У харкаўскім мэтро хаваюцца ад расейскіх абстрэлаў
Мінабароны Ўкраіны: Зьнішчылі расейскіх дывэрсантаў, якія пераапрануліся ў форму УСУ і захапілі ўкраінскія грузавікі
Намесьнік міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што дывэрсійна-выведніцкая група расейскіх акупантаў, якая прарывалася ў цэнтар Кіева пад выглядам украінскіх вайскоўцаў, зьнішчаная.
Стрэлы ў «Менскім масіве»
У густанаселеным раёне «Менскі масіў» чуюцца стрэлы. Сытуацыя вакол раёну няясная. Стрэлы чуюць па ўсёй Абалоні.
Дывэрсанты на Абалоні
Міністэрства абароны Украіны пацьвердзіла пранікненьне варожай дывэрсійна-выведніцкай групы ў спальны раён Кіева Абалонь. Дэсантна-штурмавыя войскі Ўзброеных сіл Украіны вядуць баі ў раёнах населеных пунктаў Дымэр і Іванкаў — на поўнач ад Кіева.
У Харкаўскай і Херсонскай вобласьці дэфіцыт крыві
Рэгіянальныя ўлады Харкаўскай і Херсонскай вобласьці заклікалі мясцовых грамадзян стварыць запасы крыві ў донарскіх цэнтрах. Аб гэтым сёньня заявілі кіраўнікі Харкаўскай і Херсонскай абласных адміністрацый Алег Сінягубаў і Генадзь Лагута.
У Харкаве ў выніку начных баёў параненілі 7 вайскоўцаў, пра загінулых не паведамляюць. Алег Сінягубаў сьцьвярджае, што рэгіён пад кантролем Украіны, а вайскоўцы працягваюць адбіваць расейскую атаку.
У Херсоне ўначы быў вельмі цяжкі бой за Антонаўскі мост, які злучае горад зь левым берагам Дняпра, на якім знаходзіцца паселішча Алешкі. Улады сьцьвярджаюць, што мост кантралююць украінскія войскі. Моцныя баі ўначы таксама адбыліся ў Кахоўцы.
«Херсоншчыну плянамерна спрабуюць акупаваць. Але я запэўніваю, наша вобласьць, нашыя абаронцы будуць і далей абараняцца», – заявіў кіраўнік вобласьці Генадзь Лагута. Раніцай а 9:00 ўлады заклікалі жыхароў ваколіц Херсона тэрмінова накіравацца ва ўкрыцьці ў сувязі з актывізацыяй баявых дзеяньняў.
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны пацьвердзілі інфармацыю пра зьбіты расейскі самалёт
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў, што лётчыка зьбітага расейскага самалёту ўзялі ў палон і цяпер дапытваюць.
Паводле яго, цяпер найбольш цяжкія баі адбываюцца на поўдні Ўкраіны — каля Херсону і ў Мелітопалі. «На ваколіцах Мелітопалю ёсьць расейскія войскі, якія зайшлі з Крыму, але іншую частку горада ўкраінскае войска ўтрымлівае і не дазваляе прасовацца ў напрамку Марыюпалю», — паведаміў Аляксей Арастовіч на брыфінгу 25 лютага ў Кіеве.
Чарнігаўскай і Сумскай вобласьці ўкраінскія абаронцы адкінулі расейскія войскі. Цяпер яны, паводле Арастовіча, перагрупоўваюцца, каб пачаць новы наступ. Арастовіч дадаў, што ў зоне правядзеньня апэрацыі Аб’яднаных сіл (на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласьцей) таксама пакуль няма наступу і баёў.
«Сумесна павінны пасадзіць Расею за стол перамоваў». Зяленскі папрасіў Бухарэсцкую дзявятку аб дапамозе Ўкраіне
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да Бухарэсцкай дзявяткі (Баўгарыя, Вугоршчына, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славаччына, Чэхія) з просьбай аб аказаньні Кіеву абароннай дапамогі.
«Абмеркаваў гэта з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Зьвярнуўся да Бухарэсцкай дзявяткі наконт абароннай дапамогі, санкцый, ціску на агрэсара. Сумесна павінны пасадзіць Расею за стол перамоваў», — напісаў Зяленскі ў твітэры.
Мінабароны Украіны: наступальнай апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці
Паводле Мінабароны Ўкраіны, расейскія сілы працягваюць наступальную апэрацыю на выбраных кірунках з ужываньнем высокадакладнай зброі далёкага дзеяньня і апэратыўна-тактычнай авіяцыі, гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Ўкраіны ў 10:00.
Паводле ведамства, упраўленьне і навядзеньне авіяцыі ажыцьцяўляецца самалётамі тыпу А-50 з тэрыторыі Менскай вобласьці ў паветранай прасторы Беларусі і АР Крым. Зазначаецца, што з мэтай запалохваньня насельніцтва Ўкраіны выбіраюцца для паражэньня аб’екты цывільнай інфраструктуры і жылыя дамы. Таксама адзначаецца, што на беларускім аэрадроме Гомель зьдзейсьнілі пасадку расейскія Іл-76 з дэсантнікамі на борце.
«Праз пашкоджаньне ўзьлётнай паласы аэрадрома Гастомель супернік вырашыў рушыць сваім ходам з тэрыторыі Беларусі ў кірунку Гомель — Чарнігаў — Кіеў», — паведамляе Міністэрства абароны Ўкраіны.
«Нам сказалі, што едзем на вучэньні». Палонныя расейскія вайскоўцы расказалі, як апынуліся ва Ўкраіне
Затрыманыя расейскія салдаты капітан Міхееў і яфрэйтар Касаткін, які трапілі ва ўкраінскі палон, расказалі, што ня ведалі, куды і навошта іх перамяшчаюць.
«Прыцягваліся на вучэньні ў Крыме, адпрацоўвалі ратаваньне параненых», – сказаў Міхееў. Ён сказаў, што іх загрузілі ў поле ў Крыме і ён ня ведаў, што іх накіроўваюць ва Ўкраіну. «Мы гадзіны чатыры не разумелі, дзе мы», – дадаў Касаткін.
Яшчэ адзін салдат з Расеі, якога ўзялі ў палон у Гастомелі, таксама паведаміў, што ім камандаваньне паведаміла, што накіроўвае іх на вучэньні. Сам ён служыць у АМАПе Кемераўскай вобласьці і прыехаў ва Ўкраіну ў складзе СОБРа.
«Талібан» заклікаў да мірнага разьвязаньня канфлікту
Прадстаўнік прэс-службы радыкальнага ісламісцкага руху «Талібан», які заняў уладу ў Афганістане, Абдул Кахар Балхі, перадаў пазыцыю сваёй арганізацыі па расейска-ўкраінскай вайне. Там заклікаюць Расею і Ўкраіну мірна разьвязаць канфлікт, а таксама апякуюцца лёсам афганскіх студэнтаў, якія засталіся ва Ўкраіне.
Наступствы паветранай атакі на Кіеў
У выніку абстрэлаў расейскіх вайскоўцаў за два дні ва Ўкраіне загінулі двое дзяцей
Абстраляна 33 цывільныя аб'екты, паведамілі ў МУС Украіны.
«Пачаць трэба з таго, што падчас абстрэлаў расейскіх акупантаў за гэты дзень загінулі двое дзяцей... І ў гэтым вінаватая адна Расейская Федэрацыя. Расейцы таксама заяўляюць, што не вядуць агню па цывільных абʼектах – на гэты момант было абстраляна 33 цывільныя цэлі», – заявіў прэс-сакратар МУС Вадзім Дзенісенка ў заяве, апублікаванай у Facebook.
Рэшткі зьбітага самалёта на ўскраіне Кіева
За мінулыя суткі ў Польшчу з тэрыторыі Ўкраіны ўехалі 29 тысяч чалавек.
Пра гэта паведамляе Памежная служба Польшчы.
МЗС Беларусі: Да беларускіх дыпляматаў ва Ўкраіне зьвярнуліся больш за 1,5 тысячы чалавек
«Беларусы пакідалі Ўкраіну праз пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы Новая Рудня і Новая Гута. Усяго мяжу перасеклі некалькі соцень чалавек. Цяпер пункты пропуску застаюцца адкрытымі, разам з тым пад’езды да іх з тэрыторыі Украіны ў сілу разбурэньня дарожнай інфраструктуры вельмі складаныя і не заўсёды бясьпечныя», — паведамляе беларускі МЗС.
Таксама МЗС рэкамэндуе прыслухоўвацца да мераў бясьпекі, вызначаных ва Ўкраіне, і прыслухоўвацца да рэкамэндацый уладаў наконт гэтага.
У Беларусі расклеілі ўлёткі са словамі падтрымкі Ўраіны
Улёткі зьявіліся ў гарадах, якія знаходзяцца блізка да украінскай мяжы. У прыватнасьці, у гарадах Пінск, Мазыр і Гомель былі расклеены ўлёткі з надпісамі «Агрэсар нам не брат — паміраць за цябе не будзем» і «Пайшла прэч расейская дыктатура».
У Кіеве ўдалося ўратавацца кіроўцу легкавіка, машыну якога пераехала бранятэхніка
Расейская бранятэхніка ў кіеўскім раёне Абалонь пераехала легкавік, у якім быў чалавек. Яму ўдалося ўратавацца.
.
Фота вынікаў ваенных дзеяньняў Расеі супраць Украіны
Мінабароны Ўкраіны: па дарозе зь Беларусі на Кіеў зьнішчылі 20 расейскіх танкаў
Украінскія вайскоўцы заявілі, што зьнішчылі каля 20 расейскіх танкаў на менскім кірунку ў Чарнігаўскай вобласьці, а таксама калёну тэхнікі, якая рухалася з населенага пункту Рыпкі ў Чарнігаў, паведаміла апэратыўнае камандаваньне «Поўнач» Узброеных сіл Украіны.
ААН паведаміла, што выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну свае дамы былі вымушаныя пакінуць 100 тысяч чалавек
Большасьць зь іх знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, але дзясяткі тысяч перасеклі мяжу і выехалі ў Польшчу, Малдову, Румынію і Вугоршчыну.