Шмат вайсковай тэхнікі пад Берасьцем. Фота са спадарожніка
Ціханоўская правяла тэрміновую сустрэчу з кіраўніком МЗС Францыі
У Парыжы Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных справаў Францыі Жан-Івам ЛЁ Дрыянам, які цяпер старшынюе ў Радзе міністраў краін ЭЗ. Літаральна празь некалькі гадзін у Брусэлі будуць абмяркоўваць рэжым Лукашэнкі, яго дзеяньні і ўдзел у кровапралітнай вайне супраць Украіны.
Кіеў: страты расейцаў за два дні вайны — 2800 чалавек
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пералічыла страты праціўніка ў вайне. Зь яе зьвестак вынікае, што расейцы толькі за два няпоўныя дні актыўных баявых дзеяньняў супраць Украіны страцілі 2800 чалавек асабовага складу і сотні адзінак вайсковай тэхнікі, што выкарыстоўвалася ў наступе на незалежную дзяржаву. Колькасьць зьбітых самалётаў і гелікоптэраў дасягнула 17.
Фінскі Jokerit адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў КХЛ
Фінская каманда Jokerit адмовілася працягваць выступленьні ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, фактычна адкрытым чэмпіянаце Расеі ў хакеі з шайбай. У кіраўніцтве лігі наракаюць на «палітычныя» прычыны рашэньня, ніяк не камэнтуючы распачатую Расеяй вайну ва Ўкраіне.
Раней Расея страціла права правесьці фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў у Санкт-Пецярбургу, этап «Формулы-1» у Сочы і шэраг іншых турніраў. Яшчэ да фінскіх хакеістаў адмовіліся ад выступленьняў у Лізе ВТБ баскетбалісты эстонскай каманды Kalev.
Кіеў: перамовы аб міры і гарантыях бясьпекі варта весьці ня ў Менску, а ў Будапэшцкім фармаце
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, кіраўнік падкамітэту дзяржаўнай бясьпекі і абароны Фёдар Веніслаўскі лічыць малаімаверным правядзеньне перамоваў у Менску.
«Я мяркую, што перамовы з вар’ятам Пуціным сам-насам, які дазволіў сабе такія злачынствы супраць чалавецтва і супраць міру, ня могуць быць пляцоўкай, якая можа гарантаваць бясьпеку для Ўкраіны і аднаўленьня ўсёй яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. Я лічу, што трэба залучыць міжнародныя пляцоўкі, прадугледжаныя дзейнымі міжнароднымі ўгодамі, падпісантамі якіх ёсьць Украіна і Расея», — сказаў Фёдар Веніслаўскі ў эфіры тэлеканалу «Рада».
Паводле яго, пляцоўкай можа стаць фармат з удзелам краін-падпісантащ Будапэшцкага мэмарандуму.
Польшча з поўначы закрывае сваё неба для расейскіх авіякампаній
Рашэньне афіцыйна прынялі, ад поўначы расейскім самалётам закрыты рух у паветраную прастору Польшчы, праінфармаваў у твітэры прэс-сакратар ураду.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Пуціна і Лаўрова
Краіны Эўразьвязу ўзгаднілі замарожваньне пэрсанальных банкаўскіх рахункаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова. Афіцыйнае рашэньне мае быць прынята пазьней сёньня. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі крыніцы ў Брусэлі.
У Ізюмскім раёне пашкодзілі газаправод
Пасьля баёў на Харкаўшчыне выведзены са строю газаправод. Больш за 500 сем’яў у сяле Аскол, а таксама псыханэўралягічны інтэрнат засталіся бяз газу.
У Сумскай вобласьці расейцы абстралялі дзіцячы садок
2 чалавекі загінулі, 17 атрымалі раненьні, у тым ліку дзеці. Трое ў цяжкім стане, сказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Фёдар Веніслаўскі. Ахтырка знаходзіцца за 80 км ад абласнога цэнтру Сумаў і за 480 км ад беларускага Гомля.
Польшча рыхтуецца закрыць паветра для расейскіх самалётаў
Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі даручыў ураду падрыхтаваць пастанову, якая прывядзе да закрыцьця паветранай прасторы краіны для расейскіх авіякампаніяў. Таксама ён нагадаў, што ў супрацы з Эўразьвязам прыняты шырокі пакет эканамічных і палітычных санкцыяў супраць Масквы за ўварваньне ва Ўкраіну.
Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай
Расея гатовая адправіць у Менск на перамовы з Украінай сваю дэлегацыю, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Пра гэта паведамляе «РИА Новости».
Раней сёньня прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў аб гатоўнасьці абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
Сі Цзіньпін заявіў пра гэта падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у пятніцу, 25 лютага.
Паводле агенцтва AFP, Сі Цзіньпін сказаў, што падтрымлівае ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу празь перамовы.
Расейская тэхніка ў Берасьці
У Чорным моры каля Адэсы падстрэлены малдаўскі карабель
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны паведаміў, што расейскі карабель падбіў малдаўскі бункеровец Millennial Spirit за 12 міляў ад адэскага порту «Південний».
Марское агенцтва Малдовы пацьвердзіла атаку, але заявіла, што яе крыніца невядомая.
Расейцы з «Граду» абстралялі дзіцячы дом пад Кіевам
Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што ў дзіцячым доме ў Ворзелі (крыху больш як 30 км ад Кіева) у час абстрэлу знаходзіліся 50 дзяцей і пэрсанал.
Паводле яе, пацярпелых няма, бо якраз у той момант дзеці разам з пэрсаналам знаходзіліся ў іншым памяшканьні. Дзяцей і пэрсанал рыхтуюць да эвакуацыі.
У Марыюпалі шмат параненых, ідуць жорсткія баі на ўсіх кірунках
Мэр Марыюпаля Вадзім Бойчанка сьцьвярджае, што украінскія вайскоўцы кантралююць подступы да гораду. Паводле яго, расейцы перабілі водаправод і трансфарматарныя электрападстанцыі, у выніку чаго мясцовыя ўлады вымушаны былі падключыць рэзэрвовыя крыніцы.
«У нас шмат разбуранага жыльлёвага фонду. Але мы ня можам пачаць яго аднаўляць. Гэта магчыма зрабіць толькі пры спыненьня агню», — паведаміў ён.
Вадзім Бойчанка таксама паведаміў, што ў Марыюпалі затрымалі аднаго дывэрсанта, які падаваў арыентыры расейцам для нанясеньня авіяцыйных ці артылерыйскіх удараў. Паводле яго, напярэдадні ў мясцовыя лякарні шпіталізавалі 35 параненых, зь якіх дзевяць у вельмі цяжкім стане.
Жыхары Растова паведамілі пра абстрэл расейскага вайсковага аэрадрому Мілерава
Жыхары Растоўскай вобласьці паведамілі пра абстрэл вайсковага аэрадрому Мілерава на поўначы рэгіёну, паблізу мяжы з Украінай. Карыстальнікі сацсетак публікуюць фота і відэа пажараў зь месца здарэньня. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, людзі пачулі вельмі гучны гук. Жыхары высокіх дамоў убачылі агонь.
Крыніцы растоўскіх СМІ ў сілавых структурах распавялі, што аэрадром быў атакаваны ўкраінскім войскам раніцай у пятніцу. Здарыўся пажар. Раненьні атрымалі некалькі чалавек.
Зяленскі: «Пачалася вайна супраць Эўропы і яе адзінства»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў уварваньне Расеі ва Ўкраіну вайной супраць Эўропы і яе адзінства.
«Гэта пачатак вайны супраць Эўропы, супраць адзінства Эўропы. Супраць элемэнтарных правоў чалавека ў Эўропе, супраць усіх правілаў суіснаваньня на кантынэнце», — заявіў Зяленскі ў звароце да ўкраінскага народу.
Украінскія ўцекачы на мяжы з Малдовай
Пад Харкавам украінская армія зьнішчыла расейскія «Грады»
Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць Харкаў, прычым страляюць па жылых масівах. Зацятыя баі з ночы трываюць у 16-кілямэтровым поясе вакол гораду.