Самы малады міністар
Андрэю Іванцу 37 гадоў, ён родам зь Менску. Такім чынам, ён стаў самым маладым міністрам у цяперашнім урадзе. Да гэтага наймаладзейшым быў міністар ЖКГ Андрэй Хмель, яму на адзін год болей.
У інтэрвію «Мінскаму кур’еру» Іванец казаў, што пайшоў вучыцца ў самую звычайную школу, але ў экспэрымэнтальную клясу, дзе трохгадовую праграму навучаньня праходзілі за два гады.
У школе захапіўся хіміяй, таму паступіў па гэтым профілі ў Ліцэй БДУ. Браў бронзавы мэдаль на міжнароднай Алімпіядзе па хіміі.
Па сканчэньні школы паступіў без экзамэнаў на хімфак БДУ. Тым ня менш прызнаваўся, што на лекцыях ня чуў для сябе нічога новага, нават хацеў кідаць вучобу і паступаць у мэдунівэрсытэт, але перадумаў.
Кандыдат навук у 25, доктар — у 33
Пасьля сканчэньня хімфаку (2006 год) вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі Акадэміі навук.
У 2009-м абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Сынтэз і ўласьцівасьці мэмбранна-сарбцыйных матэрыялаў на аснове крышталічнага дыяксыду крэмнію». У 2017 — доктарскую на тэму «Фізыка-хімічныя асновы атрыманьня і рэгуляваньня структуры і ўласьцівасьцяў мэмбранных, сарбцыйных і каталітычна актыўных матэрыялаў з прыродных сылікатаў і карбанатаў».
У 2011 годзе Іванец стаў загадчыкам лябараторыі, а ў 2013-м узначаліў Раду маладых навукоўцаў НАН.
Сам казаў аб праблемах у навуцы: «Заробкі залежаць ад навуковай ступені, колькасьці праектаў. Ня ў кожнага адразу атрымліваецца выйсьці на прыстойны даход, а ў выніку таленавітыя людзі сыходзяць у камэрцыйныя структуры. У навуцы матэрыяльная матывацыя ніколі не была вызначальнай. Задавальненьне ад пасьпяховых дасьледаваньняў грашыма ня вымераць».
Чэмпіён Эўропы па паўэрліфтынгу
Галоўнае захапленьне Іванца па-за працай — паўэрліфтынг, сілавы від спорту, падобны да цяжкай атлетыкі. Толькі ў адрозьненьне ад цяжкай атлетыкі ў паўэрліфтынгу падымаць штангу можна лежачы, або са спэцыяльнага прыстасаваньня. Паўэрліфтынг — не алімпійскі від спорту, таму ўвага да яго невялікая.
Іванец пачынаў зь цяжкай атлетыкі, але праз сур’ёзную траўму быў вымушаны сысьці ў паўэрліфтынг, дзе дасягнуў посьпехаў.
Іванец быў чэмпіёнам Эўропы ў 2007 годзе ў вагавай катэгорыі да 90 кіляграмаў. У яго 22 рэкорды сярод юніёраў і 5 сярод дарослых.
«Гэты від спорту дазволіў мне раскрыцца ў поўнай меры. Я не зусім разумеў тады прыроду свайго азарту, але мне неверагодна хацелася падымаць усё больш і больш, паказваць усё лепшыя вынікі і перамагаць на спаборніцтвах», — казаў Іванец.
Прасіў дапамогі ў «бацюшкі са свастыкай»
Менавіта з паўэрліфтынгам зьвязаны яшчэ адзін эпізод з жыцьця Андрэя Іванца. Гэтым відам спорту ў Беларусі актыўна займаўся так званы «бацюшка са свастыкай», сьвятар з Гатава Канстанцін Бурыкін.
Бурыкін — актыўны прыхільнік «русского мира», грамадзянін Расеі, быў духоўнікам РНА. Пры сваім прыходзе ён заснаваў клюб паўэрліфтынгу «Белая Русь». Сваё знаёмства з Іванцом Бурыкін апісаў у суполцы Праваслаўнага духоўна-спартыўнага цэнтру «Белая Русь».
«Пару гадоў мы нармальна стасаваліся, яны прыяжджалі часам на богаслужэньні ў Гатава, бралі блаславеньне на спаборніцтвы», — пісаў Бурыкін. Самога Іванца ён называе чалавекам «рэлігійным, але не ўцаркаўлёным».
У 2012 годзе Іванец разам са сваім трэнэрам Боханам зьвяртаюцца да Бурыкіна з просьбай праспансаваць паездку на чэмпіянат Эўропы ў Суздаль, для гэтага патрэбная была 1 тысяча даляраў. Бурыкін пагадзіўся, а ў замену папрасіў стаць тварам цэнтру «Белая Русь».
Бурыкін прасіў Іванца зьняцца ў рэклямным роліку да «мужчынскага сьвята» 23 лютага, але той адмовіўся. Празь нейкі час Андрэй Іванец і ягоны трэнэр вярнулі сьвятару ўсе грошы.
Пазьней Бурыкіна асудзяць на 3 гады ўзмоцненага рэжыму за захоўваньне зброі. У 2019 годзе на бацюшку завялі крымінальную справу за згвалтаваньне дачкі, але так і не знайшлі яго.
Бацька траіх дзяцей, жонка з БРСМ
У Андрэя Іванца трое дзяцей — Елізар, Арына, Яфім. У інтэрвію выданьню «Знамя юности» ён расказваў, што жонку Хрысьціну сустрэў у Акадэміі навук, калі там праходзіў конкурс «Сто ідэй для Беларусі».
Хрысьціна, якая ў той момант працавала ў цэнтральным апараце БРСМ, была адной з арганізатарак імпрэзы.
«Прапанову зрабіў праз паўтара месяца, ажаніліся — праз тры», — казаў Іванец.
Ягоная жонка на сваёй старонцы «ЎКантакце» 17 жніўня 2020 году запосьціла выяву чырвона-зялёнага сьцяга з наступным допісам: «Вельмі хачу, каб усё, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі, скончылася. І людзі навучыліся цаніць тое, што маюць».
У 2019 годзе Іванец стаў чальцом Савету рэспублікі ад Менску. На сустрэчах з удзелам Лукашэнкі, такіх як «Вялікая размова», Іванец сядзіць у першым шэрагу.