы цэнтар Іванкоў Кіеўскай вобласьці згарэў краязнаўчы музэй, дзе захоўвалася каля двух з паловай дзясяткаў твораў сусьветна вядомай мастачкі Марыі Прымачэнкі. Пра гэта ў ноч на 28 лютага паведаміла дырэктарка Вышгарадскага гісторыка-культурнага запаведніка Ўлада Літоўчанка.
Зяленскі: «Наступныя 24 гадзіны стануць вырашальнымі»
У размове з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Барысам Джонсанам прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што наступныя 24 гадзіны стануць вырашальнымі ў барацьбе з расейскім уварваньнем.
Прэс-служба кіраўніка брытанскага ўраду паведаміла, што Борыс Джонсан назваў супраціў украінскага народа сьмелым і паабяцаў «дапамогу ў абароне з боку Вялікай Брытаніі і яе саюзьнікаў».
На сустрэчы экспэртаў кіраўнік расейскай дэлегацыі на кліматычнай канфэрэнцыі ААН выбачыўся перад Украінай
Кіраўнік дэлегацыі Расеі Алег Анісімаў узяў слова пасьля выступу прадстаўніка Украіны Святланы Кракаўскай.
«Я сказаў, што выступаю не як сябра расейскай дэлегацыі, а ад сябе асабіста. Што не бачу апраўданьняў вайне, якая цяпер адбываецца. Я сказаў, што як грамадзяніну Расеі мне сорамна, што я і мае суграмадзяне не змаглі прадухіліць гэтую вайну. І потым я сказаў, што, калі гэта магчыма, хачу прынесьці словы спагады Украіне», – паведаміў ён у інтэрвію РБК.
Анісімаў адзначыў, што выказаў пункт гледжаньня шматлікіх расейцаў: «Сапраўды нас не спыталі, ці гатовыя мы ўдзельнічаць у вайне, нас не спыталі, ці вычарпаныя на наш погляд дыпляматычныя меры ўзьдзеяньня».
У Чарнігаве расейская ракета трапіла ў жылы дом, у Кіеве і Харкаве чуваць выбухі
У жылы дом у цэнтры ўкраінскага Чарнігава ракета, паведамляе Дзяржаўная служба спэцсувязі Ўкраіны. На двух ніжніх паверхах разгарэўся пажар. Колькасьць пацярпелых высьвятляецца.
Каля 4-ай раніцы па мясцовым часе аднавіліся абстрэлы двух буйных украінскіх гарадоў — Кіева і Харкава.
Украіна накіравала на перамовы за Расеяй Давіда Арахамію
Лідэр дэпутацкай фракцыі партыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія, які 28 лютага накіраваны для ўдзелу ў перамовах з Расеяй на ўкраінска-беларускай мяжы, на рацэ Прыпяці, паведаміў пра пазыцыю, зь якой ён зьбіраецца выступіць.
«Перамовы пойдуць альбо ў патрэбным Украіне кірунку, альбо як расейскі баявы карабель (г.зн. прапановы будуць адхіленыя — рэд.)», — напісаў Арахамія ў ноч на 28 лютага.
Расейскія правайдэры заблякавалі доступ да Twitter і Facebook
Аўстралія ўвяла санкцыі супраць міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, а таксама 12 беларускіх чыноўнікаў і юрыдычных асобаў
Пэрсанальныя санкцыі супраць Хрэніна ўвялі за садзейнічаньне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Прозьвішчы яшчэ12 асобаў, якія трапілі пад санкцыі, у прэс-рэлізе на сайце аўстралійскага прэм'ера не называюцца.
Таксама Аўстралія ўводзіць санкцыі супраць прэзыдэнта Расеі Пуціна і чальцоў Савета бясьпекі РФ.
Рада ЭЗ прыняла рашэньне аб увядзеньні санкцый супраць Цэнтрабанку РФ і забароне палётаў
Эўразьвяз прыняў рашэньне аб забароне апэрацый, зьвязаных з кіраваньнем рэзэрвамі і актывамі Цэнтральнага банку Расейскай Фэдэрацыі. Рашэньне апублікаванае ў часопісе ЭЗ. Як указваецца ў дакумэнце, абмежаваньні таксама распаўсюджваюцца на любых юрыдычных асобаў, якія дзейнічаюць ад імя або па ўказаньні расейскага Цэнтрабанку. У парадку выключэньня могуць быць санкцыянаваныя здзелкі з Банкам Расеі, калі яны неабходныя для забесьпячэння фінансавай стабільнасці ЭЗ агулам або дзяржаў, якія ў яго ўваходзяць.
Таксама Эўразьвяз закрыў з 28 лютага сваю паветраную прастору для Расеі.