Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат патрулюе апусьцелыя вуліцы Кіева 27 лютага
Украінскі салдат патрулюе апусьцелыя вуліцы Кіева 27 лютага

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы на мяжы Беларусі і Ўкраіны
  • Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне
  • 27 лютага пад расейскія абстрэлы трапілі газапаравод, нафтабаза і сховішча ядзерных адходаў. У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі.
  • За чатыры дні расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1684 атрымалі раненьні.
  • Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «Кіеў атакавалі а 4-й раніцы. Вы
  • Паводле ААН, ужо больш за 368 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Беларусы выказваюць пратэст супраць вайны падчас галасаваньня на рэфэрэндуме ў Менску
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна».
  • Многія эўрапейскія краіны закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў, а авіякампаніі адмяняюць рэйсы ў Расею
14:52 27.2.2022

Дзеці і жанчыны ў Хмяльніцкім плятуць маскавальныя сьцены

14:56 27.2.2022

Нідэрлянды закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Гэта ўжо 20-я краіна, якая прыняла такое рашэньне.

15:01 27.2.2022

Лія Ахеджакава супраць вайны, яна застаецца ў Расеі

Генпракуратура Расеі, паводле ТАСС, папярэдзіла расейцаў аб адказнасьці за аказаньне дапамогі на шкоду бясьпецы РФ.

Раней сёньня распаўсюджвалася інфармацыя, што вядомая расейская акторка Лія Ахеджакава ахвяравала $10 000 для ўкраінскай арміі. Аднак у размове са Свабодай акторка абвергла паведамленьне пра ахвяраваньне і пра свой ад'езд з Расеі.

15:06 27.2.2022

Каля пасольства Расеі ў Чэхіі праходзіць мітынг нязгодных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны

15:22 27.2.2022

Міністар лічбавай трансфармацыі Ўкраіны паведаміў, што ўкраінскія кібэрвойскі атакавалі сайт Нацыянальнага банку Беларусі

"Нацбанк Беларусі прылёг, як і дзясяткі іншых стратэгічных сайтаў. Украінскія кібэрспэцыялісты найлепшыя", — напісаў міністар Міхайла Фёдараў.

15:24 27.2.2022

На просьбу прэзыдэнта Ўкраіны Швайцарыя хоча арганізаваць перамовы ў Жэнэве


Адзначаецца, што мэта перамоваў — спыненьне агню. Перамовы могуць адбыцца ўжо ў панядзелак у рамках пасяджэньня Рады ААН у правах чалавека ў Жэнэве, паведамляе tagesanzeiger.

Таксама паведамляюць, што прэзыдэнт Швайцарыі Іньяцыё Касіс кантактуе зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Акрамя таго, Фэдэральная рада плянуе правесьці спэцыяльную сэсію ў нядзелю або панядзелак для ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі.

15:35 27.2.2022

Суўладальнік Альфа-банку Міхаіл Фрыдман у лісьце супрацоўнікам заклікаў спыніць кровапраліцьце ва Ўкраіне

«Я нарадзіўся ў Заходняй Украіне і жыў там да 17 гадоў. Мае бацькі — грамадзяне Ўкраіны і жывуць у Львове, маім любімым горадзе. Але я правёў большую частку майго жыцьця як грамадзянін Расеі, разьвіваючы бізнэс. Я глыбока прывязаны да ўкраінцаў і расейцаў і бачу гэты канфлікт як трагедыю для тых і другіх», — піша Фрыдман у лісьце, адрасаваным, як паведамляе Financial Times, супрацоўнікам інвэстыцыйнай фірмы LetterOne, суўладальнікам якой ён зьяўляецца, піша тэлеканал «Дождь».

З Фрыдманавых словаў, ён не выступае з палітычнымі заявамі, але нясе адказнасьць перад тысячамі супрацоўнікаў у Расеі і Ўкраіне і перакананы, што вайна ніколі ня можа быць рашэньнем. «Гэты крызіс будзе каштаваць жыцьцяў і прынясе разбурэньні абедзьвюм нацыям, якія былі братамі сотні гадоў», — піша Фрыдман.

«Пакуль рашэньне здаецца жахліва далёкім, я магу толькі далучыцца да тых, хто хоча спыненьня кровапраліцьця. Я ўпэўнены, што мае партнэры падзяляюць мой пункт гледжаньня», — піша бізнэсовец.

15:42 27.2.2022

Ціханоўская заклікала пікетаваць Генэральны штаб а 17-й

Апазыцыйны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, якая раней заявіла пра стварэньне пераходнага кабінэту, заклікала да мітынгу каля Генэральнага штабу на вуліцы Камуністычнай, 1 у Менску. На ім мае быць выстаўлена патрабаваньне беларускім афіцэрам спыніць рух войскаў ва Ўкраіну ў падтрымку Пуціна і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Адначасова з гэтым кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка заклікаў беларускіх афіцэраў не выконваць злачынных загадаў Лукашэнкі, які падтрымаў Пуціна ў вайне супраць Украіны. На гарады паўднёвых суседзяў зь беларускай тэрыторыі ляцелі ракеты. Бамбаваньні разбуралі стратэгічныя аб'екты і жылыя дамы, гінулі людзі, у тым ліку малыя дзеці.

15:44 27.2.2022

Затрыманьні на антываенных мітынгах у Беларусі

Людзі зьбіраюцца на ўчастках (у Беларусі 27 лютага рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю) у доўгія чэргі і выказваюць пратэст вайне супраць Украіны, у якую ўступіў Лукашэнка. Таксама яны выступаюць за поўны сыход Лукашэнкі з палітыкі.

Праваабаронцам на гэты момант вядомыя 12 імёнаў затрыманых .

15:45 27.2.2022

Лукашэнка пагаварыў зь Зяленскім і Пуціным. Кажа, што прапанаваў перамовы Ўкраіны і Расеі на мяжы

Пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Лукашэнка зьвярнуўся да Пуціна з прапановай расейскай дэлегацыі, якая прыбыла ў Гомель для ўдзелу ў мірных перамовах, затрымацца і перанесьці іх на крыху пазьнейшы час — у сувязі з затрымкай дэлегацыі з Украіны, як піша ТГ-канал прэс-службы Лукашэнкі:

«Пуцін прапанову беларускага калегі падтрымаў. Як плянуецца, перамовы адбудуцца ў Гомельскай вобласьці, на беларуска-ўкраінскай мяжы».

15:54 27.2.2022

Мэр Кіева: У сталіцы Ўкраіны загінула 31 асоба і 106 атрымалі раненьні

Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ад пачатку атакі Расеі на ўкраінскую сталіцу загінулі 9 мірных жыхароў, у тым ліку адно дзіця, 4 невядомыя асобы і 18 байцоў тэрытарыяльнай абароны.

«Атрымалі раненьні 106 асобаў, у тым ліку 47 цывільных і трое дзяцей», — паведаміў Віталь Клічко.

«Кіеў працягвае трымаць абарону. Расейскіх войскаў у сталіцы няма. Уначы былі сутыкненьні і перастрэлкі. Зьнішчылі некалькі вялікіх дывэрсійных групаў», — дадаў мэр украінскай сталіцы.

Таксама Віталь Клічко распаўсюдзіў зварот свайго брата Ўладзіміра Клічко, які зьвярнуўся да беларусаў і расейцаў.

«Зьвяртаюся да неабыякавых расейцаў і беларусаў! Кожны дзень вы ходзіце на працу і дапамагаеце свайму войску падносіць патроны, так бы мовіць. І страляць у нас ракетамі. І забіваць нас, вашых, як вы нас завяце, „братоў і сясьцёр“. Добры вы брацкі народ, дзякуй вам! Застаньцеся дома! Правядзіце час з вашай сям’ёй, сябрамі, дзецьмі, унукамі. Чаго мы, украінцы, зрабіць не можам, бо вы нас забіваеце, бамбіце, вы нам не даяце жыцця! Застаньцеся дома!», — працытаваў Віталь Клічко брата.

15:54 27.2.2022

«Українська правда»: У Кіеве пагадзіліся на мірныя перамовы з Расеяй пад Гомлем

Перамовы дэлегацыяў Украіны і Расеі пройдуць на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю ў Гомельскай вобласьці, паведамляюць расейскія СМІ.

«Без умоваў. Гэта важна. Яны ініцыявалі. У нас будзе вельмі карэктная дэлегацыя», — паведаміла выданьню «Українська правда» крыніца ва ўкраінскай уладзе.

16:08 27.2.2022

Украінскі баксэр Уладзімір Клічко ў звароце да беларусаў і расейцаў: застаньцеся дома і не падносьце патронаў войску

Украінскі баксэр Уладзімір Клічко, брат мэра Кіева Віталя Клічка, заклікаў грамадзян Беларусі і Расеі падтрымаць Украіну, а не «падносіць патроны» сваім войскам.

«Зьвяртаюся да неабыякавых расейцаў і беларусаў! Штодня вы ходзіце на працу і дапамагаеце сваёй арміі падносіць патроны, так бы мовіць. І страляць у нас ракетамі. І забіваць нас, вашых, як вы нас завяце, «братоў і сясьцёр».

«Застаньцеся дома! Правядзіце час з вашай сям’ёй, сябрамі, дзецьмі, унукамі. Тое, што мы, украінцы, зрабіць ня можам, бо вы нас забіваеце, бамбіце, вы нам не даяце жыць! Застаньцеся дома! Застаньцеся дома, не хадзіце на працу. Проста застаньцеся дома. У нашу падтрымку і супраць вайны».

16:08 27.2.2022

Зьявіўся сайт з інфармацыяй аб палонных і забітых расейскіх вайскоўцах ва Ўкраіне

Сайт стварылі супрацоўнікі МУС Украіны, каб сваякі забітых і ўзятых у палон маглі атрымаць інфармацыю.

«Калі вашы сваякі або знаёмыя знаходзяцца ва Ўкраіне і ўдзельнічаюць у вайне супраць нашага народу — тут вы зможаце атрымаць інфармацыю пра іхны лёс», — паведамляецца на сайце.

На сайце зьмешчаныя дакумэнты з інфармацыяй аб загінулых, а таксама відэа допытаў узятых у палон.

16:10 27.2.2022

Якія краіны закрылі неба расейскім самалётам

16:11 27.2.2022

Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія сілы стрымліваньня ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства

Перадае расейскае агенцтва «РИА Новости». Ён аддаў такі загад на сустрэчы ў Крамлі міністру абароны Сяргею Шайгу і начальніку генэральнага штабу Валерыю Герасімаву. Пуцін спаслаўся на «агрэсіўныя выказваньні» ў адрас Расеі з боку «найвышэйшых службовых асобаў вядучых краін NATO». Пуцін таксама назваў уведзеныя супраць Расеі санкцыі «нелегітымнымі».

16:11 27.2.2022

Украінскі кум расейскага прэзыдэнта Медзьвядчук уцёк з-пад хатняга арышту

Украінскае выданьне „Дзеркало тижня“ з спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах Украіны паведамляе, што лідэр прарасейскай партыі „Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё»“ Віктар Медзьвядчук, кум прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, уцёк з-пад хатняга арышту.

Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Ён пад хатнім арыштам з 12 кастрычніка 2021 году. Ягоная жонка Аксана Марчанка выехала ў Беларусь за дзень да пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

16:30 27.2.2022

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон зьвярнуўся ў сацыяльных сетках да беларускага народу

«Беларусь ня можа стаць месцам разьмяшчэньня расейскіх ядзерных ракет, накіраваных на Эўропу. Беларуская моладзь мае права выбіраць Эўропу, дэмакратыю і свабоду. Мы гатовыя да гэтага. За будучыню Беларусі. За Ўкраіну. За Эўропу».

16:57 27.2.2022

«​Кібэрпартызаны»​ заявілі, што правялі новую атаку на беларускую чыгунку

Мэта — спыніць перасоўваньне вайсковай тэхнікі.

«Дарога пераходзіць у ручны рэжым кіраваньня, што істотна запаволіць рух цягнікоў, але ня створыць аварыйнай сытуацыі. На гэты момант таксама не працуюць сайты pass.rw.by, portal.rw.by, rw.by. Унутраная сетка будзе адключаная, пакуль войскі РФ не пакінуць тэрыторыю Беларусі і ўдзел вайсковых сілаў Беларусі ў агрэсіі ня спыніцца», — заявілі «​Кібэрпартызаны»​.

17:01 27.2.2022

Дэпутат Рады: «У Бучы няма ніякай эвакуацыі, гэта расейцы зьбіраюць людзей»

Дэпутат Вярхоўнай Рады Алена Шкрум заявіла, што расейскія вайскоўцы праводзяць у Бучы фэйкавую эвакуацыю, насамрэч там няма эвакуацыі.

«БУЧА: Ні ў якім разе не сядайце, эвакуацыі няма! Калі ласка! Праверце ўсё ў мясцовай тэрытарыяльнай абароне», — напісала Алена Шкрум.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG