Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт РФ абвясьціў, што на Данбасе знойдзеныя «масавыя пахаваньні мірных жыхароў»: абвінавачваюць украінскіх вайскоўцаў


Кіраўнік Сьледчага камітэту РФ Аляксандар Бастрыкін, ілюстрацыйнае фота
Кіраўнік Сьледчага камітэту РФ Аляксандар Бастрыкін, ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу «аб выяўленьні масавых пахаваньняў мірных жыхароў на тэрыторыі Данбасу».

Ведамства сьцьвярджае, што імі былі атрыманыя «зьвесткі аб стыхійных агульных безназоўных магілах, сфармаваных вымушана па-за спэцыяльна адведзенымі для гэтага месцамі ў сувязі з баявымі дзеяньнямі».

«У жніўні — кастрычніку 2021 году ў раёне гораду Сьнежнае, пасёлку Славянасербск, у раёне жылога масіву Сакалароўка гораду Першамайску, пасёлку Віднае-1 недалёка ад Луганску і на ўскраіне вёскі Верхнешавыраўка Краснадонскага раёну выяўленыя 5 стыхійных масавых пахаваньняў. Зь іх эксгумаваныя парэшткі ня менш як 296 цывільных асобаў, якія загінулі ў выніку нявыбарачных абстрэлаў з боку ўкраінскіх узброеных фармаваньняў у 2014 годзе», — цытуе паведамленьне «Настоящее время».

З красавіка 2014 году, як гаворыцца ў прэс-рэлізе, «прадстаўнікі ўкраінскіх сілавых структураў пастаянна вядуць абстрэлы населеных пунктаў Данбасу, прымяняючы сьмяротнае ўзбраеньне нявыбарчага дзеяньня, прызначанае для максымальна эфэктыўнага зьнішчэньня людзей і інфраструктуры».

«Вынікам гэтага стала ня толькі разбурэньне жылых дамоў і аб’ектаў забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці, але і гібель і раненьні тысячаў мірных жыхароў, рускамоўных групаў, якія ня ўдзельнічаюць у ваенным канфлікце», — заявілі ў Сьледчым камітэце Расеі.

Днём раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін па выніках перамоваў з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам пракамэнтаваў падзеі ва Ўкраіне і зьвярнуў увагу на падзеі ў Югаславіі. «Гэта вельмі дрэнны прыклад. Але ён быў», — цытуе словы Пуціна РБК. Ён таксама заявіў, што Расея не жадае паўтарэньня гэтай сытуацыі.

Олаф Шольц у адказ заявіў, што «ў Югаславіі некалькі іншая сытуацыя панавала, там была небясьпека і пагроза генацыду». Паводле слоў канцлера, у Югаславіі за кошт апэрацыі NATO ўдалося перашкодзіць гэтай пагрозе, і цяпер «там усё мірна разьвіваецца» і народы Балкан знайшлі пэрспэктыву ў напрамку ЭЗ.

«Па нашых ацэнках, тое, што адбываецца на Данбасе сёньня, — гэта і ёсьць генацыд», — сказаў Пуцін пасьля слоў Шольца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG