У прэс-рэлізе агенцтва паведамляецца, што допінг-пробу ў Валіевай узялі 25 сьнежня, падчас чэмпіянату Расеі ў фігурным катаньні ў Санкт-Пецярбургу. Акрэдытаваная Сусьветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA) лябараторыя ў Стакгольме паведаміла пра знойдзены ў тэсьце Валіевай забаронены прэпарат 8 лютага 2022 году, пасьля адкрыцьця Гульняў у Пэкіне.
Пасьля гэтага фігурыстка была ўмоўна адхіленая ад спаборніцтваў Расейскім антыдопінгавым агенцтвам (РУСАДА). 9 лютага Валіева абскардзіла гэтае рашэньне ў Дысцыплінарным антыдопінгавым камітэце РУСАДА, які ў той жа дзень адмяніў рашэньне аб адхіленьні. Гэта дазваляе Валіевай прадоўжыць удзел у Алімпіядзе ў Пэкіне.
Між тым Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) ужо падаў апэляцыю на гэтае рашэньне ў Спартовы арбітражны суд (CAS). Справу Камілы Валіевай будзе разглядаць выязная панэль Спартовага арбітражнага суду ў Пэкіне. Рашэньне павінна быць прынятае да 15 лютага — пачатку кароткай праграмы ў жаночым адзіночным катаньні.
Рашэньне аб тым, ці атрымаюць расейскія фігурысты залатыя мэдалі за камандныя спаборніцтвы, якія прайшлі 7 лютага і ў якіх удзельнічала Валіева, будзе вынесена пазьней.
Цырымонія ўзнагароджаньня фігурыстаў па выніках каманднага турніру мелася адбыцца ў панядзелак, 7 лютага. Аднак яе спачатку перанесьлі на аўторак, а затым — на няпэўны тэрмін. 9 лютага партал Inside the Games выказаў здагадку, што прычынай затрымкі цырымоніі ўзнагароджаньня маглі стаць праблемы з допінг-тэстам у Валіевай.
Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) і Міжнародны алімпійскі камітэт адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю. Арганізатары Гульняў казалі, што ўзнагароджаньне расейскіх спартоўцаў адкладаецца з прычыны нейкіх «юрыдычных кансультацый».
Каміле Валіевай 15 гадоў і афіцыйна да дасягненьня 16-гадовага ўзросту яе ня могуць абвінаваціць у парушэньні антыдопінгавых правілаў.
- У шэрагу СМІ Камілу Валіеву называюць галоўнай сэнсацыяй Алімпіяды ў Пэкіне. 7 лютага, падчас адвольнай праграмы каманднага турніру, яна стала першай у гісторыі фігурысткай, якая выканала чацьвярны скачок на Алімпійскіх гульнях.
- Трымэтазыдын — кардыялягічны прэпарат. У прыватнасьці, яго ўжываюць для прафіляктыкі стэнакардыі пры ішэмічнай хваробе сэрца. Ён забаронены WADA з 2015 году, бо па сваіх фармакалягічных эфэктах можа быць кваліфікаваны як мадулятар кардыямэтабалізму.
- У 2018-м трымэтазыдын знайшлі ў пробе расейскай бабслэісткі Надзеі Сяргеевай на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. Расейку дыскваліфікавалі, а яе вынікі анулявалі. Аднак пробу Сяргеевай, у адрозьненьне ад выпадку з Валіевай, узялі на Алімпіядзе, а не да Гульняў.
- Расейскія спартоўцы выступаюць у Пэкіне, як і мінулым летам на Гульнях у Токіё, пад сьцягам Алімпійскага камітэту Расеі. Пры ўзнагароджаньні мэдалістаў гучыць ня гімн Расеі, а фрагмэнт зь Першага канцэрту для фартэпіяна з аркестрам Пятра Чайкоўскага. На адзеньні спартоўцаў няма расейскай сымболікі. Гэтыя абмежаваньні ўведзеныя ў сувязі са шматлікімі парушэньнямі ў Расеі правілаў барацьбы з допінгам.