Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет у падтрымку Ўкраіны падчас галасаваньня ў Заслаўі (Менская вобласьць) 27 лютага
Пікет у падтрымку Ўкраіны падчас галасаваньня ў Заслаўі (Менская вобласьць) 27 лютага

Рэфэрэндум-2022: беларусы выйшлі з пратэстам — 500 затрыманых. Хроніка дня

абноўлена

27 лютага ў Беларусі праходзіць рэфэрэндум аб Канстытуцыі, прапанаванай Лукашэнкам. Пры гэтым праваабаронцы заяўляюць пра шматлікія парушэньні ў працэсе галасаваньня. Улады не адкрылі ўчасткаў за мяжой, пазбавіўшы права галасаваць сотні тысяч грамадзян. У самой краіне антываенны пратэст.

09:22 27.2.2022

Раніцай у Бабруйску затрымалі Галіну Сьмірнову

Лідэрку бабруйскай суполкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі павезьлі ў РАУС, паведамляе «Вясна».

Галіна збіралася на працу, калі да яе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Пасьля гэтага на сувязь яна больш не выходзіла.

08:56 27.2.2022

Дэпутат Савіных заявіў, што замежныя назіральнікі Беларусі больш не патрэбны

«Мы адыходзім ад тых падыходаў, калі вонкавыя назіральнікі павінны былі даць нейкую легітымацыю нашаму выбарчаму працэсу альбо любому працэсу плебісцыту», — ​цытуе дэпутата Андрэя Савіных тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў:

«Мы лічым, што мы самі павінны ўдасканальваць уласнае заканадаўства і рабіць усё такім чынам, каб вынікі народнага волевыяўленьня нельга было паставіць пад сумнеў.
Нам не патрэбна станоўчая ацэнка з-за мяжы, нам больш ня трэба вонкавага ціску. Думаю, што гэтая практыка спыняе сваё існаваньне».

Назіральнікаў ад АБСЭ на рэфэрэндуме няма.

07:56 27.2.2022

ЦВК: датэрмінова на рэфэрэндуме прагаласавалі амаль 43% грамадзян. Гэта рэкорд

Паводле афіцыйных зьвестак, за тры дні датэрміновага галасаваньня на канстытуцыйным рэфэрэндуме прагаласавалі 42,93% грамадзян, уключаных у спісы для галасаваньня.

Пра гэта 26 лютага паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія.

Апазыцыя лічыць датэрміновае галасаваньне асноўным мэханімам масавых фальсыфікацый электаральных кампаній.

07:54 27.2.2022

У Беларусі праходзіць рэфэрэндум аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю

У бюлетэні для галасаваньня толькі адно пытаньне: «Ці прымаеце вы змяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?». Варыянтаў адказу два: за і супраць.

У сьпісы для галасаваньня ўключаны 6 818 948 грамадзян Беларусі – на 26 тысяч менш, чым на выбарах 2020 году.

Сфармавана 5 510 участковых камісій. Ніводзін прадстаўнік апазыцыі ў іх склад не прайшоў, а сьпісы сяброў камісій засакрэцілі. Таксама на рэфэрэндуме ня будзе наглядальнікаў ад АБСЭ.

Рашэньне, прынятае на рэфэрэндуме, будзе мець абавязковую юрыдычную сілу і пачне дзейнічаць праз дзесяць дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

XS
SM
MD
LG