Канстанціна Бурыкіна вызвалілі з калёніі пасьля трох гадоў зьняволеньня. Але дачка абвінаваціла яго ў сэксуальным гвалце, і гэтая справа яшчэ не закрытая.
Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару з 2012 па 2016 год
Канстанціна Бурыкіна, праваслаўнага сьвятара і настаяцеля прыходу ў пасёлку Гатава каля Менску, арыштавалі ў лістападзе 2016 году. Займаўся справай ГУБАЗіК МУС. У СМІ Бурыкіна хутка ахрысьцілі «бацюшкам са свастыкай» — на целе Бурыкіна сапраўды ёсьць татуіроўкі ў выглядзе нацысцкага сымбаля. Прычынай арышту стала незаконнае захоўваньне зброі.
Бурыкін на судзе віну прызнаў, расказаў таксама пра свае сувязі з радыкальнай прарасейскай арганізацыяй РНЕ. Па яго словах, менавіта чальцы РНЕ перадалі яму зброю для захоўваньня. Суд прысудзіў Бурыкіну тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
За некалькі месяцаў да вызваленьня, у чэрвені 2019 году, стала вядома яшчэ пра адну крымінальную справу ў дачыненьні да Канстанціна Бурыкіна. Гэтым разам па артыкуле аб сэксуальных дзеяньнях гвалтоўнага характару.
Падрабязнасьці раскрыў намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук. Ён сказаў, што справу супраць Бурыкіна завялі 6 чэрвеня паводле артыкула 167 Крымінальнага кодэксу «Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару», а пацярпелай была дачка асуджанага.
«Падзеі былі з 2012 па 2016 год, а дачка 1999 году нараджэньня. Цяпер дае паказаньні. Яна баялася: ён дэспатычны чалавек. Я думаю, сьледзтва разьбярэцца».
Пасьля гэтага Аляксандра Бурыкіна, якая адразу пасьля арышту бацькі выступала ў яго абарону, дала шэраг інтэрвію, у якіх расказала пра гвалт. Некалькі месяцаў пра лёс Бурыкіна, які мог выйсьці на волю яшчэ летам па амністыі, нічога не было вядома. А 18 лістапада сьвятара выпусьцілі з-пад варты.
«Бацюшка як бацюшка»
Царква ў пасёлку Гатава пад Менскам зачыненая. На браме вялізны замок, за агароджай нікога не відаць. У чэрвені, адразу пасьля прызнаньняў Аляксандры Бурыкінай, было іначай. У царкоўным шапіку можна было пагаварыць з жанчынамі, якія прыслужваюць ля храма. Тут жа быў ахоўнік.
«А ня ведаю, чаму зачынена, — кажа сталая прыхаджанка, якую сустракаем каля царкоўнай брамы. — Павінна быць з 10 гадзіны ўжо адчынена, заўсёды раніцай яны адчыняюць. Службы няма сёньня, службы ў выходныя і ў сьвяты, часам у пятніцу ці чацьвер. Але адчынена заўсёды».
Пра вызваленьне Канстанціна Бурыкіна, які спрычыніўся да будаўніцтва царквы ў Гатаве, жанчына ня чула. Ведае толькі, што ён быў асуджаны «за зброю» і што «пісалі ў інтэрнэце пра яго і дачку».
«Цяпер тут у нас іншыя сьвятары, — кажа прыхаджанка. — А яго я памятаю. Але нічога дрэннага не скажу, бацюшка як бацюшка. Службы звычайныя былі. Нічога такога не скажу».
У размове са Свабодай у канцы чэрвеня супрацоўнікі царквы таксама расказвалі, што нічога дрэннага пра Бурыкіна ня памятаюць. На ўваходзе ў храм тады стаяла скарбонка для збору грошай на дапамогу сям’і айца Канстанціна.
Крыху больш удаецца даведацца на невялічкім мясцовым рынку. Жанчыны, якія там гандлююць хатнімі закаткамі і кітайскай драбязой, прызнаюцца, што ўжо чулі пра вызваленьне колішняга мясцовага сьвятара.
«Чулі, чулі мы пра гэта, — кажа адна з гандлярак. — Учора яго вызвалілі і далі 24 гадзіны на зборы. Яму сказалі ехаць у Расею, там у яго бацька яшчэ жывы. (Канстанцін Бурыкін — дагэтуль грамадзянін Расеі, хоць і прыехаў у Беларусь з Омску яшчэ ў 90-я. — РС.) Так што ў нас больш служыць ён ня будзе ўжо».
«Крымінальная справа ня спыненая»
У Сьледчым камітэце Свабодзе сказалі, што, нягледзячы на вызваленьне, крымінальная справа ў дачыненьні да Канстанціна Бурыкіна ня спыненая. Афіцыйнай інфармацыі пра магчымую дэпартацыю сьвятара ў Расею пакуль няма.
«Расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы ня спыненае, — сказаў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. — Гэта ўсё, што я пакуль магу паведаміць».
Свабода зьвярнулася па камэнтар да афіцыйнага прадстаўніка праваслаўнай царквы ў Беларусі Сяргея Лепіна.
«У нас няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра лёс Канстанціна Бурыкіна, — сказаў Свабодзе Лепін. — Менскае епархіяльнае ўпраўленьне яшчэ не атрымлівала ніякіх паведамленьняў на гэты конт. Трэба чакаць, афіцыйна нічога не вядома. Аднак я думаю, што Канстанцін Бурыкін наўрад ці вернецца ў якасьці сьвятара на сваё папярэдняе месца службы. Гэта маё асабістае меркаваньне».
Дзе цяпер Канстанцін Бурыкін, невядома. Яго жонка Вольга, якая ў чэрвені ў размове са Свабодай настойвала на невінаватасьці мужа, цяпер адмаўляецца кантактаваць з журналістамі. Сваёй маці, зь якой разам жыве ў Менску ў кватэры Бурыкіна, яна таксама забараніла расказваць, дзе яна.
«Я нічога вам не скажу больш, — сказала Вользіна маці ў тэлефоннай размове. — Ні дзе Вольга знаходзіцца, ні дзе Канстанцін. Да пабачэньня».
Атрымаць камэнтар у Аляксандры Бурыкінай цяпер немагчыма. У размове з журналістамі «Нашай Нівы», адразу пасьля навіны пра вызваленьне Канстанціна Бурыкіна, дзяўчына выказала апасеньні за свой далейшы лёс. Брат Аляксандры, Аляксей Ягораў, сказаў Свабодзе, што таксама ня можа зьвязацца зь сястрой.
Хто такі Канстанцін Бурыкін
- Грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін быў праваслаўным сьвятаром, пабудаваў храм у Гатаве пад Менскам.
- Яго называлі духоўнікам нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ), ён насіў тату свастыкі на грудзях і герба нацысцкай Нямеччыны на плячы.
- Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу.
- У лістападзе 2016 году арыштаваны, і ў ліпені 2017-га асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўваньне зброі. У лістападзе 2019-га выйшаў на волю.
- На яго завялі новыя крымінальныя справы за гвалтаваньне непаўналетняй дачкі, а таксама за прысваеньне грошай у буйным памеры.
- Бурыкін зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні — прызнаў віну адносна зброі, але прасіў не пазбаўляць яго волі «дзеля чатырох дзяцей», таксама казаў, што «спыніў супрацу з РНЕ, калі ўлады абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай».