«Мы не прызнаем Украіну ворагам, а ўкраінскую мову — мовай ворага»
Нобэлеўскі ляўрэат, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў выказаўся супраць абвешчанай Пуціным вайны Ўкраіне. У сваім звароце, апублікаваным у «Новой газете», ён сказаў:
«Мы сёньня рана ўсе сабраліся ў рэдакцыі. У нас гора. Наша краіна на загад прэзыдэнта Пуціна пачала вайну з Украінай. І няма каму спыніць вайну. Таму разам з горам мы, і я, адчуваем сорам. У руках галоўнакамандуючы, як зьвязак ключоў ад дарагой машыны, круціць „ядзерную кнопку“. Наступны крок — ядзерны залп? Ніяк інакш не магу вытлумачыць словы Ўладзіміра Пуціна пра зброю адплаты», — сказаў Муратаў.
Ён зазначыў, што чарговы нумар «Новой газеты» (які выходзіць у пятніцу) будзе выпушчаны на дзьвюх мовах — украінскай і расейскай.
«Бо мы не прызнаем Украіну ворагам, а ўкраінскую мову — мовай ворага. І ніколі не прызнаем», — патлумачыў расейскі журналіст. І падкрэсьліў, што «толькі глябальны антываенны рух можа выратаваць жыцьцё на гэтай плянэце».
«Вайна разьвязана менавіта Пуціным і яго асяродзьдзем дзеля ўтрыманьня сваёй улады»
Выказаўся таксама і расейскі грамадзкі дзеяч і бізнэсовец Міхаіл Хадаркоўскі.
«Пуцін пачаў вайну супраць Украіны. Гэта злачынства супраць чалавецтва, гэта цяжкае крымінальнае злачынства ў адпаведнасьці з расейскім законам, і гэта здрада расейскім нацыянальным інтарэсам. Але неабходна дакладна ўсьведамляць, што вайна разьвязана менавіта Пуціным і яго асяродзьдзем дзеля ўтрыманьня сваёй улады, а не расейскім народам. На жаль, дзяржава і яго сілавыя структуры знаходзяцца пад іх кантролем», — напісаў Хадаркоўскі.
Ён лічыць, што «разьвязваньне агрэсіўнай вайны, выкарыстаньне ўзброеных сілаў у асабістых інтарэсах азначае, што ўладу ў Расеі захапіла хунта на чале з Пуціным».
«Любы, хто словам ці справай па сваёй волі дапамагае хунце, становіцца ваенным злачынцам», — напісаў грамадзкі дзеяч.
Ён падкрэсьліў — «вайна супраць Украіны павінна быць спынена любой цаной».
«Вайна стане фатальным фактарам для разьвіцьця расейскага грамадзтва і крытычным фактарам для расейскай дзяржаўнасьці. Пуцінская пагроза прымяненьня ядзернай зброі, якая відавочна прагучала на перамовах з Захадам, ставіць увесь сьвет на парог катастрофы. Як расейскі грамадзянін і патрыёт я лічу сваім абавязкам рабіць усё, каб гэтая несправядлівая, агрэсіўная, імпэрыялістычная па сваёй сутнасьці вайна была спынена, а ганебная старонка расейскай гісторыі была перагорнута. Удзел у антываенным руху, сабатаж загадаў хунты, якія спрыяюць вайне, — абавязак кожнага прыстойнага чалавека.
Сябры, суайчыньнікі, я заклікаю вас выкарыстоўваць любую магчымасьць для супрацьдзеяньня вайне», — заклікаў Хадаркоўскі.
«Гэтая вайна — злачынства Расеі. Мы ўсе — саўдзельнікі»
Пісьменьнік Віктар Шандаровіч на дзеяньні расейскіх уладаў адрэагаваў так:
«Я так разьлічваў на іхны халодны цынізм. Я так спадзяваўся, што гэта быў блеф. Я па-ранейшаму думаю, што гэта быў блеф. Але поўха, якую атрымаў у адказ Пуцін — асабіста Пуцін, — запатрабавала адказу ў выглядзе сапраўднай крыві. І ўжо не аказалася ва ўсёй палітычнай эліце ніводнага прыстойнага чалавека. Ніводнага, які паспрабаваў бы спыніць катастрофу...
Гэтая вайна — вытворнае аднаго хворага ўшчэмленага самалюбства. І гэта злачынства Расеі, вядома. Мы ўсе — саўдзельнікі. Усе мы, якія дазволілі гэтай молі вырасьці ў цмока, здольнага зьнішчыць сьвет. Сорам і жах. „Прабачце нам, бедным забойцам...“», — напісаў Шандаровіч.
«Найгоршы дзень у жыцьці, рэкорд пабіты. Змрок і бясьсільле»
Спартовы журналіст Васіль Уткін таксама выказаўся аб ваенных дзеяньнях ва Украіне.
«Ня вельмі разумею, як рабіць выпуск сёньня. Ну які футбол... Парады не чакаю — таму што сапраўды ўпэўнены, што цяпер ніхто ня дасьць такой рады. Найгоршы дзень у жыцьці. Рэкорд пабіты. Здаецца, з гэтым рэкордам зараз будзе, як з Авечкіным. Ён будзе абнаўляцца рэгулярна. Змрок і бясьсільле. Ня думаў, што ў маім жыцьці будзе такі дзень», — напісаў Уткін у тэлеграм-канале.
Вядомы расейскі вядучы Іван Ургант выказаўся супраць вайны ва Украіне. Ён напісаў: «Страх і боль. „Не“ вайне».
Сьпявак Валеры Меладзэ ў сваім відэазвароце заклікаў спыніць ваенныя дзеяньні:
«Сёньня адбылося тое, чаго не павінна было адбывацца ніколі, — сказаў ён. — Гісторыя калі-небудзь рассудзіць і расставіць усё па сваіх месцах. Ну а сёньня я хачу папрасіць вас, я малю: спыніце ваенныя дзеяньні і сядзьце за стол перамоваў. Людзі павінны ўмець дамаўляцца. Для гэтага нам дадзены язык, для гэтага нам дадзены ўсе здольнасьці. Людзі не павінны гінуць. Гэта трэба спыніць».
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.