Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага
Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева ракетамі і авіянапад. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Расея працягвае наступ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, масава абстрэльвае цывільныя будынкі ў гарадах і мястэчках.
  • Кіеў і вобласьць пад масіраванымі авіяўдарамі. Вайскоўцы і палітыкі заклікалі ўкраінцаў стаць на абарону сталіцы.
  • Ужо больш за 50 тысяч уцекачоў пакінулі Ўкраіну.
  • Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Расея пазбавілася сяброўства ў Радзе Эўропы, месца ў Эўрабачаньні і фінала Лігі чэмпіёнаў
  • Прэзыдэнт Украіны Зяленскі выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
  • Крэмль спачатку заявіў, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай. Аднак пасьля заклікаў украінскіх вайскоўцаў зрынуць уладу ў Кіеве.
  • Кіраўнік Кітаю ўпершыню заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
  • Кіеў: апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці. У беларускіх гарадах заўважылі шмат вайсковай тэхнікі. Лукашэнка 25 лютага не сказаў пра вайну ні слова.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя санкцыі ўзгадніў і Эўразьвяз, а ў другой палове дня дамовіліся пра замарозку ўсіх рахункаў Пуціна і Лаўрова.
19:44 25.2.2022

Расея прыгразіла Фінляндыі, калі краіна ўступіць у NATO

«Мы разглядаем прыхільнасьць ураду Фінляндыі палітыцы вайсковага недалучэньня як важны фактар гарантаваньня бясьпекі і стабільнасьці ў Паўночнай Эўропе. Уступленьне Фінляндыі ў NATO будзе мець сур’ёзныя вайсковыя і палітычныя наступствы»​, — заявіла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, піша УНІАН.

19:31 25.2.2022

«Роскомнадзор» часткова абмежаваў доступ да Facebook у Расеі

Пра гэта паведамляе РБК.

19:24 25.2.2022

Расею выключылі з удзельнікаў міжнароднага конкурсу «Эўравізія»

Пра гэта перадае РБК.

19:21 25.2.2022

У Чорным моры расейцы падстрэлілі яшчэ адзін замежны карабель

Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны паведаміла, што расейскія вайсковыя караблі падстрэлілі сухагруз Namura Queen ​пад сьцягам Панамы, які ішоў ​ва ўкраінскі порт «Південний». Экіпаж не пацярпеў, але частка абсталяваньня зьнішчана.

Апроч таго, у міністэрстве ўдакладнілі, што ў выніку абстрэлу ў першай палавіне дня карабля Millenial Spirit, які ішоў пад сьцягам Малдовы з мазутай, пацярпеў экіпаж — абгарэў капітан судна, у яго таксама зламаная рука. Таксама ў цяжкім стане яшчэ адзін чалец экіпажу. Пацярпелых даставілі ў порт Чарнаморск.

19:07 25.2.2022

МУС Украіны: пацярпелых пасьля пажару ў будынку СБУ ў Чарнігаве няма

Папярэдне пацярпелых няма. Тушылі пажар 8 чалавек і дзьве пажарныя машыны, паведамілі ў МУС Украіны. У 15:15 будынак абласной СБУ загарэўся ў выніку абстрэлу.

18:58 25.2.2022

Сьпікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША: працуем, каб перадаць Украіне зброю

Сьпікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі заявіла, што амэрыканскія законатворцы забясьпечаць, каб 600 мільёнаў даляраў, вылучаныя на «летальную абарончую зброю» для Ўкраіны, былі скарыстаныя для абароны Ўкраіны ад расейскага нападу. Яе цытуе агенцтва Reuters: «Тое, што мы робім для Ўкраіны, — гэта забясьпечваем, каб была гуманітарная дапамога людзям і каб мы накіравалі летальную абарончую зброю ва Ўкраіну прыкладна на 600 мільёнаў даляраў, каб яны маглі весьці сваё змаганьне».

18:58 25.2.2022

Пасла Беларусі выклікалі ў МЗС Вялікай Брытаніі праз дапамогу Расеі

Прычына выкліку пасла Максіма Ермаловіча — у падтрымцы, якую Беларусь аказвае расейскай агрэсіі, паведамляе ТАСС.

18:53 25.2.2022

Што на другі дзень вайны Расеі супраць Украіны пішуць пра яе беларускія дзяржаўныя СМІ

Стужкі дзяржаўных мэдыя напоўненыя перапостамі паведамленьняў афіцыйных расейскіх структураў. Украінскага пункту гледжаньня няма.

18:50 25.2.2022

Расею выключылі з Рады Эўропы пасьля ейнага ўварваньня ва Ўкраіну

Пра гэта 25 лютага заявіў міністар замежных справаў Італіі Люіджы Ды Маё.

Раду Эўропы стварылі пасьля Другой усясьветнай вайны для абароны правоў чалавека і вяршэнства закону на ўсім кантынэнце. Беларусь выключана з Рады Эўропы ў 1996 годзе за грубыя парушэньні правоў і свабодаў.

18:50 25.2.2022

«Едзем даць адпор Путлеру». Рэпартаж з польска-ўкраінскай мяжы

Польшча арганізавала гасьцінны прыём украінцаў, якія бягуць ад расейскай агрэсіі. Каля мяжы працуюць пункты прыёму ўцекачоў. Арганізаваны прыём украінцаў і на чыгуначным вакзале ў Перамышлі.

Чытайце рэпартаж Свабоды.

18:47 25.2.2022

У Львове ад сёньня ўвялі камэнданцкую гадзіну

Мэр Львова паведаміў аб увядзеньні з 25 лютага камэнданцкай гадзіны з 22:00 да 6-й раніцы.​ Паводле яго, гарадзкі транспарт будзе курсаваць да 21:00.

У большасьці гарадоў, па якіх учора Расея нанесла моцныя авіяўдары, камэнданцкую гадзіну ўвялі 24 лютага, у тым ліку ў Чарнігаве, Харкаўскай і Кіеўскай абласьцях, у Кіеве, Дняпры, Мікалаеве і Чаркаскай вобласьці і іншых.

18:44 25.2.2022

Чэхія закрывае сваю паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Пра гэта паведаміў кіраўнік Мінтрансу Чэхіі Марцін Купка, перадае РБК. Раней паветраную прастору для расейскіх авіякампаній закрыла Польшча.

18:42 25.2.2022

Камітэт міністраў Рады Эўропы распачаў працэдуру прыпыненьня сяброўства Расеі ў Радзе Эўропы

Пра гэта паведамляе РБК.

18:41 25.2.2022

Пуцін прапанаваў украінскім вайскоўцам «узяць уладу ў свае рукі»

«Бярыце ўладу ў свае рукі, падобна нам з вамі будзе лягчэй дамовіцца, чым з гэтай хэўрай наркаманаў і нэанацыстаў, якая засела ў Кіеве і ўзяла ў закладнікі ўвесь украінскі народ», — заявіў ён, перадае РБК.

18:38 25.2.2022

У Кіеўскай вобласьці ў выніку авіяўдараў загінулі чацьвёра і параненыя 15 мірных грамадзян

Старшыня Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Кулеба паведаміў аб ахвярах сярод цывільнага насельніцтва ў рэгіёне ў выніку авіяўдараў расейскімі войскамі.

«На жаль, маем страты сярод мірнага насельніцтва ў Палесьсі, Мар’янаўцы і Гаўрылаўцы. У Мар’янаўцыі, што ў Вышгарадзкім раёне, варожыя сілы цынічна нанесьлі авіяўдар па мірных жыхарах. На цяпер пацьверджана інфармацыя пра чатырох загінулых і больш як 15 параненых», — паведаміў Аляксей Кулеба.

18:35 25.2.2022

Улады Херсона заявілі, што абарона горада зламаная

Страчаны кантроль над пераправай (Херсон стаіць на беразе Дняпра). Адміністрацыя заклікае насельніцтва не паддавацца паніцы.

24 лютага Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб аднаўленьні падачы вады ў Паўночна-Крымскі канал пасьля высадкі дэсанту на падыходах да Херсону. Кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў, што водная блякада паўвострава завершаная, піша РБК.

18:04 25.2.2022

Папа Рымскі пайшоў на беспрэцэдэнтнае адхіленьне ад дыпляматычнага пратаколу. Францішак асабіста прыйшоў у амбасаду Расеі ў Ватыкане і выказаў амбасадару заклапочанасьць уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.

18:02 25.2.2022

Гарыць будынак СБУ ў Чарнігаве

2 расейскія набоі трапілі ў сядзібу Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаве.

18:00 25.2.2022

Міністэрства абароны Ўкраіны: за 30 гадзінаў зьбіта 6 расейскіх самалётаў

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што за 30 гадзінаў украінцы зьбілі 6 расейскіх самалётаў.

«Гэта вынік высокага баявога майстэрства ўкраінскага лётчыка-зьнішчальніка», — зазначыла Маляр.

17:59 25.2.2022

Прапанова выканкаму МАК

Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) заклікаў перанесьці або скасаваць спартовыя падзеі, заплянаваныя цяпер у Расеі ці Беларусі, а таксама заклікаў спартовыя фэдэрацыі не вывешваць сьцягі гэтых дзяржаваў на ўсіх спаборніцтвах.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG