Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага
Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева ракетамі і авіянапад. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Расея працягвае наступ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, масава абстрэльвае цывільныя будынкі ў гарадах і мястэчках.
  • Кіеў і вобласьць пад масіраванымі авіяўдарамі. Вайскоўцы і палітыкі заклікалі ўкраінцаў стаць на абарону сталіцы.
  • Ужо больш за 50 тысяч уцекачоў пакінулі Ўкраіну.
  • Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Расея пазбавілася сяброўства ў Радзе Эўропы, месца ў Эўрабачаньні і фінала Лігі чэмпіёнаў
  • Прэзыдэнт Украіны Зяленскі выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
  • Крэмль спачатку заявіў, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай. Аднак пасьля заклікаў украінскіх вайскоўцаў зрынуць уладу ў Кіеве.
  • Кіраўнік Кітаю ўпершыню заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
  • Кіеў: апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці. У беларускіх гарадах заўважылі шмат вайсковай тэхнікі. Лукашэнка 25 лютага не сказаў пра вайну ні слова.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя санкцыі ўзгадніў і Эўразьвяз, а ў другой палове дня дамовіліся пра замарозку ўсіх рахункаў Пуціна і Лаўрова.
08:11 25.2.2022

Расея атакавала яшэ адзін абласны цэнтар Ўкраіны

Мінабароны Ўкраіны паведаміла, што Расея нанесла паветраны ўдар па падраздзяленнях у раёне горада Крапіўніцкі. Паветраныя Сілы Ўкраіны абараняюць неба над Кіевам.

08:23 25.2.2022

Кіеў на другі дзень расейска-украінскай вайны

Кіеў на другі дзень расейска-украінскай вайны
Кіеў на другі дзень расейска-украінскай вайны

08:37 25.2.2022

Зяленскі адрэагаваў на абстрэлы Кіева

У ранішнім звароце прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што ўчорашнія санкцыі выявіліся недастатковымі, каб спыніць Расею. і ракетныя абстрэлы Кіева гэта паацьвердзілі. Ён заклікаў усіх грамадзян Украіны да супраціву, дапамагаць войску і ўсім, хто побач. Перакананы, што Расеі ўсё роўна давядзецца садзіцца за стол перамоваў, каб дамаўляцца аб спыненьні ўварваньня і баявых дзеяньняў.

«Спыняйце ворага паўсюль, дзе зможаце. Ніхто, апроч нас, гэтага ня зробіць. Ракеты «Калібр» бездапаможныя супраць нашай свабоды».

08:42 25.2.2022

У Кіеве зноў абвясьцілі трывогу, на шляху расейскіх танкаў падрываюць масты

Гучаць сырэны ў цэнтры горада. Украінскія войскі вымушаны руйнаваць масты, каб спыніць баявую тэхніку Расеі. Вядома, што аб двух зьнішчаных мастах – у Іванкаве і Ірпені.

08:47 25.2.2022

МУС Украіны паказала падбітую расейскую тэхніку

Фота расейская браняванай тэхнікі, якую падбілі ля горада Канатоп, што па дарозе на Кіеў, паказаў прадстаўнік МУС Украіны Антон Герашчанка.

08:57 25.2.2022

Джулі Фішэр: «Беларусь стала саўдзельніцай атакі Расеі на Ўкраіну»

Спэцпрадстаўніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр пракамэнтавала новыя санкцыі сваёй краіны супраць уладаў у Менску.

«Расея адказная за атакі на Ўкраіну. Аднак Беларусь стала саўдзельніцай, дазволіўшы выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для вядзеньня вайны. Мы ясна далі зразумець Беларусі, што ў гэтым выпадку яна сутыкнецца з наступствамі новага ўзроўню. Гэтыя наступствы пачынаюцца зараз», – напісала Фішэр у «Твітэры».

24 лютага Мінфін ЗША ўвёў санкцыі супраць 24 юрыдычных і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да беларускага банкаўскага і ваеннага сэктараў.

09:07 25.2.2022

Цывільныя ахвяры першага дня агрэсіі Расеі на Ўкраіну – 57 загінулых і 169 параненых


Міністар здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко у тэлеэфіры паведаміў апэратыўныя зьвесткі аб колькасьці ахвяр за першы дзень ракетных ды артылерыйскіх абстрэлаў Украіны з боку Расеі.

Паводле яго, загінулі 57 грамадзян і яшчэ 169 атрымалі раненьні. Ён не ўдакладніў колькасьць стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва.

09:10 25.2.2022

Зьявілася інфармацыя пра яшчэ адзін зьбіты над Кіевам расейскі самалёт

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка піша, што над Кіевам зьбілі расейкі СУ-27. Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны пакуль пра гэта не паведамляе. За першы дзень, паводле Мінабароны Ўкраіны, зьбілі 7 самалётаў. Расейскі бок пра зьбітыя самалёты не паведамляе.

09:19 25.2.2022

Паветраная трывога ў Кіеве

У Кіеве зноў абвясьцілі паветраную трывогу, кіеўскія ўлады заклікалі ўсіх тэрмінова накіроўвацца ва ўкрыцьці. Гэта другая сырэна, за апошнюю гадзіну.​

09:23 25.2.2022

Расейцы абступілі горад Канатоп на Сумшчыне, тэхніка Расеі ідзе на Кіеў

Пра гэта паведаміў кіраўнік Сумскай ОДА Дзьмітрый Жывіцкі.

«На сёньняшні дзень у кольца ўзяты горад Канатоп, горад Ахтырка гераічна двойчы адбіў варожы наступ. На жаль, населеныя пункты Сумскай вобласьці аточаныя», – сказаў ён.

Ён дадаў, што тэхніка ворага з Сумаў выйшла ў кірунку Кіева.

«Вельмі шмат тэхнікі, якая прайшла транзытам, накіроўваецца на заходні кірунак. Зьвяртаюся да ўсіх, хто можа змагацца са зброяй у руках, сустрэць ворага на нашай роднай зямлі», – сказаў старшыня Сумскай ОДА.

09:26 25.2.2022

Украінцы паказалі свае трафэі

Войскі Ўкраіны спынілі шмат тэхнікі акупантаў у розных частках краіны. Яны падзяліліся здымкамі сваіх баявых трафэяў. Паведамлялася, што нярэдка пасьля першай атакі расейцы разьбягаліся хто куды, нават губляючы абутак, пакідаючы тэхніку.

09:27 25.2.2022

Украінскае войска адбіла прарыў расейцаў у Чарнігаўскай вобласьці

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны заявіў аб спыненьні прарыву расейскіх войскаў у Чарнігаўскай вобласьці:

«На чарнігаўскім кірунку і непасрэдна на падыходзе да Чарнігава ўкраінскім вайскоўцам удалося ўтрымаць абарону і адбіць прарыў расейскіх войскаў. Варожая тэхніка вымушаная была адступіць у напрамку Седнева і з Гарадні ў Сямёнаўку. Захапілі варожыя трафэі ў выглядзе тэхнікі і дакумэнтаў з асабістымі дадзенымі расейцаў», – паведаміў ён.

09:39 25.2.2022

Вайскоўцы заклікалі ўкраінцаў стаць на абарону Кіева

Штаб Сухапутных войскаў Украіны паведаміў аб магчымым заходзе расейскіх войскаў праз горад Ворзэль Кіеўскай вобласьці:

«Магчымы заход супраціўніка ў навакольныя паселішчы. Палі акупанта. Усе да зброі», адзначаецца ў паведамленьні.

Ад Ворзеля да Кіева 39 км.

09:44 25.2.2022

На выездзе з Гомля заўважылі вялікую калёну расейскіх БМП

На БМП ёсьць пазнака «V». Расея працягвае агрэсію на Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі, якую прапанаваў Лукашэнка.

09:51 25.2.2022

Ахвяры першага дня агрэсіі Расеі на Ўкраіну: 137 загінулых вайскоўцаў і 57 цывільных

Паводле апэратыўных зьвестак за 24 лютага, калі пачалася маштабная атака Расеі на Ўкраіну, загінулі 137 вайскоўцаў і 57 цывільных грамадзян. Амаль паўтысячы атрымалі раненьні.

Як паведаміў у ноч на 25 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў адным са сваіх зваротаў, 10 з 137 загінулых салдат – афіцэры. Яшчэ 316 атрымалі раненьні.

Паводле міністра аховы здароўя Ўкраіны Віктара Ляшко, загінулі 57 грамадзян і яшчэ 169 атрымалі раненьні.

09:57 25.2.2022

Ва Ўкраіне другі дзень чэргі каля ваенкаматаў

Штаб сухапутных войскаў Украіны апублікаваў фотаздымкі аднаго з ваенкаматаў у Луцку, дзе ўкраінцы стаяць у чарзе, каб далучыцца да войска і абароны Ўкраіны ад расейскай агрэсіі.

«Ваенкаматы на Валыні працую кругласутачна. У Луцку – чарга! Чарнаўцы – чарга! Уперад да зброі. Абаронім сваю радзіму! Разам мы сіла!»

10:05 25.2.2022

СБУ затрымала прарасейскага дывэрсанта, які маляваў арыентыры для ракетных удараў

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала ў Чарнаморску Адэскай вобласьці прарасейскага дывэрсанта, які маляваў адмысловыя знакі-арыентыры для расейскіх войскаў.

Паводле СБУ, цяпер у шмат якіх гарадах дзейнічаюць расейскія дывэрсійныя групы, якія наносяць на дарогі адмысловыя пазнакі (крыж, кола ды іншыя) люмінісцэнтнай або сьвятлоадбівальнай фарбай. СБУ заклікала ўкраінцаў зафарбоўваць або іншым спосабам зьнішчаць такія пазнакі і паведамляць пра іх спэцыяльным службам Украіны.

«Гэта можа быць сыстэма сыгналаў, якія выкарыстоўвае вораг для каардынацыі ўварваньня», — падкрэсьлілі ў СБУ.

10:08 25.2.2022

Расейскія вайскоўцы захапілі два аўтамабілі УСУ

Захапіўшы аўтамабілі, дывэрсанты пераапрануліся ў форму ўкраінскіх вайскоўцаў і на хуткасьці рухаюцца ў цэнтар Кіева з боку Абалоні. За імі ідзе калёна расейскіх вайсковых грузавікоў. Пра гэта паведаміла намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр.

«Яны абавязкова будуць абясшкоджаныя», — зазначыла Маляр.

10:16 25.2.2022

Калёна вайсковых машын рухаецца на Кіеў

Расейскія вайскоўцы захапілі два аўтамабілі Ўзброеных сіл Украіны, пераапрануліся ў форму ўкраінскіх вайскоўцаў і на хуткасьці рухаюцца ў цэнтар Кіева з боку Абалоні. За імі ідзе калёна расейскіх вайсковых грузавікоў, паведаміла намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр. «Яны абавязкова будуць абясшкоджаныя», – зазначыла Маляр.

10:20 25.2.2022

Кіеў: ва Ўкраіне ў зоне адчужэньня ЧАЭС павялічылася радыяцыя

Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны паведаміла аб істотным павелічэньні ўзроўню радыяцыі ў зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС, якую ўчора пад кантроль узялі расейскія войскі.

У прыватнасьці, размова ідзе аб перавышэньні кантрольных узроўняў магутнасьці дозаў гама-выпраменьваньня на значнай частцы пунктаў назіраньня. «У выніку акупацыі і баявых дзеяньняў вызначыць прычыны зьмены паказчыкаў радыяцыйнага фону ў зоне адчужэньня немагчыма», – адзначылі ў інспэкцыі.

Напярэдадні Ўкраіна паінфармавала МАГАТЭ аб тым, што не кантралюе ядзерных аб’ектаў, якія знаходзяцца ў Чарнобыльскай АЭС.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG