Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне вывешваюць дзяржаўныя сьцягі і сьпяваюць гімн. Як праходзіць Дзень адзінства ва ўмовах пагрозы агрэсіі Расеі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Ва Ўкраіне, згодна з указам прэзыдэнта, 16 лютага адзначаюць Дзень адзінства. Такую дату вызначыў Уладзімір Зяленскі ў адказ на шматлікія паведамленьні замежных сродкаў масавай інфармацыі і выведак аб магчымым у гэты дзень наступе расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

Раніцай у Кіеве і ва ўсіх абласных цэнтрах і невялікіх гарадах улады і грамадзкасьць урачыста вывешваюць дзяржаўныя сьцягі краіны і разам сьпяваюць гімн. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі прапанаваў па выніках гэтай акцыі выкладаць усе фота і відэазапісы ў сацыяльныя сеткі пад хэштэгам #UAразом.

Адначасова па ўсіх тэлеканалах Украіны дзяржаўнай і камэрцыйнай формы ўласнасьці адбываецца тэлемаратон адзінства. У эфір запрашаюць прадстаўнікоў ураду, парлямэнту, экспэртаў. Рэгіянальныя карэспандэнты паведамляюць зь месцаў, як адзначаюць гэты дзень у абласьцях і раёнах.

Урад Украіны
Урад Украіны

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што раніцай 16 лютага атрымаў чарговыя зьвесткі аб сытуацыі на межах і канцэнтрацыі ўздоўж іх расейскіх войскаў. «Я неаднаразова казаў, што наша выведка ўсё бачыць, што мы на пастаяннай сувязі з нашымі партнэрамі, што нашыя зьвесткі супадаюць і Ўкраіна гатовая да любых сцэнароў. Сёньня раніцай, як і штодня, я атрымаў чарговыя зьвесткі зь лічбамі, фактамі — і яны цалкам адпавядаюць нашым прагнозам і не зьмяшчаюць нічога нечаканага», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.

Міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі паведаміў, што ўсе структурныя падразьдзяленьні ягонага ведамства па ўсёй краіне працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

«Мы правялі шмат вучэньняў, рыхтуючыся і вывучаючы ўсе сцэнары, які рэалізоўваліся з 2014 году ва Ўкраіне. Мы адпрацавалі ўсе магчымыя сцэнары гэтых падзей за 30 кілямэтраў ад мяжы з Крымам, сцэнары захопу адміністрацыйных будынкаў, упраўленьняў паліцыі. Усе неабходныя рашэньні будуць ухвальвацца надзвычайна хутка. Мы не дапусьцім ніводных сэпаратысцкіх праяўленьняў унутры краіны, як гэта было ў 2014 годзе ў Харкаве, Луганску і Данецку. Рэакцыя будзе імгненнай», — запэўніў ён.

Міністар таксама паведаміў, што адпрацаваны ўсе захады бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю, у чарнобыльскай зоне і на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што ва ўмовах пагроз з боку Расеі ўкраінцы мусяць быць разам, бо менавіта гэта зьяўляецца перадумовай перамогі. У той жа час, паводле яго, украінскія дыпляматы будуць працягваць сваю дзейнасьць і настойваць на дыпляматычным шляху разьвязаньня крызісу.

«Я вельмі добра памятаю 2014-2015 гады, калі існавала ў літаральным сэнсе табу на пастаўкі зброі Ўкраіне і мы змагаліся з Расеяй літаральна тым, што было ў нас у руках. На той момант наша армія была ня ў лепшым стане. Сёньня мы атрымалі ад партнэраў найсучаснейшую і найэфэктыўнейшую зброю, якая прымусіць Расею тройчы падумаць перш, чым ісьці наперад, бо страты для іх будуць жахлівыя», — сказаў Дзьмітро Кулеба. Ён дадаў, што замежныя партнэры таксама выдзяляюць фінансавую падтрымку ўкраінскай эканоміцы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 16 лютага наведае палігон у Ровенскай вобласьці, дзе адбываюцца вайсковыя вучэньні, а потым пераедзе ў Марыюпаль, прыфрантавы горад на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG