9 лютага адзначаецца Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю. Напярэдадні, 8 лютага, у Вільні амбасадары і спэцыяльныя прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Францыі, ЗША, Эўразьвязу сустрэліся з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацый (Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Фонд салідарнасьці BYSOL) і абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Амбасадары Эўразьвязу, Літвы, Францыі, Польшчы і ЗША напярэдадні Дня салідарнасьці зь Беларусьсю выказалі сваю падтрымку беларусам, якія, нягледзячы на рэпрэсіі рэжыму, працягваюць адстойваць свае правы. Былі абмеркаваныя кірункі, у якіх ЭЗ і ЗША могуць і будуць працягваць дапамогу беларусам.
Паводле ўдзельніка сустрэчы Андрэя Стрыжака, былі абмеркаваныя «кірункі, у якіх Эўразьвяз і ЗША могуць і будуць працягваць дапамогу беларусам».
«Гэта ня значыць, што нехта прыйдзе і павырашае ўсе нашы праблемы, гэта наша з вамі задача, але сёньня асабліва важнае разуменьне, што мы не адны. І мы не адны працуем далей», — заявіў Стрыжак.
Беларуская асацыяцыя журналістаў напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю падрыхтавала парады, як можна дапамагчы рэдакцыям і журналістам. Ёсьць тры асноўныя рэкамэндацыі:
- дасылаць лісты, тэлеграмы і грашовыя пераводы палітзьняволеным, сярод якіх 33 прадстаўнікі СМІ;
- падпісвацца, дзяліцца навінамі і камунікаваць з рэдакцыяй;
- падтрымаць рэдакцыю альбо журналістаў фінансава.