У Расеі на антываенных акцыях затрымалі больш за 460 чалавек
У Расеі 27 лютага на антываенных акцыях затрымалі больш за 461 чалавек. Такія зьвесткі прыводзіць расейскі праваабарончы праект «ОВД-Инфо» на 16:45 маскоўскага часу.
У Маскве затрымалі прынамсі 111 чалавек, у Пецярбургу — 29, Самары — 30.
Паводле праваабаронцаў, 24, 25 і 26 лютага сілавікі ўва ўсёй Расеі затрымалі як мінімум 3122 чалавекі.
З пачатку вайны Украіну ўжо пакінулі 368 тысяч чалавек
Пра гэта паведаміў Высокі камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі.
Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства
Што такое сілы стрымліваньня і пры чым тут ядзерная зброя?
Стратэгічныя сілы стрымліваньня — гэта «аснова баявой моцы Ўзброеных сіл Расеі, прызначаныя для стрымліваньня агрэсіі супраць Расеі і яе саюзьнікаў, а таксама разгрому агрэсара ў вайне з прымяненьнем розных відаў зброі, у тым ліку ядзернай», пазначана на сайце Мінабароны РФ.
Стратэгічныя сілы стрымліваньня ўключаюць:
Стратэгічныя наступальныя сілы (СНС) і Стратэгічныя абарончыя сілы (САС).
Аснову СНС, абсталяваных ракетнымі і авіяцыйнымі комплексамі міжкантынэнтальнай далёкасьці, высокадакладную зброю вялікай далёкасьці складаюць стратэгічныя ядзерныя сілы, у якія ўваходзяць Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня.
У склад СНС таксама ўваходзяць стратэгічныя няядзерныя сілы як сілы падвойнага прызначэньня — злучэньні і часткі стратэгічных і далёкіх бамбавікоў ДА ВПС, а таксама падводныя лодкі, надводныя караблі і марская ракетаносная авіяцыя ВМФ са звычайнай высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці.
Аснову САС складаюць боегатовыя сілы і сродкі Войскаў паветрана-касьмічнай абароны, якія ўключаюць у сябе сыстэму папярэджаньня аб ракетным нападзе, сыстэму кантролю касьмічнай прасторы, супрацьракетнай абароны і супрацькасьмічнай абароны, супрацьпаветранай абароны.
Гішпанія і Канада закрылі паветраную прастору для Расеі.
У цэнтры Пецярбургу праходзіць буйны антываенны пратэст супраць вайны ва Ўкраіне. Пратэстоўцаў спрабуе падзяліць паліцыя. Пратэсты праходзяць таксама ў Маскве — антываеннае шэсьце рухаецца да храму Хрыста Збавіцеля, ідуць затрыманьні.
У Маскве жорсткія затрыманьні пратэстоўцаў прайшлі ля мэмарыялу Нямцова.
Жыхары Менску прыносяць да пасольства Ўкраіны ў Беларусі кветкі.
Нямеччына будзе адмаўляцца ад расейскага газу
Нямеччына ўзгадніла пляны будаўніцтва двух тэрміналаў для звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і павелічэньня сваіх газавых запасаў, каб паменшыць залежнасьць ад расейскага газу пасьля ўварваньня Расеі ва Украіну, паведамляе Бі-бі-сі — Украіна.
У Бэрліне прайшла шматтысячная акцыя супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну
У выніку расейскага нападу згарэў найбольшы ў сьвеце самалёт «Мрія»
У выніку паветранага нападу расейскіх войскаў на аэрапорт Гастомель пад Кіевам спалены адзін з самых вялікіх і магутных самалётаў у сьвеце — АН-225 «Мрія» ўкраінскай вытворчасьці, які існаваў у адзіным экзэмпляры.
Пра гэта Радыё Свабода паведамілі дзьве інфармаваныя крыніцы на прадпрыемстве «Антонаў» і пацьвердзіў гарадзкі галава гораду Буча.
Спартоўцы Нямеччыны заклікалі сьвет выключыць Расею і Беларусь зь міжнароднага спорту
У сувязі зь неаднаразовым парушэньнем Расеяй алімпійскага перамір’я ў 2008, 2014 і 2022 гадах нямецкае аб’яднаньне Athleten Deutschland прапануе ўсім міжнародным і нацыянальным спартовым фэдэрацыям выступіць з адзінай пазыцыяй, дакладна сфармуляваўшы і асудзіўшы агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны і ўдзел у ёй Беларусі.
Сярод прапанаваных штрафных захадаў — «поўнае выключэньне расейскіх і беларускіх фэдэрацыяў, уключаючы расейскі і беларускі нацыянальныя алімпійскія і паралімпійскія камітэты, зь міжнароднай спартовай сыстэмы», аднабаковае спыненьне ўсіх фінансавых сувязяў з расейскімі донарамі, выключэньне ўсіх беларускіх і расейскіх чыноўнікаў зь міжнароднай спартовай сыстэмы і ўнясеньне іх у адпаведныя санкцыйныя сьпісы, адхіленьне ўсіх спартоўцаў з РФ і РБ ад любых спаборніцтваў, адмена ўсіх спаборніцтваў ці трэнаваньняў, заплянаваных на тэрыторыі Расеі і Беларусі.
Канада закрыла паветраную прастору для расейскіх самалётаў
Гэта адбылося праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну, заявіў у нядзелю міністар транспарту Канады. Канада далучылася да іншых краін, якія аб’явілі аб аналягічных мерах у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, паведмляе Reuters.
«Пратэстуйце». Да беларусаў зьвярнуўся лідэр «Океану Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук
Ён папрасіў зрабіць усё, каб беларускіх салдатаў не было ва Украіне.
«Я бачыў вашыя шчырыя ўсьмешкі. Непадробную любоў. Я памятаю, як дзясяткі тысяч сьпявалі з намі ва ўнісон «Я ня здамся бяз бою». Таму асабліва жахліва разумець сёньня, што два дыктатары ўцягваюць у вайну супраць Украіны і беларусаў. Лукашэнка і так ужо саўдзельнік злачынстваў, але зараз ён хоча выпацкаць украінскай крывёй і вашых сыноў. Я памятаю, як вы 2 гады таму змагаліся за вашу свабоду, што ў вашых беларускіх сэрцах чуюць наш украінскі голас, таму зараз я зьвяртаюся да вас — пратэстуйце. Зрабіце нешта, каб спыніць непапраўнае. Вы маеце шанец зрабіць гэта. Мы чакаем ад вас. Мы спадзяемся на вас, беларусы».
Міністры замежных справаў краін Групы сямёх (G7) 27 лютага зрабілі сумесную заяву
- G7 зьбіраецца адключыць пэўныя расейскія банкі ад SWIFT. Краіны «сямёркі» разьлічваюць, што гэта абмяжуе здольнасьць банкаў «дзейнічаць у глябальным маштабе».
- «Сямёрка» можа ўвесьці абмежаваньні для Банку Расеі. У G7 лічаць, што гэта перашкодзіць ЦБ РФ выкарыстоўваць свае міжнародныя рэзэрвы так, каб зьменшыць эфэкт санкцыяў.
- Група сямёх мерыцца абмежаваць расейцам магчымасьці атрымліваць «залатыя пашпарты».
- G7 плянуе стварыць на гэтым тыдні трансатлянтычную працоўную групу для назіраньня за выкананьнем фінансавых санкцыяў супраць РФ.
- Правядуць «інвэнтарызацыю і замарожваньне авуараў фізычных асобаў і прадпрыемстваў, якія падлягаюць санкцыям у краінах «сямёркі».
- Удзельнікі групы маюць намер таксама «ўжыць санкцыі і іншыя меры фінансавага характару да чыноўнікаў і прадстаўнікоў расійскай эліты, блізкіх да ўраду, а таксама да іх сем’яў».
- Краіны G7 дамовіліся ўзмацніць каардынацыю для барацьбы з «дэзынфармацыяй і іншымі формамі гібрыднай вайны».
Дураў: Працу Telegram-каналаў на час канфлікту могуць часткова ці цалкам абмежаваць
Заснавальнік Telegram Павел Дураў заклікаў карыстальнікаў з Расеі і Ўкраіны «з сумневам ставіцца да любых зьвестак, якія пашыраюцца ў Telegram у гэты час».
«Telegram-каналы ўсё часьцей робяцца крыніцай неправеранай інфармацыі, зьвязанай з украінскімі падзеямі», — напісаў Дураў.
Ён адзначыў, што кампанія ня мае фізычнай магчымасьці правяраць усе публікацыі каналаў на дакладнасьць.
«У выпадку эскаляцыі сытуацыі мы разгледзім магчымасьць часткова ці цалкам абмежаваць працу Telegram-каналаў ва ўцягнутых краінах на час канфлікту», — заявіў Павел Дураў.
Эўразьвяз цалкам закрывае паветраную прастору супольнасьці для Расеі, заявіла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Міністэрства абароны Расеі ўпершыню паведаміла аб стратах ва Ўкраіне
Паводле афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны генэрал-маёра Ігара Канашэнкава, страты УС Расеі шматкроць меншыя за колькасьць «зьнішчаных нацыяналістаў» (так улады Расеі называюць украінскіх салдатаў. — РС).
«Расейскія вайскоўцы праяўляюць мужнасьць і гераізм у ходзе выкананьня баявых задач спэцыяльнай ваеннай апэрацыі»
«На жаль, ёсьць загінулыя і параненыя нашы таварышы», — сказаў Канашэнкаў. Іх колькасьць прадстаўнік Міністэрства абароны не ўдакладніў.
«Расейскімі ўзброенымі сіламі з пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі пашкоджаныя 1067 аб’ектаў вайсковай інфраструктуры Ўкраіны», — сказаў ён.
Брытанская bp пазбудзецца долі ў расейскай кампаніі «Роснефть»
Рада дырэктараў bp (колішняя British Petroleum) вырашыла пазбыцца долі ў 19,75% акцыяў кампаніі «Роснефть», якою кампанія валодала з 2013 году, гаворыцца ў яе заяве. Двое прадстаўнікоў bp, у тым ліку генэральны дырэктар Бэрнард Луні, пакінуць раду дырэктараў НК «Роснефть».
Міністар аховы здароўя Украіны: за чатыры дні масавых абстрэлаў Расеі загінулі 16 украінскіх дзяцей
У Міністэрcтве аховы здароўя Ўкраіны паведамілі пра гібель 16 дзяцей за чатыры дні ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
У той жа час поўнай інфармацыі аб стратах няма, бо ў большасьці гарадоў, атакаваных расейскімі войскамі, працягваюцца і вулічныя баі, і артылерыйскія абстрэлы.
Паводле міністра аховы здароўя Ўкраіны Віктара Ляшка, на позьні вечар 26 лютага паводле апэратыўных зьвестак загінулі 198 асобаў і 1115 атрымалі раненьні, у тым ліку 33 дзіцяці.
У сталіцы Ўкраіны ў выніку баявых дзеяньняў у ноч на 27 лютага загінуў 31 чалавек і 106 атрымалі раненьні.
Да вечара 27 лютага пэтыцыю супраць ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне падпісалі больш за 900 тысяч расейцаў
Пэтыцыя, створаная расейскім праваабаронцам Львом Панамаровым, разьмешчана на сайце Change.org.
Свае звароты таксама апублікавалі расейскія акторы-комікі, дызайнэры і ілюстратары, прадстаўнікі расейскай індустрыі моды і прыгажосьці, выпускнікі і супрацоўнікі НДУ ВШЭ, прадстаўнікі расейскай ІТ-індустрыі, падкаст-індустрыі, псыхалягічная і псыхіятрычная супольнасьці Расеі, Маладыя расейскія навукоўцы і асобна навукоўцы-эканамісты, сябры рады Фэдэральнай палаты адвакатаў Расеі, паведамляе «Новая газета».
Дзеяньні прэзыдэнта Зяленскага падтрымліваюць больш за 90% украінцаў, — апытаньне
Дзеяньні прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага падтрымліваюць больш за 90% апытаных. Такія вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай групай «Рэйтынг» 26–27 лютага 2022 году.
Паводле апытаньня, 91% украінцаў падтрымліваюць дзеяньні прэзыдэнта Зяленскага, з іх 59% — цалкам падтрымліваюць, 32% — хутчэй падтрымліваюць. Не падтрымліваюць — 6%, не змаглі адказаць — 3%. Пры гэтым група «Рэйтынг» адзначае, што са сьнежня 2021 году падтрымка дзеяньняў прэзыдэнта Ўкраіны вырасла ўтрая.
Ува ўсіх рэгіёнах краіны назіраецца надзвычай высокі ўзровень падтрымкі Зяленскага: на Захадзе і ў Цэнтры (больш за 90%), на Ўсходзе і Поўдні — больш за 80%.