20-гадовага палітзьняволенага Арцёма Баярскага ўтрымліваюць за кратамі ўжо дзевяць месяцаў.
Студэнта-хіміка Арцёма Баярскага асудзілі на 5 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вырак абвясьціў Менскі гарадзкі суд 9 сьнежня, паведамляе «Вясна».
Арцёма Баярскага прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Суд ішоў паўтара тыдня ў закрытым рэжыме. Справу разглядала судзьдзя Алена Шылько.
Арцём пад вартай ужо больш за 8 месяцаў. Пры затрыманьні яго зьбівалі. Двойчы за час зьняволеньня яму дазволілі ўбачыцца з бацькамі.
Хто такі Арцём Баярскі
Арцёму Баярскаму 20 гадоў, родам ён з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам з сотняй іншых студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ. У верасьні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўтаса Вялікага на бакаляўрскую праграму «Біятэхналёгія».
Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу пажылых людзей у Менску. Тады арыштавалі на 15 сутак.
Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (пагражае да 7 гадоў калёніі).
Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Ён расказаў, што перад тым, як запісвалася гэтае відэа, яго білі.