Тэрмін пад вартай Эдуарда Бабарыкі падоўжылі яшчэ на два месяцы
Да 14 красавіка ён будзе знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, калі гэтае рашэньне не адменяць, перадае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Эдуарду Бабарыку, затрыманаму 18 чэрвеня 2020 году, некаторы час таму выставілі новыя абвінавачаньні. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд палітвязьню Арцёму Баярскаму
18 лютага Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволенага экс-студэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Арцёма Баярскага на прысуд Менскага гарадзкога суду.
Скаргу Арцёма разглядала судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Андрэя Кавальчука. Прысуд пакінулі бязь зьменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе Арцёма этапуюць у калёнію адбываць пакараньне тэрмінам на пяць гадоў.
Блогер Аляксандр Кабанаў рысуе і піша за кратамі
Сёньня праваабаронцы апублікавалі рысункі, якія палітзьняволены берасьцейскі блогер Аляксандар Кабанаў даслаў з-за кратаў. Таксама ў сваіх лістах ён паведаміў, што ў зьняволеньні шмат чытае, малюе і нават піша аповед. Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня 2020 года. Летась 14 красавіка яго асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК. Спачатку яго накіравалі ў наваполацкую калёнію № 1, а ў сьнежні Кабанава перавялі з калёніі на турэмны рэжым у магілёўскую «крытую» турму.
Раней у ПК Аляксандра пакаралі шасьцю месяцамі ПКТ за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня».
З Астроўскай не праводзяць ніякіх сьледчых дзеяньняў
Валянтэрка Тацьцяна Астроўская, якая за кратамі ўжо 7 месяцаў, паведаміла аб адсутнасьці сьледчых дзеяньняў у сваёй справе.
Валанянтэрку фонду «Страна для жизни» Тацяну Астроўскую затрымалі летась 9 ліпеня. Цяпер жанчыну ўтрымліваюць на «Валадарцы». Ёй выставілі абвінавачаньні паводле арт. 361-2 КК (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня).
У лісьце на волю ад 8 лютага яна піша, што ў справе нічога не адбываецца, а яе адваката пазбавілі ліцэнзіі. Аднак Астроўская стараецца ня страчваць настрою, паведамляюць праваабаронцы.
«Хутка вясна. Але гэта і ня вельмі радуе. У нас карціна не мяняецца ад слова „зусім“, мы вуліцу ня бачым, нават калі гуляем. Проста каляндарна — трэці сэзон у гэтым месцы. Так сабе прыемнасьць. Але я (і ня толькі) вельмі спадзяюся, што перад тым, як зьехаць на ўлоньне прыроды, вы не забудзецеся пра нас. Вясна ўсё ж блізка! Давайце радавацца разам! Тое, што добрых людзей больш, упэўненасьць не прайшла», — напісала ў сваім лісьце палітзьняволеная.