Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША накіруюць у Польшчу яшчэ 3 тысячы вайскоўцаў


Амэрыканскія войскі прыбываюць у Нямеччыну. 2 лютага 2022 г.
Амэрыканскія войскі прыбываюць у Нямеччыну. 2 лютага 2022 г.

Разгортваньне будзе праводзіцца сіламі 82-й Паветрана-дэсантнай дывізіі, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі Белага дому.

У бліжэйшыя дні Злучаныя Штаты накіруюць у Польшчу дадатковы вайсковы кантынгент — яшчэ 3 тысячы вайскоўцаў, каб супакоіць саюзьнікаў па NATO, паведаміла «Голасу Амэрыкі» высокапастаўленая крыніца ў абаронным ведамстве. Міністар абароны Лойд Остын паводле ўказаньня прэзыдэнта Джо Байдэна аддаў у пятніцу загад аб адпраўцы 3 тысяч вайскоўцаў баявой групы 82-й Паветрана-дэсантнай брыгады, што базуецца ў Форт-Брэгу (штат Паўночная Караліна).

У наступныя некалькі дзён яны далучацца да 1,7 тысячы вайскоўцаў, загад аб адпраўцы якіх у Польшчу Остын падпісаў 2 лютага.

«У цэлым гэтыя 5 тысяч дадатковых вайскоўцаў уяўляюць сабой высокамабільныя і гнуткія сілы, здольныя выконваць мноства задач. Іх разгортваюць, каб супакоіць нашых саюзьнікаў па NATO, стрымаць любую магчымую агрэсію супраць усходняга флянгу NATO, праводзіць вучэньні зь сіламі прымаючай краіны і ўносіць свой унёсак у шырокі спэктар непрадбачаных абставін», — сказала крыніца ў Пэнтагоне.

Дадатковае разгортваньне амэрыканскіх вайскоўцаў у Польшчы і Нямеччыне «носіць часовы характар» і прызначана для таго, «каб на кароткі час дапоўніць больш як 80 000 амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ўжо знаходзяцца ў Эўропе ў парадку ратацыі і на пастаяннай аснове», дадаў суразмоўца.

На гэты момант 8,5 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ў стане гатоўнасьці да разгортваньня ў Эўропе ў выпадку неабходнасьці, і амаль 3 тысячы салдат, пра што адміністрацыя заявіла раней у гэтым месяцы, будуць адпраўленыя ў Польшчу і Румынію.

Хоць цяпер у Злучаных Штатаў няма караблёў у Чорным моры, ВМС ЗША за апошнія тыдні накіравалі ў Эўропу яшчэ чатыры эсьмінцы.

«Буйнамаштабнае разгортваньне» сіл

Расея ўжо сканцэнтравала больш за 100 тысяч вайскоўцаў паблізу Ўкраіны і працягвае сьцягваць да ўкраінскай мяжы дадатковыя войскі. Уварваньне можа адбыцца ў любы час, магчыма, да заканчэньня зімовых Алімпійскіх гульняў у гэтым месяцы. Пра гэта 11 лютага заявілі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.

Спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя амэрыканскай прыватнай кампаніяй Maxar Technologies, паказалі новыя агмяні дысьлякацыі расейскіх вайскоўцаў у некалькіх раёнах недалёка ад украінскай мяжы.

У кампаніі заявілі, што здымкі, зробленыя ў сераду і чацьвер, паказалі значнае новае разгортваньне расейскіх вайскоўцаў у некалькіх месцах у анэксаваным Крыме, на захадзе Расеі і ў Беларусі.

У Крыме экспэрты выявілі новую буйную дысьлякацыю войскаў і тэхнікі на аэрадроме Кастрычніцкае на поўнач ад Сімфэропаля, у тым ліку 550 вайсковых палатак і сотні аўтамабіляў. Новыя войскі і тэхніка таксама прыбылі ў раён крымскага Новаазёрнага, гаворыцца ў паведамленьні. Там жа гаворыцца пра новую дысьлякацыю ў раёне гораду Слаўнае на паўночна-заходнім узьбярэжжы паўвострава.

У Беларусі, дзе праходзяць буйныя сумесныя расейска-беларускія вучэньні, Maxar знайшоў новую дысьлякацыю войскаў, вайсковай тэхнікі і верталётаў на аэрадроме Зябраўка недалёка ад Гомля, менш як за 25 км ад мяжы з Украінай.

У заяве, адпраўленай па электроннай пошце позна ўвечары ў чацьвер, гаворыцца, што на палігон у Курску, прыкладна за 110 км на ўсход ад украінскай мяжы, нядаўна прыбыла вялікая колькасьць вайскоўцаў.

Адна з крыніц агенцтва Reuters назвала дзеяньні Масквы «буйнамаштабным разгортваньнем» вайсковых сіл.

Масква адмаўляе пляны ўварваньня ва Ўкраіну, але кажа, што можа распачаць невядомыя «вайскова-тэхнічныя» дзеяньні, калі ня будзе выкананы шэраг патрабаваньняў Крамля, у тым ліку абяцаньне NATO ніколі не прымаць у свае шэрагі Ўкраіну і вывесьці войскі з Усходняй Эўропы.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG