Амбасада ЗША ў Менску апублікавала экстранае папярэджаньне, адрасаванае грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Амбасада раіць ім пазьбягаць натоўпу, уважлівей сачыць за навінамі краіны знаходжаньня і мець пляны ад’езду на выпадак надзвычайнай сытуацыі.
У папярэджаньні згадваюць «незвычайную вайсковую актыўнасьць Расеі паблізу межаў Украіны, у тым ліку на мяжы зь Беларусьсю».
Раней амбасада ЗША ўжо прасіла сваіх грамадзянаў не падарожнічаць у Беларусь бяз важкіх прычынаў, паколькі ў краіне пандэмія каранавірусу і адвольна прымяняюцца законы.
У выпадку паездкі ў Беларусь ці пражываньня на яе тэрыторыі, грамадзянам Злучаных Штатаў рэкамэндуюць запісацца ў базу праграмы рэгістрацыі падарожнікаў STEP у найбліжэйшай амбасадзе ці консульстве.
Раней амбасада ЗША ва Ўкраіне прасіла Дзярждэпартамэнт дазволіць эвакуацыю часткі пэрсаналу дыпляматычнай місіі і іх сем'яў. 24 студзеня Дзярждэпартамэнт задаволіў просьбу.