На выбарчых участках у Беларусі людзі пратэстуюць супраць вайны. Ёсьць затрыманыя
Адбыліся першыя затрыманьні на ўчастках. Як піша «Вясна», на выбарчым участку № 69 у Стайках затрымалі Канстанціна Шабуніна. Людзі зьбіраюцца на ўчастках у доўгія чэргі і пратэстуюць супраць вайны супраць Украіны, у якую ўступіў Лукашэнка. Таксама яны выступаюць за поўны сыход Лукашэнкі з палітыкі.
Збор каля ўчасткаў пачаўся
Беларусы а 14-й гадзіне сталі зьбірацца каля ўчасткаў, на якіх праходзіць галасаваньне аб зьменах у Канстытуцыі. Утварыліся доўгія чэргі. У Менску ўжо скандуюць: «„Не“ — вайне!».
Улады пачалі сьцягваць у цэнтар сталіцы сілавікоў.
Ціханоўская: «Беларусы могуць нават не здагадвацца, што адбываецца»
Выступаючы на брыфінгу з нагоды дня галасаваньня, Ціханоўская адзначыла, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне беларускі рэфэрэндум адышоў на другі плян. А пратэсты падчас самога рэфэрэндуму могуць стаць масавымі пратэстамі супраць вайны.
«Калі выйдуць першыя сотні сьмелых, то далучацца ўсе астатнія, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Я проста вельмі перажываю за тое, што ў Беларусі людзі недаінфармаваныя і не разумеюць, у які час мы цяпер жывём і што адбываецца. Шмат для каго ўсё спакойна».
На ўчастку ў Лугавой Слабадзе ў Менскім раёне бюлетэні не падпісаныя камісіяй
Калі людзі зазначылі, што на іх павінны быць два подпісы, — толькі тады пры іх падпісалі бюлетэні, якія былі на стале. Пра гэта піша ПЦ «Вясна».
Акцыі ў Менску ў падтрымку Ўкраіны
Блогер Антон Матолька паведамляе, што ў Беларусі за ноч і раніцу нанесьлі шэраг надпісаў супраць вайны, у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Таксама беларусы разьвешвалі ў сваіх гарадах нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны. Сёньня на 14-ю гадзіну прызначаны збор людзей каля сваіх выбарчых участкаў для дэманстрацыі антываенных настрояў і пратэсту супраць дзеяньняў Пуціна і Лукашэнкі.
ЦВК: Рэфэрэндум адбыўся
Цэнтравыбаркам даў справаздачу, што яўка на рэфэрэндуме нібыта склала 53%. Гэта значыць, што, згодна з афіцыйнымі лічбамі, рэфэрэндум адбыўся.
Паход камісій па дварах
У Гомлі выбарчыя камісіі ходзяць па дварах і ўгаворваюць галасаваць тых, хто сядзіць на лаўках каля пад’ездаў. Гэта не прадугледжана заканадаўствам. Праваабаронцы заявілі пра шматлікія парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў самім працэсе арганізацыі рэфэрэндуму. Нагадаем, што сёньня ў 2-й лякарні ў Менску сябры камісіі падглядалі, за што галасуюць людзі, да якіх яны прыйшлі ў палату.
Раскажыце нам, што адбываецца ў вашым горадзе падчас рэфэрэндуму
Дасылайце свае фота і відэа ў бот Свабоды @SvabodaBelarus_bot.
Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне
«Сапраўды, з тэрыторыі чарнобыльскіх прыкладна раёнаў, дзе былі на вучэньнях расейскія войскі, былі запушчаныя дзьве ці тры ракеты», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на выбарчым участку пасьля галасаваньня.
Таксама Лукашэнка заявіў, што ва Ўкраіне няма ні беларускіх салдат, ні ўзбраеньня, ні боепрыпасаў.
Сілавікі здымаюць сьцягі і плякаты ў падтрымку Ўкраіны і супраць Лукашэнкі
Пра гэта паведаміў блогер Антон Матолька. Такія выпадкі зафіксаваныя ў Менску на Залатой Горцы, вуліцах, Гікалы, Берута, на Асмалоўцы.
ЦВК назваў яўку на 10:00: 46%
Паводле ЦВК, амаль палова выбарнікаў ужо нібыта прагаласавалі. Масавае датэрміновае галасаваньне, на думку апазыцыі, зьяўляецца асноўным мэханізмам фальсыфікацый.
Праваабаронцы: На рэфэрэндум запрашаюць людзей, якія памерлі год таму
Праваабаронцам стала вядома пра факты запрашэньня на рэфэрэндум людзей, якія ўжо памерлі – так, беларусцы на хатні нумар тэлефанавалі нібыта з выбарчай камісіі і запрашалі на галасаваньне яе 85-гадовую маці, якая памерла год таму, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Высьветлілася, што жанчына ёсьць у выбарчых сьпісах. Таксама вядома пра выпадак, калі чалавек, які ўжо больш за 10 гадоў недзеяздольны, чамусьці знаходзіцца ў выбарчых сьпісах.
Вайсковая тэхніка ў Менску
У Менску зьявілася вайсковая тэхніка, якую звычайна выкарыстоўвалі для разгону акцый пратэсту.
Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў. ВІДЭА
«На вайне, якая ідзе зараз, вы з намі не на адным баку. На жаль». І пажадаў беларусам зрабіць «правільны выбар» на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі:
«Шчыра жадаю Беларусі зноў стаць такой жа добрай і бясьпечнай, якой яе яшчэ нядаўна ўсе бачылі. Зрабіце правільны выбар – гэта галоўны выбар вашага жыцьця».
У Дрыбіне затрымалі актывіста Юркова
Учора ў Дрыбіне прэвэнтыўна затрымалі грамадзкага актывіста Андрэя Юркова. Да суду ў панядзелак Андрэя трымацьмуць за кратамі. Перад гэтым, 17 лютага, у яго забралі кампутар і мабільны тэлефон.
У Віцебску чальцы выбарчых камісій ходзяць па кватэрах і прапаноўваюць прагаласаваць на месцы
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў Віцебску па пад’ездах дамоў ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца сябрамі выбарчай камісіі і прапануюць прагаласаваць на месцы — каля дзьвярэй кватэры.
Пацыентам менскіх шпіталяў прыносяць бюлетэні і глядзяць, як яны галасуюць
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра факты парушэньня тайны галасаваньня ў 2-й лякарні Менску. Паведамляецца, што пасьля раздачы бюлетэняў пацыентам супрацоўнікі выбарчай камісіі стаяць над людзьмі і глядзяць, хто як галасуе.
Ціханоўская заклікала пратэставаць супраць вайны каля выбарчых участкаў
У відэазвароце Сьтвятлана Ціханоўская заклікала 27 лютага а 14-й гадзіне прыходзіць да выбарчых участкаў у Беларусі і актыўна выказваць пратэст супраць нападу Расеі на Ўкраіну.
У Ваўкавыску затрымалі мясцовых жыхароў, якія выйшлі на акцыю пратэсту
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманьне ўчора ў Ваўкавыску Людмілы Шрубок, Ліліі Юруць ды Уладзімера Краўцэвіча, якія выйшлі на акцыю пратэсту са сьцягамі. Іх затрымаў горадзенскі ГУБАЗіК.
Дома ў затрыманых прайшлі ператрусы.
Нацыянальны сьцяг зьявіўся ў менскай Асмалоўцы
Раніцай 27 лютага на адным з дамоў у цэнтры Менску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг.