Справу будзе разглядаць суд Заводзкага раёну Менску, інфармуе «Медиазона. Беларусь». 28 студзеня стала вядома, што пракуратура накіравала ў суд матэрыялы справы супраць журналістаў.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэклямы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры).
Шкоду, нібыта нанесеную «Менскэнерга» і «Менскводаканалу», Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампэнсавалі ў поўным аб’ёме.
Санкцыя ў ч. 2 арт. 216 прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на той самы тэрмін.
Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу рэклямы, аўтара «Нашай гісторыі» і дзіцячых часопісаў «Асцярожна: дзеці» і «Дуду» Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году, тады ж адбыўся пагром у офісе, сайт быў заблякаваны. З таго часу Скурко і Марціновіч знаходзяцца за кратамі.
У канцы студзеня 2022 году «Нашу ніву» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Справа «Нашай Нівы»
- Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
- Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
- «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
- Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
- Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
- Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
- Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.