Пракуратура Менску накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэклямы Андрэя Скурко. Яны абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры).
Санкцыя ў ч. 2 арт. 216 прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьне волі на той самы тэрмін.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, нашаніўцы, зьяўляючыся службовымі асобамі выдавецкага прадпрыемства, а Марціновіч яшчэ і ўласьнікам, з траўня 2017-га па чэрвень 2021 году разьмясьцілі офісы гэтых арганізацый у кватэры, якая належыць Андрэю Скурко. Пры гэтым не былі заключаныя дамовы, якія прадугледжваюць камунальныя разьлікі па тарыфах для юрыдычных асобаў. Паслугі аплачваліся па тарыфах для насельніцтва, вызначаных для жылых памяшканьняў.
Абвінавачаньне прыйшло да высновы, што ў выніку такіх дзеяньняў абвінавачаныя нібыта прычынілі ўрон РУП «Менскэнэрга» і КУП «Менскводаканал» на суму звыш 10 тысяч рублёў. Шкоду, нанесеную РУП «Менскэнерга» і КУП «Менскводаканал», Скурко і Марціновіч кампэнсавалі ў поўным аб’ёме.
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэклямы, аўтара «Нашай гісторыі» і дзіцячых часопісаў «Асцярожна: дзеці» і «Дуду» Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня, тады ж адбыўся пагром у офісе, сайт быў заблякаваны. З таго часу Скурко і Марціновіч знаходзяцца за кратамі.
Напярэдадні перадачы справы ў суд «Нашу ніву» прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем.