Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што Анджэя Пачобута і Анжаліку Борыс зь незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі беларускія ўлады хацелі вызваліць.
Амаль год старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Анжаліка Борыс і ейны паплечнік журналіст Анджэй Пачобут знаходзяцца за кратамі. Цяпер абое сядзяць у жодзінскім СІЗА.
Макей расказаў, што беларускі бок атрымліваў устрывожаную рэакцыю пра стан здароўя палякаў у турме. Аднак праваахоўныя органы запэўнілі, што здароўю Борыс і Пачобута нічога не пагражае.
Міністар дадаў, што па лініі спэцслужбаў існавалі пэўныя дамоўленасьці, каб вызваліць прадстаўнікоў польскай меншасьці, якіх затрымалі нібыта за парушэньне закону. Трох жанчын вызвалілі — Ірэну Бярнацкую, Ганну Панішаву, Марыю Цішкоўскую. Такім жа чынам меўся вырашыцца лёс і Борыс, і Пачобута, запэўніў Макей.
«Аднак польскі бок вырашыў выкарыстаць гэта як інфармацыйную нагоду і шырока разрэклямаваў вызваленьне гэтых асобаў у СМІ і паспрабаваў выкарыстаць гэта ў сваіх ідэалягічных мэтах», — сказаў міністар замежных справаў Беларусі.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».