16 лютага Неўмяржыцкаму споўнілася б 52 гады.
«Ён нікуды ня мог уладкавацца на працу праз сваю пазыцыю. Актыўна ўдзельнічаў у кампаніях супраць дармаедзкага дэкрэту ў 2017, у акцыях супраць інтэграцыі ў 2019, у выбарах і падзеях пасьля іх у 2020 годзе. Зазнаў ператрусы, „суткі“, выклікі на гутаркі, у яго забіралі тэхніку. Аж і на пахаваньне прыехала міліцыя. Сядзелі ў „сінім бусе“ каля рытуальнай залі, дзе было разьвітаньне. Якая падстава аддаваць такую ўвагу сьмерці і пахаваньню Ўладзімера? Пасьля сьмерці няма супакою. Хутчэй за ўсё, гэта жах, які ахапіў гэтых „пераможцаў“, і ён жыве ў іх, яны жывуць зь ім», — сказаў Свабодзе зямляк Уладзімера.
Перад сьмерцю Ўладзімер Неўмяржыцкі моцна хварэў, у яго было анкалягічнае захворваньне.
Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча, напісала пра Ўладзімера ў Facebook: «Мы ўсе захапляліся яго мужнасьцю і сілай духу. Уладзімер да апошняга хаваў сваю хваробу, падтрымліваў сяброў і блізкіх. Уладзімер адмовіўся пакідаць Беларусь: пад яго апекай была старая маці».
«Ён быў моцны, нязломны чалавек»
Знаёмая Ўладзімера была ўчора ў яго на пахаваньні.
«Ён хварэў недзе 3–4 месяцы. Нават у шпіталь, за дзень да яго сьмерці прыходзіла міліцыя. Учора на пахаваньні было так: ідзём мы зь вянкамі да рытуальнай залі, і ідзе такі наш мясцовы «красавец», ну ведаеце, хто ў нас такія самыя прыгожыя. І стаіць сіні бус таніраваны. На пахаваньне на могілкі я прынесла бел-чырвона-белы сьцяг. Таму што я ведала, як яго моцна паважаў Уладзімер, як для яго гэта было вельмі важна. Я хацела дастаць сьцяг з пакунку, але мне прашапталі, што за намі сочаць «красаўцы», — сказала знаёмая Ўладзімера.
Неўмяржыцкі быў заўзятарам футбольнага клюбу «Славія» (Мазыр). На пахаваньне прыйшлі іншыя заўзятары, у ягоную труну яны паклалі фірмовыя шалікі з сымболікай «Славіі».
«Вельмі балюча, што Ўладзімер памёр. Ён быў такі нязломны, мог быць нават і грубы, калі адстойваў свае ідэі, напрыклад, у судзе. Ён быў за сваю краіну, за перамены. Я думаю, што гэтыя ператрусы, выклікі ў міліцыю, затрыманьні падарвалі ягонае здароўе», — дадала знаёмая.