Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ёсьць пагроза жыцьцю, то ня думаеш пра нізкія падаткі». Былы чыноўнік Яўген Буры расказаў пра беларускі бізнэс за мяжой


Дзелавы цэнтар Вільні. Ілюстратыўнае фота
Дзелавы цэнтар Вільні. Ілюстратыўнае фота

У Вільні 22-23 лютага праходзіць беларускі бізнэс-форум. Яго арганізатарам выступае Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА). Мэтай падзеі зьяўляецца стварэньне моцнай бізнэс-дыяспары.

Свабода пагаварыла з кіраўніком ABBA, былым супрацоўнікам Рады бясьпекі Яўгенам Бурым, пра спэцыфіку беларускага бізнэсу ў замежжы.

— Ці можна падлічыць, якая колькасьць бізнэсу выехала з 2020 году зь Беларусі за мяжу?

— Гэта вельмі складанае пытаньне, мы шукаем шляхі хаця б ускоснага падліку. Але сёньня ніхто не гатовы даць канкрэтных лічбаў. Гэта вельмі цяжка падлічыць. Чаму? Напрыклад, многія айцішнікі, якія выехалі зь Беларусі, сталі супрацоўнікамі мясцовых бізнэс-інкубатараў і зьніклі з радараў.

Яўген Буры Адказны за эканоміку і фінансы ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве
Яўген Буры Адказны за эканоміку і фінансы ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве

Хтосьці, наадварот, выяжджаў па гуманітарнай візе, але адкрыў бізнэс. Ёсьць беларускі бізнэс, які даўно ўжо існуе за мяжой.

— Але ж мо ёсьць нейкія лічбы, ад якіх можна адштурхнуцца?

— Ёсьць лічба што да Польшчы — каля 2,5 тысячы кампаній зь беларускімі каранямі. Але цяжка сказаць, ці шмат сярод іх зьвязаныя з 2020 годам. Адной з задач асацыяцыі якраз і будзе ацаніць маштаб рэлякацыі бізнэсу.

— Колькі Беларусь страчвае грошай праз такія ад’езды, таксама немагчыма ацаніць?

— Ну так, можна толькі меркаваць. З улікам таго, што ў краіне адбываецца цяпер, гэтая лічба можа вельмі хутка вырасьці. Быў бізнэс, які лічыў да нядаўняга часу, што палітыка іх не датычыць, «мы нэўтральныя, перагарнулі старонку».

Аднак падзеі апошніх тыдняў і дзён паказваюць, наколькі ўсё хістка. Калі па тваёй краіне езьдзяць танкі іншай дзяржавы, то міжволі задумаесься пра рэлякацыю. Ня так важна, колькі выехала пасьля жніўня 2020 году, як будзе важна, колькі выедзе цяпер. На гэты момант ніхто ўжо ня можа гаварыць, што застаецца па-за палітыкай.

— Ці часта вас асабіста пытаюцца: «Мы хочам вывезьці бізнэс зь Беларусі, як гэта зрабіць?»

— Так. Стараемся дапамагчы, наколькі можам. Нашай Асацыяцыі споўнілася нядаўна пяць месяцаў. На гэты момант дапамагаць паўнавартаснага нам яшчэ цяжка. Хацелі б ахопліваць нашмат болей людзей, чым можам рабіць сёньня.

Фінансаваньня асацыяцыі пакуль не існуе; усе людзі, якія прадстаўляюць ABBA, — гэта валянтэры. Тым ня менш валянтэры робяць высокага ўзроўню бізнэс-форумы ў Варшаве, Вільні.

У нас ёсьць партнэры, дарадцы, якія працуюць «за ідэю». Не атрымліваюць узнагароды за працу і юрысты, якія дапамагаюць бізнэсоўцам. Мы спадзяёмся, што пасьля такіх форумаў нас заўважаць людзі, якія павінны гэтым займацца. Мы робім працу, якую маглі б рабіць урады іншых краін.

Мы пачыналіся як дапамога бізнэсу, які з палітычных прычын быў вымушаны закрыцца ў Беларусі, перавезьці справу за мяжу. Натуральна, што дапамагчы фінансава не маглі, але рабілі для такіх людзей нэтворкінгі: калі бізнэсоўцы размаўлялі між сабой, то атрымлівалі шмат інфармацыі і не дапускалі памылак, якія рабілі да іх.

Мы плянуем запусьціць адукацыйную праграму, каб расказаць, як адкрыць бізнэс, як плаціць падаткі і г.д. Гэта будзе вельмі практычны курс: куды ісьці, куды зьвяртацца, якія ёсьць праграмы.

Цяпер мы заснавалі яшчэ Саюз прадпрымальнікаў, ён запачаткаваны бізнэсоўцамі, якія маюць справу ў Польшчы. У яго могуць уступаць, станавіцца сябрамі бізнэсоўцы і зь Літвы, Украіны, Латвіі, іншых краін, а ня толькі Польшчы.

— Якому бізнэсу найпрасьцей прыжывацца за мяжой?

— Натуральна, што прадстаўнікам ІТ-сфэры. Яны ў Беларусі мелі партнэрскія адносіны з заходнімі замоўнікамі. Ім нескладана аказваць паслугі і ў іншай краіне. Пытаньне толькі ў падатковай юрысдыкцыі. Часта, напрыклад, здараецца, што галоўны офіс знаходзіцца ў Літве, але частка работнікаў у Беларусі. Бо ў Беларусі зусім іншая стаўка падаходнага падатку, гэтым карыстаюцца айцішнікі. На мой погляд, гэта ўжо і пытаньне этыкі, ці варта плаціць у Беларусі падаткі, разумеючы, на якія мэты яны ідуць.

Лукашэнка ўжо парушыў свае абяцаньні: казаў, што ня зьменіць падаткаў для чальцоў ПВТ да 2049 году, але пры гэтым павысіў стаўку падаходнага падатку ў 2020-м. Думаю, што зьмяншаць у будучыні ў Беларусі дакладна ніхто падаткаў ня будзе.

— Ці ёсьць у суседніх краінах праграмы дапамогі рэлякацыі бізнэсу зь Беларусі?

— Так, у Польшчы ёсьць. Яна дае магчымасьці атрыманьня візаў для кампэтэнтных работнікаў, дае льготы для атрыманьня грамадзянства. Але сур’ёзных, глябальных падатковых прэфэрэнцый пакуль нідзе няма. Хаця ўсе спрабуюць перавабліваць беларускіх айцішнікаў.

У Беларусі пакуль годныя ўмовы для ІТ, але пытаньне, колькі яны пратрымаюцца? Ну і калі ў Беларусі ёсьць пагроза жыцьцю, здароўю, то ў апошнюю чаргу думаеш пра падаткі.

Ёсьць шмат прыкладаў пасьпяховых пераездаў, але ёсьць і адваротныя выпадкі, калі людзі, якія мелі пасьпяховы бізнэс у Беларусі, цяпер працуюць не на самых прэстыжных пасадах.

— У чым прычыны такога?

— Іх шмат: і легалізацыі знаходжаньня ў краіне, і страх. Ты ня ведаеш рынку, асноў вядзеньня бізнэсу ў гэтай краіне, таму вельмі важна рабіць нэтворкінгі.

Скажам, чалавек стрыжэ кліентаў дома, але ня мае грошай адкрыць салён, няма ведаў. Затое ёсьць пяць прадстаўнікоў б’юці-сфэры. Можа быць, яны разам адкрыюць бізнэс? Яны ня будуць у адзіночку несьці адказнасьць, а кожны зь іх унясе нейкую лепту. Наша задача — аб’яднаць такіх людзей. Каб бізнэсовец не ішоў працаваць у таксі, а адкрываў сваю справу за мяжой.

Трэба, каб людзі ведалі, што вось там ёсьць кавярня, якую трымаюць беларусы, а там СТА, а там цырульня. У кітайцаў ёсьць чайнатаўны, дзе яны гандлююць між сабой, дапамагаюць; сярод беларусаў гэта ня дужа разьвіта пакуль, але мы хочам, каб беларус заўжды знайшоў беларусаў, каб маглі знайсьці працу ці работніка.

— Раней вы казалі, што пасьля дыктатуры Беларусь чакае цалкам разбураная сыстэма. Вы і цяпер так і лічыце?

— Так, яна ўжо разбураецца. Цяпер працэс, калі Беларусь губляе рэшткі незалежнасьці. Беларусь страчвае суб’ектнасьць, рэжым усё больш ідзе на саступкі — адзіны Падатковы кодэкс, не зьдзіўлюся, калі заўтра гаворка будзе весьціся і пра адзіную валюту. Незалежнасьці няма, рэпрэсіі не спыняюцца, бізнэс зьяжджае, дзяржаўныя прадпрыемствы амаль усе стратныя, санкцыі робяць сваю справу, страчвае вагу беларускі рубель.

— За мінулы год эканоміцы атрымалася выйсьці ў невялікі плюс.

— Гэта ня посьпехі беларускай улады, гэта эфэкт нізкай базы. Ужо няма сумневаў, што санкцыйны ціск будзе нарастаць, а больш і больш партнэраў будуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Цяпер, калі ідзе шчырая ваенная рыторыка, усё болей бізнэсу будзе разумець, што весьці справы ў Беларусі амаль немагчыма.

— А ці захоча бізнэс у будучыні вярнуцца ў Беларусь, калі яны ўладкуюцца добра ў Польшчы ці Літве?

— На форуме ў Варшаве мы пыталіся ў бізнэсоўцаў, ці гатовыя яны вярнуцца ў Беларусь. Усе сказалі, што так. Ня кожны гатовы вярнуцца фізычна, але гэта няважна, важныя інвэстыцыі ў эканоміку, якія яны гатовыя ўнесьці. Усе бізнэсоўцы разумеюць: там, дзе выпаленая зямля, ёсьць магчымасьці. Шмат будзе залежаць ад тых умоваў, якія будуць створаныя ў Беларусі новай уладай. Калі ўсё будзе зроблена граматна, то нікога ўгаворваць ня трэба будзе. Вядома, прыйдзе і замежны капітал, але найлепшы інвэстар — гэта сам беларус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG