Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі не адказалі на прапанову Эўразьвязу даць заходнія вакцыны ад каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта распавёў амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль у інтэрвію Zerkalo.io, адказваючы на пытаньне пра заходнія вакцыны, якія «адклалі» для Беларусі.

Дырк Шубэль.
Дырк Шубэль.

«Падтрымка Эўрапейскім Зьвязам краінаў „Усходняга партнэрства“ дапамагае справіцца з пандэміяй каранавірусу. Мы вылучылі краінам „Усходняга партнэрства“ больш за 2,5 млрд эўра на гэтыя мэты. Сюды ўваходзіць у тым ліку перадача вакцынаў краінам наўпрост і ў праграме COVAX (сусьветная ініцыятыва, накіраваная на забесьпячэньне роўнага доступу да вакцынаў)», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ.

Ён зазначыў, што Беларусі таксама прапаноўвалі прыняць удзел у праграме COVAX. Але марна.

«На жаль, адказу не было. Пры гэтым адна трэць ад усіх вакцынаў, якія выкарыстоўваюцца ў краінах „Усходняга партнэрства“, перададзеная Эўрапейскім Зьвязам. У Беларусі (пакуль) — ніводнай», — сказаў Дырк Шубэль.

Паводле сяго, цяпер Эўразьвяз мае новае пагадненьне з Польскім банкам разьвіцьця, і Эўрапейская Камісія рыхтуецца надаць да 12 млн вакцын краінам «Усходняга партнэрства». Частку зь іх можа атрымаць і Беларусь.

«Для гэтага ўладам неабходна будзе даць згоду на ўвоз і выкарыстаньне вакцынаў, дазволеных да ўжываньня Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў, а таксама дамовіцца з вытворцамі, каб прэпараты магла бязвыплатна перадаць адна з краін — сяброў ЭЗ. Вельмі спадзяемся, што ўлады Беларусі скарыстаюць гэтую магчымасьць, бо вакцыны — для людзей. Палітыка тут ні да чога», — падкрэсьліў дыплямат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG