Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю: бел-чырвона-белая сымболіка ў Рызе і Дніпры

абноўлена

МЗС Латвіі ў Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю
МЗС Латвіі ў Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю

9 лютага адзначаецца Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю. Свабода адсочвае акцыі і словы салідарнасьці.

«9 лютага — паўтара гады з кропкі незвароту, з моманту, калі беларусы вырашылі не маўчаць, а глядзець праўдзе ў вочы. І гэтае 9 лютага мы прысьвячаем тым, хто дапамагаў і дапамагае нам дамагчыся гэтай праўды — журналістам, блогерам і мэдыям.

Дзякуй тым, хто аднаўляе працу рэдакцый і хто стварае пэрсанальныя блогі. Дзякуй тым, хто задае мне нязручныя пытаньні. Дзякуй тым, каму хапае энэргіі ўзяць на сябе адказнасьць за каманды.

І дзякуй тым, хто заўважае, калі канчаюцца сілы, перадыхае і рухаецца далей», — зьвярнулася да журналістаў і блогераў Сьвятлана Ціханоўская з нагоды міжнароднага Дня салідарнасьці зь беларускімі мэдыя.

Амбасадары Эўразьвязу, Літвы, Францыі, Польшчы і ЗША напярэдадні выказалі сваю падтрымку беларусам, якія, нягледзячы на рэпрэсіі рэжыму, працягваюць адстойваць свае правы. На сустрэчы ў Вільні 8 лютага яны абмеркавалі кірункі, у якіх ЭЗ і ЗША могуць працягваць дапамогу беларусам.

У Варшаве на станцыі мэтро Świętokrzyska зьявіліся відэа ў падтрымку зьняволеных беларусаў і на знак салідарнасьці зь беларускім народам.

У ноч з 8 на 9 лютага будынак Міністэрства замежных спраў Латвіі ў Рызе падсьвятлілі ў колеравай гаме нацыянальнага беларускага сьцяга. Пра гэта паведаміў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства краіны Эдгарс Рынкевічс.

Дзень салідарнасьці са зьняволенымі журналістамі падтрымала Міністэрства замежных спраў Літвы. Да адзначэньня гэтага дня далучылася ініцыятыва па абароне слова ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Каля мэрыі ўкраінскага гораду Дніпро замест чырвона-зялёнага сьцяга павесілі беларускі нацыянальны.

Мэр Дніпра Барыс Філатаў так патлумачыў ініцыятыву:

«Гэта была ідэя не чыноўнікаў, а цалкам народная ініцыятыва, якая аб'ядноўвае ўсе нацыянальныя супольнасьці, якія жывуць у Дніпры. Пасьля маніпуляцыйных заяў, пагроз і ўсяго таго трызьненьня запаленага розуму, якое Аляксандар Рыгоравіч нагаварыў пра Ўкраіну, чырвона-зялёны сьцяг з арнамэнтам быў заменены на бел-чырвона-белы.

Яшчэ раз падкрэсьліваю, мы мясцовае самакіраваньне і ня лезем у палітыку і замежныя справы дзяржавы. Але мы ня можам перашкаджаць нашым грамадзянам, якія выказваюць сваю пазыцыю, асабліва ў рамках іх праекту «бюджэту ўдзелу». Дніпро расстаўся з вобразам існага палітычнага рэжыму Беларусі на карысьць сымбалю яе нацыянальнага руху са стогадовай гісторыяй».

Абмасада Беларусі ва Ўкраіне накіравала на адрас Барыса Філатава зварот, дзе заявіла, што такое рашэньне гарадзкіх уладаў «абражае лепшыя пачуцьці большасьці беларусаў, якія з трапятаньнем адносяцца да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, пад якімі беларускі народ выбудаваў сваю сувэрэнную і незалежную дзяржаву». Амбасадар Беларусі Ігар Сокал выказаў гатоўнасьць асабіста сустрэцца з мэрам, каб «давесьці аб'ектыўную інфармацыю аб працэсах, якія праходзяць у Рэспубліцы Беларусь».

З нагоды Дня салідарнасьці Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх незалежных СМІ і мэдыя-каналаў. Абмеркавалі, чым на палітычным узроўні можна дапамагчы рэдакцыям, а таксама як акрэдытаваць СМІ ў іншых краінах для паўнавартаснай і бясьпечнай працы. Ціханоўская паабяцала, што перадасьць іх просьбы на сустрэчах з міжнароднымі палітычнымі партнэрамі і бізнэсоўцамі.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак напісала ў Twitter пра 33 зьняволеных беларускіх супрацоўнікаў СМІ. Яна нагадала, што крытычнае асьвятленьне падзей — не злачынства, а асноўная перадумова для дэмакратыі.

«Улады Беларусі спрабуюць прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ, выкарыстоўваючы ператрусы офісаў і кватэр, канфіскацыю абсталяваньня, блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў і прызнаньне каналаў і арганізацый СМІ „экстрэмісцкімі“. У іх гэта не атрымаецца. Нямеччына працягне падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі», — напісала Анналена Бэрбак.

Салідарнасьць беларускім мэдыя выказалі спэцпасланьніца ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр і прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсола.

«Эўразьвяз працягвае заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Разам з нашымі міжнароднымі партнэрамі мы працуем над забесьпячэньнем справядлівасьці для ахвяраў і адказнасьці для вінаватых», — паведаміла дыпляматычная служба Эўразьвязу (EEAS) у дзень салідарнасьці зь беларускімі журналістамі.

EEAS адзначыла, што, нягледзячы на надзвычайны ціск, беларускія незалежныя журналісты працягваюць асьвятляць падзеі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Салідарнасьць з журналістамі праявіла і арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў». У відэа расказалі, зь якімі цяжкасьцямі сустрэліся журналісты Беларусі і як няпроста цяпер ня толькі палітзьняволеным, але і тым журналістам, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму.


Камісар Эўразьвязу па пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархэі выказаў падтрымку беларускаму народу.

«Эўразьвяз працягвае падтрымліваць беларускі народ, дапамагае і робіць захады супраць вінаватых у рэпрэсіях і бесчалавечных дзеяньнях», — напісаў ён у Twitter.


Выканаўца абавязкаў кіраўніка Генэральнага дырэктарату па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Мацей Папоўскі ў Twitter таксама запэўніў, што «ЭЗ падтрымлівае народ Беларусі, прапануе яму салідарнасьць і падтрымку ў накладаньні санкцый на вінаватых у рэпрэсіях».

Італьянская фэдэрацыя правоў чалавека таксама падтрымала свабоду слова ў Беларусі.

Беларусы Бэльгіі правялі акцыю салідарнасьці на горналыжным адпачынку ў Чэхіі.

Беларусы Бэльгіі падтрымалі зьняволеных беларускіх журналістаў
Беларусы Бэльгіі падтрымалі зьняволеных беларускіх журналістаў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» пералічыў пайменна ўсіх зьняволеных супрацоўнікаў незалежных беларускіх СМІ і нагадаў, як можна іх падтрымаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG