Па словах Сапрыкінай, у размове зь ёю дырэктарка гімназіі Сьвятлана Лебедзева назвала гэтых літаратараў «ворагамі народу» і «памагатымі фашыстаў», дадаўшы, што яны «былі заслужана схоплены НКВД і закатаваныя за свае злачынствы», а «іх вершы можна абмяркоўваць толькі на вашых багемных кухнях».
Як сьцьвярджае настаўніца, пасьля гэтага ёй было абвешчана, што калі яна сама ня сыдзе са школы, то яе звольняць паводле артыкула «страта даверу». У выніку Сапрыкіна напісала заяву аб звальненьні.
Камэнтуючы падзею для «Новой газеты», намесьніца дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Тацяна Судакова-Голербах заявіла, што Сапрыкіна адпрацавала ўсяго некалькі месяцаў, а звольнілася проста таму, што «знайшла сабе іншае месца».
Заснавальнік літаратурнага Аб’яднаньня рэальнага мастацтва (ОБЭРИУ), паэт і драматург Аляксандар Увядзенскі быў арыштаваны савецкай уладай у 1941 годзе пасьля даносу і абвінавачаны ў контрарэвалюцыйнай агітацыі. У тым жа 1941-м ён памёр падчас этапаваньня з Харкава ў Казань. Увядзенскаму было 37 гадоў.
Сябра ОБЭРИУ, пісьменьнік Данііл Хармс, які сябраваў з Увядзенскім, таксама быў арыштаваны пасьля даносу ў 1941 годзе. Памёр годам пазьней ва ўзросьце 36 гадоў у псыхіятрычным шпіталі пецярбурскай турмы «Кресты».
У 60-х гадах XX стагодзьдзя літаратараў рэабілітавалі. Многія творы Ўвядзенскага і Хармса былі апублікаваныя толькі ў канцы 1980-х, у гады перабудовы.